31 ліпеня г. г. Ян Павел ІІ зацвердзіў і рэкамендаваў да публікацыі «Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла пра супрацоўніцтва мужчыны і жанчыны ў Касцёле і ў свеце».

Дакумент падпісаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер.

У каталіцкім друку ўжо неаднаразова падкрэслівалася своечасовасць і актуальнасць гэтага ватыканскага дакументу, бо ён вельмі выразна акцэнтуе ўвагу на хрысціянскай візіі мужчыны і жанчыны. Ліст таксама ўказвае на памылкі некаторых сучасных антрапалагічных тэндэнцый, такіх як, напрыклад, фемінізм, які засяроджваецца на праблеме падпарадкавання жанчыны мужчыну і тым самым правакуе «барацьбу полаў».

Падкрэсліваючы характэрныя рысы асобы чалавека, Кангрэгацыя Веравучэння імкнецца тым самым звярнуць нашу ўвагу на каштоўнасць формаў грамадскага жыцця, якія спрыяюць умацаванню годнасці гэтай асобы. Па сутнасці, новы ватыканскі дакумент — гэта адначасова заклік і просьба аб нязменнай і заўсёднай павазе да чалавека — мужчыны і жанчыны, створаных на вобраз і падабенства Божае.