Усё невядомае звычайна выклікае ў чалавека страх і зацікаўленасць адначасова. Тым больш, калі гэта датычыцца ягонага лёсу. Таму не дзіўна, што чалавечым думкам аб смерці і аб тым, што адбудзецца пасля яе, увесь час спадарожнічаюць гэтыя два пачуцці. Не свабодныя ад іх таксама і мы, веруючыя.

Нашая памяць, хутчэй за ўсё, яшчэ захоўвае выразы з «Катэхізіса»: «апошні суд», «уваскрашэнне цела», «Бог — суддзя справядлівы, які за добрае ўзнагароджвае, а за дрэннае карае». Можа, узгадваюцца евангельскія прыпавесці, сярод якіх адны паказваюць нястомную любоў Бога, які да апошняга моманту шукае згубленага чалавека, іншыя ж расказваюць пра «печ вогненную», дзе будуць «плач і скрыгат зубоў». Зацікаўленасць і страх. Магчыма, крупінка надзеі... Таму, можа, варта крыху ўпарадкаваць тое, што мы ведаем, і тое, чаго не ведаем пра наш будучы лёс. У першую чаргу для таго, каб знайсці больш месца для надзеі.

У Новым Запавеце вельмі стрымана гаворыцца пра тое, што нас чакае. Ні для Езуса, ні для апосталаў не было важным задаволіць чалавечую цікавасць. Тое, што адбываецца з чалавекам пасля смерці, у Евангеллі апісана перадусім як вынік і працяг сувязі з Богам, якую чалавек наладзіў падчас зямнога жыцця.

Згодна з традыцыяй і дадзенымі Новага Запавету можна акрэсліць некаторыя, дастаткова агульныя, праўды. Наш будучы лёс мае нібыта два вымярэнні: першы датычыцца нас індывідуальна, другі датычыцца ўсёй супольнасці людзей і лёсаў свету. Бог прагне, каб грэх быў пераможаны ў чалавеку як асобе, але Ён таксама прагне пераадольвання вынікаў граху ў грамадстве і ў свеце. Паяднанне з Богам магчыма дзякуючы прабачэнню грахоў праз удзел у смерці і ўваскрасенні Езуса, таму ў будучым жыцці яго плёнам павінна стаць як знішчэнне зла, якое з’яўляецца вынікам індывідуальных рашэнняў, так і вяртанне свету гармоніі. Аднак гэта павінна адбыцца толькі «на сканчэнні вякоў», пасля хвалебнага вяртання Хрыста на зямлю, уваскрашэння цела тых, хто памёр раней, і перамены тых, хто жыве па прыкладзе Хрыста. У Апакаліпсісе св. Яна так апісваецца гэты новы, пераменены стан: «Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і людзі будуць Ягонымі, і сам Бог будзе з імі, іхні Бог. Бог сатрэ з вачэй іхніх кожную слязу, і смерці ўжо не будзе, не будзе ўжо ні жалобы, ні галашэння, ні болю, бо ўсё былое мінула» (Ап 21, 3-4). Поўня нашага паяднання з Богам, з іншымі, цалкавітая гармонія свету — вось тое, чаго Бог жадае для нас.

Безумоўна, мы няшмат ведаем пра дэталі гэтага новага існавання. Мы не ведаем, як будзем выглядаць пасля ўваскрашэння, і як будзе выглядаць пераменены свет. Напэўна, самым вялікім невядомым з’яўляецца тое, якім чынам адбудзецца наш пераход да новай рэчаіснасці. У хрысціянскай традыцыі замацаваўся звычай адлюстроўваюць яго ў катэгорыях «суда».

Такі вобраз выкарыстоўваецца ўжо ў Старым Запавеце, і не дзіўна, што часам ён выклікае ў нас неспакой, бо, здаецца, ён дае такое ўяўленне пра Бога, якое вельмі цяжка суаднесці з евангельскімі прыпавесцямі пра міласэрнага Айца альбо згубленую авечку. Не палягчаюць справы і шматлікія творы мастакоў, для якіх матыў суда Бога над светам станавіўся (часам) нагодай для таго, каб паказаць вытанчаныя кары, якія нібыта павінны сустрэць шматлікія натоўпы адкінутых Богам. За намі цягнуцца таксама стагоддзі, багатыя на казанні, у якіх матыў суда і вечнай згубы выконваў ролю своеасаблівага пужала, і які павінен быў «дапамагаць» хрысціянам весці маральна бездакорнае жыццё. Акрамя таго, вобраз суда мы суадносім з нашым чалавечым правасуддзем: у яго рукі трапляюць злачынцы, і вынікам гэтага сутыкнення з’яўляецца — ці павінна быць — пакаранне. Здараецца, што суд дапускае памылкі. І, урэшце, у чалавечым судзе няма месца для любові і міласэрнасці.

Таму не трэба здзіўляцца, што вобраз Бога-Суддзі не выклікае ў нас сімпатыі. Аднак нават Евангелле выкарыстоўвае вобраз суда побач з вобразамі, якія паказваюць любоў Бога да чалавека, міласэрнасць, з якой Ён схіляецца над грэшнікам. Як прымірыць гэтыя вобразы? З нашага пункту гледжання справядлівасць выключае міласэрнасць, а міласэрнасць перакрэслівае справядлівасць. Аднак, мабыць, з Божага пункту гледжання справы выглядаюць крыху інакш...

Перадусім мы павінны ўсвядоміць, які вобраз Бога дамінуе ў Новым Запавеце. І тут адказ ясны: «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бог не паслаў Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў праз Яго збаўлены» (Ян 3, 16-17). Мэта Божага дзеяння — збаўленне, шчасце, поўня жыцця чалавека, а яго матыў — любоў да нас. У Божым судзе ні матыў, ні мэта не адтэрмінаваны, не скасаваны. Ён судзіць, каб збавіць.

Бог судзіць, каб любоў і міласэрнасць уздзейнічалі на чалавека і на свет.

Якім чынам гэта магчыма? Спачатку варта ўсвядоміць, што ў старажытныя часы суд служыў перадусім для таго, каб рассуджваць спрэчкі. Таму грэцкае слова krinein — «судзіць» — можа таксама мець значэнне «вырашаць», «размяркоўваць». Суд асацыіруецца ў нас перадусім з вынясеннем прыгавора. У біблейскіх вобразах гаворка ідзе хутчэй пра размеркаванне і распазнаванне, чым пра прысуд. Дастаткова ўзгадаць прыпавесць пра куколь (пустазелле), які падчас жніва павінен быць аддзелены ад пшаніцы (Мц 13, 24-30), альбо пра аддзяленне авец ад казлоў у судны дзень (Мц 25, 31-46). Унутры нас і ў свеце зло і дабро існуюць змешана, яны пераплецены паміж сабою. Божы суд пакончыць з гэтым назаўсёды. У індывідуальным вымярэнні (прыватны суд) мы будзем канчаткова ачышчаны з граху і яго вынікаў (чысцец — гэта менавіта той момант ці стан ачышчэння, праз які праходзіць чалавек). У агульным вымярэнні (апошні суд) будуць выкрыты і ачышчаны вынікі ўсіх чалавечых рашэнняў, і такім чынам зло ў свеце будзе знішчана.

А як жа пакаранне і вечная згуба? Варта ўзгадаць спачатку прыпавесць пра работнікаў у вінаградніку (Мц 20, 1-15). Гаспадар наймае іх за адзін дынар у дзень. Некаторых ён збірае на рынку амаль за гадзіну да заканчэння працы і ім урэшце таксама выплачвае дынары. Бог гатовы зрабіць усё дзеля нашага збаўлення. Нездарма Ён стаўся чалавекам і памёр за нас. Дастаткова крыху супрацоўніцтва з нашага боку, каб Ён мог злучыць нас з сабой, магчыма, праз балеснае ачышчэнне. Пагрозай для нас з’яўляецца не Бог і Ягоны суд. Пагроза — гэта мы самі, бо, на жаль, мы здольныя да таго, каб канчаткова адкінуць Бога. Аднак Ён не перастане нас шукаць, і, калі знойдзе ў нас хаця б крупінку дабра, зможа ацаліць яе, аддзяліць ад зла. Зло крыецца ў кожным з нас. Адзіная надзея на тое, што Бог нас канчаткова вызваліць ад яго праз свой суд, які з’яўляецца ні чым іншым як дапаўненнем міласэрнасці, якую Ён нам аказвае дзякуючы крыжу і ўваскрасенню Хрыста.

Кс. Гжэгаж Стшэльчык,
(«Gość niedzielny» за 2002 г.)