Размова з а. Джонам Гібсанам, стрыечным братам Мэла Гібсана

Ксёндз Джон Лорэнс Гібсан у сакавіку 2004 г. уступіў у навіцыят Кракаўскай Правінцыі Кармелітаў Босых у Чэрней. Ён даводзіцца стрыечным братам акцёру і рэжысёру Мэлу Гібсану. У манаскім ордэне атрымаў імя Джон ад Духа Святога. Нарадзіўся 16 жніўня 1951 г. непадалёку ад Чыкага. Ён —старэйшы з трынаццаці дзяцей, з якіх чацвёра сталі святарамі, дзве — манахінямі, а трое — свецкімі кансэкраванымі. Усё сваё святарскае жыццё а. Джон прысвяціў служэнню найбольш убогім. На працягу многіх гадоў працаваў разам з Маці Тэрэзай з Калькуты.

— З трынаццаці братоў і сясцёр ажно чатыры браты з Гібсанаў сталі святарамі, дзве сястры — манахінямі, а тры свецкія асобы прысвяцілі сваё жыццё Богу. Як сям’я павінна супрацоўнічаць з Божай ласкай, каб атрымаць такі дар?

— Трэба быць разам. Калі сям’я моліцца, то праз некаторы час са здзіўленнем адкрывае, што яе сапраўдным айцом з’яўляецца... сам Бог. І аказваецца, што твая сям’я — гэта не толькі браты і сёстры, з якімі жывеш, але таксама прыяцелі з тваёй школы і з твайго двара!

— Ці часта вы маліліся разам з бацькамі?

— А як жа. Штодзённа мы хадзілі з імі на Святую Імшу.

— Штодзённа? І вы, як дзеці, не бунтаваліся? Няўжо вам не хацелася замест гэтага, напрыклад, пагуляць у мяч?

— Не, мама прывучала нас да дысцыпліны. Акрамя таго, нашыя бацькі мелі два прыярытэты: супольная Святая Імша і супольны спорт (смяецца). Мы ігралі ў амерыканскі футбол, у валейбол, у баскетбол. У нас гэта добра атрымлівалася. Цяжка было выйграць у Гібсанаў. Мы спрабавалі таксама іграць у гольф, але гэтая гульня для нас надта павольная і нуднаватая. Да таго ж мы ўвесь час гублялі мячык. Сямейны спорт мае вялікае значэнне: ён вучыць быць дружнай сямейнай камандай.

— І вы такімі з’яўляецеся?

— Так. Хоць мы і параскіданыя па ўсім свеце, а некаторыя з нас жывуць за зачыненымі дзвярыма кантэмпляцыйных ордэнаў, мы добра ведаем, што адбываецца ў жыцці кожнага з нас...

— Вы, як старэйшы з братоў, першым абралі святарскі шлях. Як адрэагавалі вашыя бацькі?

— Яны былі незвычайна шчаслівыя, у адрозненне ад маёй дзяўчыны, якая ўжо нават думала пра сужэнства... Мае прыяцелі ўвесь час мне казалі, што яна — найпрыгажэйшая дзяўчына ва ўніверсітэце. А там вучылася больш за 18 тысяч студэнтаў! (смяецца). Яна была ў стане шоку. Калі мае малодшыя браты ўбачылі, які я шчаслівы ў святарстве, то пайшлі па маіх слядах. Але ніхто не ўступіў у той жа ордэн, што і я. Мы «іграем» у розных «клубах»...

Я стаў езуітам, пазней быў дыяцэзіяльным місіянерам Маці Тэрэзы з Калькуты, цяпер жыву ў ордэне кармелітаў. Гэта адбылося дзякуючы чытанню працаў св. Яна ад Крыжа і св. Тэрэзы Авільскай. Яны так мяне ўсхвалявалі, што... я пайшоў слядамі святых. Я цалкам паддаюся ласцы Езуса. Гэтаму вучыла мяне Маці Тэрэза, якая заўсёды ўглядалася ў Малую Тэрэзу. Некалькі вялікіх святых і... адзін малы брат Джон. Я заўсёды малюся за ўбогіх. Я ніколі б не ўвайшоў у супольнасць, якая ігнаруе ўбогіх.

— Напэўна, многія з тых, хто сустракаецца з Вамі, не кажуць «гэта айцец Джон», але «гэта стрыечны брат славутага Мэла Гібсана». Ці не перашкаджае гэта Вам?

— А ў гэты ж час Мэл па электроннай пошце атрымлівае ліст: «Ці не з тваёй сям’і паходзяць чатыры вядомыя святары?» (смяецца).

— Але адкажыце шчыра: гэта дапамагае ці перашкаджае?

— Дапамагае. Дзякуючы гэтаму я магу расказваць пра Бога. Калі б я не быў братам Мэла Гібсана, хто б запрасіў мяне на малітоўнае чуванне ў Катавіцы? (ізноў смяецца).

— Ці здзівіў Вас Мэл «Мукамі»? Ці спадзяваліся Вы на такі фільм?

— Так. Ведаеце чаму? Бо мы ў сям’і вельмі клапоцімся пра тое, на якім этапе духоўнага развіцця знаходзіцца кожны з нас. Гэта для нас вельмі важна. Ужо ў фільме «Патрыёт» Мэл пачаў паказваць сцэны, якія бачыў у нашай сям’і. Напрыклад, малітва з дзецьмі ў стужцы — гэта вобраз з нашага дзяцінства. Я адчуваў, што неўзабаве ён створыць «Мукі». Ці магло гэта здзейсніцца, калі б у яго сям’і не было святароў і сясцёр законных? Не ведаю, гэта таямніца самога Бога.

— Як Вы апынуліся на Усходзе?

— Польшча не з’яўляецца для мяне Усходам. Усход для мяне — гэта, напрыклад, Албанія. Я падарожнічаў па Албаніі з адной незвычайнай асобай. Яе імя... Маці Тэрэза з Калькуты. Гэта было дванаццаць гадоў таму назад. Я суправаджаў яе з 1985 г. ажно да моманту яе смерці. Калі ў Албаніі была звергнута камуністычная сістэма, місіянерка запрасіла мяне ў гэтую краіну. Тое, што там убачыў, я запомніў на ўсё жыццё. Гэта самая бедная краіна ў свеце! У албанцаў не было мыла, зубной пасты, абутку, а шкарпэткі літаральна разыходзіліся ў іх на нагах. За знак крыжа ці прывітанне святара на вуліцы ім пагражала кара ад чатырох да дванаццаці гадоў турмы строгага рэжыму. Біскупаў катавалі, святароў забівалі. Я быў адзіным святаром на семдзесят вёсак і мястэчак! І працаваў там тры гады. За гэты час я заснаваў сорак парафій і ахрысціў каля 5 тыс. чалавек. Я не лічу Польшчу Захадам. Мой вопыт у гэтай краіне іншы.

— Які?

— У краінах, дзе я жыў раней, мне давялося спазнаць магутную сілу цярпення. Так было ў Албаніі, у Карэі, у Сьера-Леонэ. У Польшчы на кожным кроку я адчуваю вялікую моц малітвы. Тут яе публічна маніфестуюць, праяўляюць. Я ж глыбока веру ў тое, што моц малітвы і моц цярпення з’яднаныя ў Езусе Хрысце ў адзінае цэлае — у моц любові.

— Сучасны свет уцякае ад цярпення. Многія маладыя людзі нават не хочуць пра яго чуць і, урэшце, уцякаюць з-пад крыжа.

— Цікава, ці моляцца яны? Калі б яны сапраўды стараліся маліцца, калі б сапраўды імкнуліся знайсці Бога і адкрывалі, што Ён — гэта не тэлевізар, музыка, кампутар і грошы, то хутка спазналі б, што любоў да самога сябе — гэта вельмі малы, зачынены, наглуха замкнёны пакойчык, а адзіным акном, праз якое яны глядзяць на свет, з’яўляецца... люстэрка. І тады такія людзі пачалі б разумець, што адзінае выйсце з такой сітуацыі — зрабіць крок насустрач іншаму чалавеку, палюбіць яго, праславіць Таго, хто стварыў гэтага чалавека. Тады яны стануць здольнымі любіць да такой ступені, што будуць імкнуцца цярпець дзеля іншай асобы. Той, хто пазбягае цярпення, не ведае, што значыць любіць.

— Многія біскупы на Захадзе Еўропы абвінавачваюць стваральнікаў стужкі «Мукі Хрыстовы» ў занадта вялікай жорсткасці і эпатажнасці цярпення...

— О-о-о, наконт гэтага мне ёсць што сказаць. Я раскажу вам, што бачыў у Афрыцы. Там людзі вельмі хацелі б убачыць фільм Мэла, але гэта немагчыма, бо яны надта бедныя.

Калі я глядзеў гэты фільм, то бачыў Кагосьці, хто цярпеў нечалавечыя мукі, але ў маёй галаве таксама пульсавала адна думка: я ведаю асобаў, якія цярпелі падобнае! Напрыклад, мае прыяцелі з Сьера-Леонэ. Гэта — ахвяры вайны. Аднойчы я сустрэў там чалавека настолькі скатаванага, што нельга было пазнаць яго твару. Замест вачэй у гэтага чалавека былі дзве маленькія шчылінкі, носа не было ўвогуле, а голас даносіўся аднекуль з патыліцы. Настолькі скалечаны быў ягоны твар. Я размаўляў з жанчынамі, якія расказвалі пра перажытыя трагедыі. Расказвалі, як мяцежнікі ўваліліся да іх на падворак, паставілі ў шарэнгу маленькіх дзяцей і пыталіся: «Кароткі ці доўгі рукаўчык?». Калі маці адказвала «доўгі», злачынцы адсякалі дзецям далоні, калі «кароткі» — цэлую руку. А калі маці нічога не адказвала (бо як можна адказаць на такое пытанне?), адсякалі і рукі, і ногі дзецям і маці. Жудасная жорсткасць. Я сустрэў людзей, якім прабiвалі верхнюю і ніжнюю губу, замыкалі на замок, а ключ выкідалі. Кожны дзень я сустракаў такіх людзей! Яны малілі аб дапамозе, леках, ежы... І мяне здзіўляе, што некаторыя ўбачылі ў «Муках» занадта шмат цярпення. Дзве тысячы гадоў усе мы ведаем, як цярпеў Езус. Калі я гляджу на Турынскую Плашчаніцу, то бачу знявечанае цела Бога. Таму, калі я чую падобныя выказванні, мне здаецца, што гэтыя людзі не маюць уяўлення пра падзеі ў трэцім і чацвёртым свеце! Не ведаюць гэтага страшэннага цярпення мільёнаў!

Адна мая сяброўка ўвесь час закрывала твар анучай, бо людзі палохаліся таго, што ўяўлялі сабой рэшткі яе твару! Яна саромелася і хавала яго. Я сказаў: «Не бойся, адкрый твар. Я не ўцяку, не спалохаюся яго, абяцаю!». Яна адкрыла. Гэтая жанчына вельмі палюбіла Бога, і я асабіста падрыхтаваў яе да Святой Камуніі. Яна літаральна разумела тое, што абвяшчае Езус, яна перажыла Евангелле «на ўласнай скуры». З мусульманства яна перайшла ў хрысціянства, бо ў Езусе знайшла... свайго брата. Іх аб’яднала цярпенне. Яна атрымала спакой і радасць. Чаму? Бо прасіла аб гэтым. А той, хто просіць, заўсёды атрымлівае!

У адзінаццатым раздзеле Кнігі Осіі Пан кажа, што Яго сэрца скамечанае: «Павярнулася ўва Мне сэрца Маё, загарэлася шкадоба Мая!» (пар. Ос 11, 8). Цікава, што тут ужываецца тое ж слова, што і пры апісанні... разбурэння Садома і Гаморы! Сэрца Бога раскрышанае, сцёртае ў попел. Ён так любіць! Гэта паказвае фільм Мэла.

— Калі Вы бачыце дзяцей з адсечанымі ручкамі і скалечанымі роцікамі, ці не ўзнікае жадання маліцца, каб Езус ужо прыйшоў на зямлю?

— Не. Першае маё жаданне, каб знайшоўся нехта, хто даў бы мне грошы на лекі, ежу і адзенне для гэтых бедакоў! Бо тады нават з адсечанымі ручкамі яны змогуць спазнаць радасць і любоў Езуса! У мяне ёсць фотаздымкі з маімі скалечанымі сябрамі. Яны стаяць на іх побач са мной і ўсміхаюцца. Любоў Езуса лечыць любую душэўную рану! У Сьера-Леонэ людзі кажуць: «Калі бачыш сястру без рукі, ты можаш быць яе рукой, калі заўважыш брата без нагі, будзь яго нагой». Гэта перафразаванне словаў святога Паўла пра члены Хрыстовага цела.

— Новая вясна Касцёла расце на крыві мучанікаў?

— Так! Сто гадоў таму назад у Афрыцы было толькі 400 000 католікаў, цяпер іх больш за 120 мільёнаў! Гэта сапраўдны жывы Касцёл...

— Магчыма, ужо праз некалькі гадоў місіянеры з Афрыкі прыедуць у Ірландыю і Францыю, каб абвяшчаць Езуса?

— Але ж гэта ўжо адбываецца! У кожнай вялікай дыяцэзіі Злучаных Штатаў ёсць прынамсі два місіянеры з Нігерыі, Кеніі ці іншых афрыканскіх краінаў.

— А Вы ўвесь час у дарозе?

— Дзякуй Богу, так! З 1976 года, калі ўпершыню наведаў Карэю, я ўвесь час падарожнічаю. Слухаю Пана і еду туды, дзе Яму патрэбны. (...)

Гутарылі
Марцін Якімовіч і Міхал Налівайка,
«Gość niedzielny», № 24 за 2004 г.