27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку, Арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI у г. Брэшыя (Італія), падчас сімпозіума, прысвечанага 25-й гадавіне заснавання Інстытута.

Папа адзначыў, што «ўзнагарода Fidei testis — гэта тытул, які больш за ўсе іншыя адпавядае хрысціяніну, а яшчэ больш пастыру, які мае кардынальскую годнасць і які даў вернае і мужнае сведчанне Хрысту і Яго Евангеллю ў цяжкія гады пераследу Каталіцкага Касцёла ва Усходняй Еўропе».

«У хуткім часе пасля Вашага святарскага пасвячэння, — нагадаў Папа, — Божы Провід паклікаў Вас прайсці па via crucis (крыжовым шляху — заўв. рэд.) пераследу, супольным з пакутамі хрысціянскага народа, даверанага Вам, асабіста несучы крыж зняволення, несправядлівага абвінавачвання і цяжар катаржнай працы ў лагерах у знясіленасці, голадзе і холадзе».

Узгадваючы словы кардынала «Магчыма было выжыць толькі дзякуючы веры», Ян Павел ІІ сказаў: «І Пан Бог адарыў Вас моцнай і мужнай верай дзеля таго, каб вытрываць у гэтым доўгім і цяжкім выпрабаванні, пасля якога Вы вярнуліся ў супольнасць Касцёла як яшчэ больш годны веры сведка Евангелля: Fidei testis».

«Словам і прыкладам, — завяршыў Святы Айцец, — Вы аб’явілі ўсім, як веруючым, так і няверуючым, праўду Хрыста — Святла, якое асвячае кожнага чалавека».

Vatican.Va (VIS)

Як паведамілі ў Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску, падчас атрымання ўзнагароды з рук Папы Яна Паўла ІІ кардынал Казімір Свёнтэк уручыў Святому Айцу экзэмпляр «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі», які стаў першым у свеце зацверджаным перакладам на нацыянальную мову трэцяга выдання Рымскага Імшала (Missale Romanum), а таксама перадаў галаве Касцёла ружанец – падарунак каталіцкай моладзі Беларусі. З удзячнасцю прымаючы дар, Папа пацалаваў крыж на ружанцы.



Рэдакцыя часопіса “Ave Maria” сардэчна віншуе ксяндза кардынала з гэтаю высокаю ўзнагародаю, а таксама з юбілеем 90-годдзя, які наш арцыпастыр адзначае 21 кастрычніка.

Шчыра жадаем Яго Эмінэнцыі моцнага здароўя, нястомнай апекі Маці Міласэрнасці і шчодрай Божай Ласкі на яшчэ доўгія гады шчаслівага служэння Каталіцкаму Касцёлу.