14 жніўня ў Кракаве на 93-м годзе жыцця памёр Чэслаў Мілаш, – лаўрэат Нобелеўскай прэміі, паэт, публіцыст, філосаф і грамадскі дзеяч, чыя творчая спадчына належыць усяму чалавецтву. Не толькі таму, што ён нарадзіўся і пражыў гады юнацтва на Віленшчыне, як паэт фармаваўся ў Польшчы на польскай хвалі постмадэрнізму, жыў у Парыжы і ў Амерыцы ў эміграцыі, выкладаў ва універсітэце ў Бэрклі, быў доктарам honoris causa ў Мічыгане і прафесарам Каліфарнійскага універсітэта. Праз свой паэтычны варштат ён прапусціў немалы вопыт мінулага і будучыні, «нырнуў і прабіўся на другі бок», але застаўся вялікім польскім паэтам, самабытным і непадражальным, чый патэнцыял будзе рухавіком яшчэ многіх пакаленняў. Чэслаў Мілаш – мілы беларускай культуры, таму што сам даваў зразумець, што яна яму — не чужая. Стылёва мова Чэслава Мілаша набліжаная да беларускай, таму што гэта – мова Віленшчыны.

У вершы «Мой дзед Зыгмунт Кунат» паэт напісаў: «...Фатаграфія з шасцідзесятых гадоў дзевятнаццатага стагоддзя, і вось я, у позняй старасці, выбіраюся, каб удзельнічаць у дзіцячых гульнях дзеда.
...Над знаёмым возерам, куды ён цяпер кідае камянькі, пад ясенямі, якія потым знойдуцца ў маіх вершах...».

Гэты біяграфічны верш, як і ўсё вялікае і вартаснае, звязанае з прыгожым прозвішчам Мілаш, ахвяраваны на паяднанне, на ўзаемную міласць, любоў, заступніцтва за пакрыўджаных тут, у аўры Вострай Брамы. Чэслаў Мілаш заступаўся не раз за нашу культуру, нашы правы, таму што на Беларусі ёсць шмат мясцінаў, якія называюцца Мілашы, Мілашова.

Беларускую мову ён ведаў з часу вучобы ў Вільні, з дзяцінства, а ў яго вершах, асабліва ў зборніку «То», ёсць беларускія словы.

Літоўскую мову Мілаш пачаў вывучаць нядаўна. «Навошта?» – спыталі ў яго. – «А можа яна мне спатрэбіцца на тым свеце», – адказаў паэт.

«Мая родная верная мова,
табе я служыў.
Кожную ноч ставіў перад табою
місачкі з квеценню, каб мела ты
і бярозку,
і польнага коніка,
і гіля, якіх у памяці маю.
Шмат гадоў
была ты маёй радзімай,
бо не меў я радзімы...»

Пахавалі Чэслава Мілаша 27 жніўня. У той дзень а 11-й гадзіне мітрапаліт Кракаўскай дыяцэзіі кардынал Францішак Махарскі ў Мар’яцкай базыліцы адправіў Св. Імшу за Паэта. У «залатым доме ў пасцелі з малахіту на адну вечную ноч» прыняла Чэслава Мілаша крыпта заслужаных на Скалцы ў кляштары айцоў паўлінаў. Там спачываюць Ян Длугаш, Ігнацы Крашэўскі, Адам Аснык, Караль Шыманоўскі і Станіслаў Выспянскі.

Папа Ян Павел ІІ прыслаў сям’і Мілашаў, Кракаву і ўсяму свету словы спачування і смутку. І мы, яго прыхільнікі, смуткуем і плачам. І молімся за вечны спачын яго душы.

Данута Бічэль