Працяг. Пачатак у №11 за 2003 г. >>>

Базыліка святога Лаўрэнція на вуліцы Цібурціна, ці, як гавораць, «за гарадскімі мурамі» (San Lorenzo fuori le mura), паўстала яшчэ ў часы імператара Канстанціна, які валадарыў з 306 да 337 года. Яна была пабудавана ўнутры цяперашніх могілак Верано, дзе ў той час знаходзіліся катакомбы, сярод якіх быў склеп святога архідыякана Лаўрэнція, што загінуў за веру Хрыстову ў 225 г. падчас пераследу. Руіны таго храма былі знойдзены археолагамі ў мінулым стагоддзі. Узведзеная з цэглы базыліка пакутніка Лаўрэнція мела тры навы, падзеленыя аркамі (святло падала з вялікіх вокнаў цэнтральнай навы). Значную частку падлогі займалі мемарыяльныя дошкі, і вернікі атрымлівалі моц святога, рэліквіі якога знаходзіліся пад падлогай (пасля нават сцены выкарыстоўваліся для пахавання хрысціянаў у нішах). У зале праводзілі пахавальныя цырымоніі і памінкі, але набажэнствы там былі не рэгулярна, за выключэннем дня святога Лаўрэнція.

Гэты касцёл знаходзіўся ў добрым стане аж да IX ст., нягледзячы на тое, што напрыканцы IV ст. яго трываласць была пашкоджана апоўзнем з блізкага ўзгорка. Несумненна, што гэта падштурхнула Папу Пелагія ІІ (579–590) да пабудовы новага храма. Будаўніцтва пачалося на схіле ўзгорка, дзе адразу былі знойдзены старажытныя могілкі. Базыліка яшчэ і сёння добра захоўвае свой першапачатковы выгляд, нягледзячы на панаўленні ў Сярэднявеччы. Цэнтральная нава трымаецца на дванаццаці мармуровых калонах — толькі праз яе вокны святло трапляе ў храм і разыходзіцца па бакавых галерэях, дзе адчуваецца візантыйскі ўплыў. Так будавалі базылікі з часоў імператара Канстанціна, калі Рымская імперыя пашыралася на Усход.

Купал апсіды ўпрыгожаны мазаікай, аб яе багацці сёння сведчыць толькі дэкарацыя аркі, дзе паказаны Хрыстус на троне. Злева ад Яго стаяць святыя Павел, Іпаліт і Стэфан, справа — Пётр і Лаўрэнцій, побач з імі — Папа Пелагій з мадэллю базылікі ў руках. Стаўшы адным з самых важных санктуарыяў для пілігрымак, базыліка патрабавала грунтоўнай рэстаўрацыі ў часы Папы Адрыяна І (772–795), які пакінуў важкі след амаль ва ўсіх касцёльных фундацыях сярэднявечнага Рыма. У 1100 г. у храме пабудавалі велічную амбону і табэрнакулюм — цудоўны купал з крыжам, пад якім захоўваецца Святое Прычасце. Пакрыццё купала было рэстаўравана ў XVIII ст., а ўсё астатняе захавалася ў першапачатковым выглядзе. Паміж XII і XIIІ стагоддзямі вакол касцёла ўзвялі сапраўдную крэпасць, якую называлі «Лаўрэнціополіс» (яна прастаяла да эпохі Адраджэння).

Спачатку базыліка знаходзілася на значна меншым узроўні і была далучана да касцёла Найсвяцейшай Багародзіцы — такім чынам атрымалася адзіная вялікая святыня. Пачынальнікам перабудовы храма, якая стала канчатковай, быў кардынал-канцлер Чэнціо Савэллі, яшчэ перад тым як стаць Папам пад імем Ганорый ІІІ (1216–1226).

Старажытная частка базылікі была пашырана, адноўлена цэнтральная падлога, пабудавана новая крыпта святога Лаўрэнція, узведзена біскупская катэдра, а таксама саркафаг у рымскім стылі кардынала Фіескі, памерлага ў 1256 годзе. Быў пабудаваны і кляштарны двор. Увогуле працы працягваліся 50 гадоў і скончыліся ў 1250 годзе. Цяпер ужо 22 калоны падтрымлівалі цэнтральную наву базылікі — выдатная праца рымскіх мармуршчыкаў, якія ўпершыню ўзвялі такія вялікія калоны ў храме. Базыліку ўпрыгожвалі яшчэ не менш як 50 гадоў. У апошняй чвэрці XIII ст. быў намаляваны цыкл фрэсак, прысвечаных святым Лаўрэнцію і Стэфану. Гэтыя фрэскі адрозніваліся ад тагачасных, распаўсюджаных у Рыме і Асізі. Да таго ж была пабудавана вялікая рымская званіца і порцік, якія надалі базыліцы яе цяперашні выгляд. На працягу двух наступных стагоддзяў адбываліся толькі нязначныя рэстаўрацыйныя працы на званіцы і на вялікіх сходах. У 1704 г. перад базылікай святога Лаўрэнція пабудавалі вялікі паўкруглы пляц і паставілі памятную калону. Пасля таго як на пачатку XIX ст. за базылікай рэканструявалі могілкі Верано, Папа Пій IX пачаў у старажытнай частцы будаўніцтва пахавальнай капліцы Папы Пелагія. Той жа Пій IX даў пачатак адраджэнню традыцыі служыць Імшу каля памятнай калоны святога пакутніка Лаўрэнція, бронзавая статуя якога ўпрыгожвала яе вяршыню. Яшчэ раз базыліку рэстаўравалі ў 1857–1864 гг. Былі зняты наслаенні часоў Адраджэння і барока, і базыліка святога Лаўрэнція стала самай абваражальнай па сваёй чысціні. У значнай частцы святыня была адбудавана нанава пасля бамбардзіроўкі 19 ліпеня 1943 года, калі ў яе трапіла бомба. Падчас рэстаўрацыі ўжывалі арыгінальныя матэрыялы, а для ўпрыгожвання касцёла выкарыстоўвалі каштоўныя археалагічныя знаходкі, сярод якіх два цудоўныя саркафагі: адзін (з эпізодамі Старога і Новага Запаветаў) паходзіць з другой паловы IV ст., другі (упрыгожаны вінаграднымі гронкамі), датуецца VI стагоддзем.

У наступнай нашай гутарцы мы раскажам пра самую юбілейную рымскую базыліку — Святога Крыжа Ерузалемскага — Santa Croce in Gerusalemme.

Працяг у №10(113) 2004 >>>
Сяргей Кірык