Радок з псальма 147-га «Добра спяваць Богу нашаму...» паслужыў лейтматывам «Музычнай майстэрні» ў старажытным мястэчку Івянец.

Тут, у касцёле св. Міхала, цудоўным па прыгажосці 300-гадовым помніку архітэктуры барока, з 19 па 24 ліпеня адбываліся маладзёжныя каталіцкія песнапенні. У гэты маляўнічы куток Мінскай вобласці з’ехаліся 170 беларускіх і польскіх спевакоў літургічнай музыкі.

Правядзенне «Музычнай майстэрні» ў Івянцы стала традыцыйным. Пачаткам міжнародных музычных сустрэч паслужыла знаёмства пробашча касцёла св. Міхала а. Леха Баханка з Янам Паспяшальскім, польскім музыкантам і спеваком з вядомага ансамбля «Чырвоныя гітары», вядучым праграмы «Studio otwarte» на польскім тэлебачанні «Puls».

У Польшчы вельмі распаўсюджана стварэнне маладзёжных каталіцкіх музычных аб’яднанняў з мэтай усхвалення Бога ў літургічных спевах.

Сам Ян Паспяшальскі паходзіць з вядомай шматдзетнай музычнай сям’і. У архітэктараў па рэстаўрацыі касцёлаў Чанстахоўскай курыі Станіслава і Дануты было дзевяць дзяцей. Бацькі і дзеці захапляліся ігрой на розных інструментах: гітары, скрыпцы, фартэпіяна, акардэоне, саксафоне, кларнэце. Стварылі свой сямейны ансамбль. У 1991 годзе сям’я Паспяшальскіх запісала свой першы альбом «Kolędy». Пазней музыканты Паспяшальскія аб’ядналіся з сям’ёй Стэчкоўскіх, і адразу з’явіліся агульныя праекты, канцэрты.

Ян Паспяшальскі прапанаваў арганізаваць пры касцёле ў Івянцы «Музычную майстэрню», каб разам са сваімі сябрамі падзяліцца вопытам праслаўлення Бога супольным спевам. Праводзіць заняткі «Музычнай майстэрні» прыехалі вядомыя музычныя дзеячы Польшчы: пастаноўкай голасу займалася Моніка Зыткэ, выкладчыца Паморскай педагагічнай Акадэміі са Слупска; заняткі хору, лекцыі па фальклоры наладжваў Ян Паспяшальскі; лекцыі па тэалогіі і сакральнай музыцы чыталі ксёндз Рафал Кабыліньскі і харысты з касцёлаў Варшавы і Любліна. У праграме заняткаў: засваенне касцёльных старажытных і сучасных песняў, простых элементаў харалу. У часе заняткаў удзельнікі «Майстэрні» мелі магчымасць навучыцца прыгожай сучаснай чатырохгалосай апрацоўцы псальмаў, грыгарыянскаму харалу. Музычную апрацоўку літургічных спеваў выканалі П. Бэнбэнэк, М. Зыткэ, І. Сукульскі, а. І. Галушка.

Творчыя музычныя заняткі дапаўняліся тэарэтычнымі канферэнцыямі на тэму літургічнай музыкі і спеваў. Заняткі праводзіліся на польскай і беларускай мовах.

У вячэрні час адбываліся спевы рэлігійных, сучасных і народных беларускіх і польскіх песняў, разважанні аб месцы Бога ў жыцці чалавека. Вячэрнія заняткі праходзілі на свежым паветры каля кляштара айцоў францішканаў.

Штодзень па напоўненым водарам кветак паветры разліваліся напеўныя мелодыі. Спантанна быў створаны міжнародны ансамбль. Удзельнікі форуму прывезлі з сабой розныя музычныя інструменты: гітары, баяны, трубы, флейты. Але такога прафесійнага тэнара, як ксёндз Рафал, не чакалі пачуць у івянецкім касцёле. Ксёндз Рафал – прафесійны оперны спявак, але ўжо восем гадоў вучыцца на святара. Сюрпрызам для ўсіх стала выкананне ксяндзом песні «Авэ Марыя» і ўрыўка з «Паслання да карынцянаў». Цудоўны голас і незвычайная музыкальнасць прыемна ўразілі ўсіх прысутных.

У нашым трэцім тысячагоддзі, калі ў свеце пануе бездухоўнасць, вельмі патрэбны мерапрыемствы, накіраваныя на адраджэнне вечных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Бездухоўнасці можа супрацьстаяць толькі духоўнае, узвышанае. Выхоўваючы ў моладзі высокія пачуцці, можна спадзявацца на перамогу над нізкімі інстынктамі, над злым духам разбурэння. А літургічныя песнапенні адухоўліваюць чалавека, узнімаюць яго над штодзённа-побытавымі праблемамі.

У гэтым годзе на «Музычную майстэрню» сабраліся вельмі сур’ёзныя, яркія, таленавітыя спевакі з Польшчы і Беларусі. Правядзенне заняткаў праходзіла на высокім узроўні. Удзельнікі форума мелі магчымасць абмеркаваць традыцыйныя і сучасныя апрацоўкі літургічных спеваў, абмяняцца ўражаннямі, паразважаць аб хрысціянскіх каштоўнасцях.

Атмасфера спаткання моладзі дзвюх краінаў дала магчымасць раскрыцца многім талентам, бо сумесныя спевы на хвалу Бога дапамагаюць адкрыцца на найвышэйшыя каштоўнасці, маюць сілу перамяняць чалавека да лепшага. Ксёндз Рафал пасля заканчэння заняткаў сказаў, што, хоць мерапрыемства называецца «Майстэрня», але дзякуючы музыцы чалавек сустракае ў ім Бога, як на духоўных практыкаваннях.

У правядзенні «Музычнай майстэрні» ўсё было прадумана да дробязяў, пачынаючы ад сустрэчы гасцей, размяшчэння і заканчваючы выставай традыцыйных керамічных вырабаў. І ў гэтым вялікая заслуга івянецкіх святароў, якія разам з польскімі харыстамі і мясцовымі парафіянамі пастараліся добра арганізаваць гэта мерапрыемства. Дзякуй Богу, што ёсць людзі, якія выхоўваюць моладзь на аснове хрысціянскіх традыцый.

Спадзяюся, што правядзенне «Музычнай майстэрні» на старажытнай івянецкай зямлі стане традыцыйным. Калі бачыш незвычайную цікавасць івянчанаў і саміх удзельнікаў майстэрні, перапоўнены вернікамі касцёл, чуеш прыгожыя меладычныя спевы – гэта радуе. Думаю, што ў такіх мерапрыемстваў ёсць будучыня, бо ўслаўленне Бога – вечнае. Хацелася б, каб і ў далейшым ідэя правядзення такога форума не згасла, а наадварот, прыцягвала да сябе новых зацікаўленых людзей.

Галіна Сабалеўская,
г. п. Івянец.
Фота а. Леха Баханка