(да пяцігоддзя Віцебскай дыяцэзіі)

Кожны з нас імкнецца ў жыцці да парадку і пэўнасці. Парадак дапамагае чалавеку трымаць у належным стане штодзённыя справы, пэўнасць спрыяе найлепшаму, аптымальнаму размеркаванню сіл на шляху да жаданай мэты. Уладкаванасць і пэўнасць — вызначальныя як у жыцці ўсяго грамадства, так і ў функцыянаванні яго структур і асобных людзей. Ці не тое самае датычыць і жыцця рэлігійнага, бо ўжо ў самім азначэнні таго, дзеля чаго мы збіраемся разам падчас Святой Імшы ці супольнае малітвы, закладзена абавязковасць і пэўнасці, і ўладкаванасці. Пра ўсё гэта найперш падумалася, калі атрымаў рэдакцыйнае заданне напісаць колькі старонак да 5-годдзя роднай Віцебскай дыяцэзіі.

Католікі Віцебшчыны спаконвеку належалі да дзвюх архідыяцэзій: усходнія — да Мінска-Магілёўскай, заходнія — да Віленскай, адпаведна з колішнім адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем беларускіх земляў. І тыя, і другія напоўніцу зведалі і няпэўнасць свайго статус-кво падчас ваеннага ліхалецця, і варункі намінальнае прыналежнасці да сваіх «цэнтраў» у пасляваенны перыяд, і наступствы антырэлігійнае прапаганды. Асабліва ў незайздросным становішчы апынуліся на той час рыма-католікі ўсходніх раёнаў, дзе ў выніку барацьбы ваяўнічага атэізму з вераю амаль усе святыні былі ці знішчаныя, ці, у лепшым выпадку, зачыненыя на дзесяцігоддзі, а ксяндзы і сёстры законныя адлучаныя ад кантактаў са сваімі вернікамі. Як і паўсюль на Беларусі, становішча пачало тут мяняцца да лепшага з прызначэннем у 1989 годзе біскупам для католікаў краіны ксяндза Тадэвуша Кандрусевіча.

Паводле афіцыйных звестак і раней, і на той час у Віцебскай вобласці католікі складалі самае меншае дваццаць адсоткаў ад агульнае колькасці насельніцтва, а ў заходніх рэгіёнах — абсалютную большасць. І сярод адных, і сярод другіх на пачатку 90-х гадоў душпастырскую ды іншую працу праводзілі святары і законныя сёстры з суседняе Польшчы і тыя нямногія, каму ўдалося пазбегнуць рэпрэсій у час пераследаў ці вярнуцца да выканання сваіх святарскіх абавязкаў пасля лагераў. Працы той было з каптуром, менавіта яе вынікам і сталася мажлівасць стварэння на месцы колішніх ускраінных рэгіёнаў згаданых архідыяцэзій, што і было засведчана дакументальна булаю Папы Яна Паўла ІІ ад 13 кастрычніка 1999 года, прымеркаванаю да апошняга дня аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. А 20 лістапада гэтага ж года ў віцебскім касцёле святой Барбары адбылося прадстаўленне пастыра новастворанай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна, які дагэтуль працаваў пробашчам і ўзначальваў дэканат у суседнім Магілёве.

Гасцямі віцябчанаў у той надта ж марозны і снежны для гэткае пары, але знамянальны для ўсіх дзень былі паслы шэрагу еўрапейскіх краін, іерархі Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі ўладаў. Але найлепш, бадай, перадаюць яго атмасферу гаспадары-вернікі.

«Незвычайны і шчаслівы то быў для нас дзень, — згадвае парафіянка цяпер ужо катэдральнага касцёла Святлана Дулебава. — Але галоўнае, што дзякуючы гэтай падзеі мы ўпершыню адчулі сябе паўнамоцнаю касцёльнаю структурай, неад’емнаю часткай католікаў свету».

«Стварэнне дыяцэзіі — вялікі плюс у справе ажыўлення рэлігійнага жыцця на Віцебшчыне, — лічыць пробашч катэдральнага касцёла святой Барбары а. Міхал Ермашкевіч. — Тое, што касцёл, які літаральна быў падняты з руінаў велізарнымі намаганнямі людзей, стаў галоўнаю святыняю дыяцэзіі, цэнтрам усяго дыяцэзіяльнага жыцця, паспрыяла навяртанню да Бога і веры немалой колькасці людзей».

І вось мінула пяць гадоў. Чым сёння жыве наймаладзейшая ў краіне дыяцэзія, якія здабыткі можа засведчыць для гісторыі ў дзень свайго першага юбілею?

Пра тое, што ўяўляе каталіцкае жыццё на Віцебшчыне, лепш за ўсё сведчаць факты і лічбы. Калі пяць гадоў таму тут існавалі 53 каталіцкія парафіі, то сёння іх налічваецца 82. Нашмат узрасла колькасць святароў і сёстраў законных — адпаведна з 33 да 94 і з 33 да 80. Толькі ў адным Віцебскім дэканаце працуе, да прыкладу, 12 ксяндзоў. У 1999 годзе 31 малады чалавек з Віцебшчыны навучаўся ў вышэйшых духоўных установах, сёння такіх — 46, прычым як у Беларусі, так і за яе межамі — у Польшчы, Італіі, Францыі. Па стане на юбілейны год на тэрыторыі дыяцэзіі няма ніводнага так званага «пустога» (які б не меў парафіі і святара) раёна, наадварот, шмат раёнаў, дзе маюцца парафіі і ў райцэнтрах, і на вёсках. Усяго ж у дыяцэзіі больш за 170 пунктаў абслугі вернікаў(як сталых, так і часовых). Шмат адноўлена святыняў, не менш пабудавана новых. Ксяндзы і вернікі дыяцэзіі сёння апякуюцца ўзвядзеннем 25 новых капліц і касцёлаў. Сярод іх — велічна-прыгожы санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, які з часам будзе адным з найбольш важных цэнтраў каталіцкага жыцця ва ўсёй Беларусі. Здаецца, недалёка ўжо да канчатковай рэстаўрацыі густоўнага будынка касцёла святога Юзафа ў Оршы. Даведзены да ладу касцёльны комплекс у Удзела, які нядаўна набыў статус цэнтра беларускага Непакалянава. Вядзецца падрыхтоўка да пабудовы касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску, месца пад узвядзенне якога біскуп Уладзіслаў Блін урачыста асвяціў 12 верасня. Пакрысе абсталёўваецца будынак касцёла святога Антонія ў абласным цэнтры. Тры гады споўнілася, як пры Віцебскім дзяржуніверсітэце адчынена, не ў апошнюю чаргу дзякуючы дыяцэзіяльным уладам, аддзяленне тэалогіі; дыяцэзія падтрымлівае яго студэнтаў каталіцкага веравызнання стыпендыямі. Вось ужо каторы год пры курыі плённа працуе аддзяленне «Карытаса», адным з кірункаў дзейнасці якога з’яўляецца наладжванне кантактаў з дабрачыннымі арганізацыямі еўрапейскіх краін з мэтаю аказання матэрыяльнай дапамогі дамам дзіцяці, бальніцам, інтэрнатам для састарэлых і нямоглых. Ад пачатку існавання дыяцэзіі годна, на поўную моц заявіў пра сябе хор катэдральнага касцёла святой Барбары «Гасанна» : яго спевы ведаюць ужо і ў суседніх краінах. З найбольш важных штогадовых падзей унутрыдыяцэзіяльнага жыцця варта адзначыць Дні хрысціянскай культуры, праграму якіх складаюць конкурсы рэлігійных спеваў і тэатральных калектываў, агляд дзіцячай творчасці, мастацкія выставы, разнастайныя экуменічныя акцыі, а таксама штомесячныя спатканні святароў і сясцёр законных, падчас якіх грунтоўна аналізуюцца бягучыя справы ўнутрыдыяцэзіяльнага жыцця, выпрацоўваецца тактыка і стратэгія дзейнасці на будучыню. Нельга пакінуць па-за ўвагаю і такі важны аспект у працы святароў і асабліва законных сёстраў, як наладжванне сталых кантактаў з парафіямі замежжа, якія маюць трывалыя карані і сяброўства з якімі праз абмен досведам рэлігійнага жыцця шмат дае віцебскім католікам у плане паспяховай рэалізацыі сваіх планаў і задумаў. Усё гэта — з задзейнічаннем вялікай колькасці людзей, як католікаў, так і праваслаўных, з памяццю пра тое, што галоўнае, дзеля чаго існуе Касцёл, — душпастырства і малітва, годны ўдзел вернікаў у Эўхарыстыі і ўдзяленне кожнаму неабходных сакрамэнтаў.


Натхняльнікам усіх гэтых справаў з’яўляецца біскуп дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Ад дня прадстаўлення ў якасці ардынарыя гэты адкрыты да патрэбаў вернікаў чалавек займеў сярод католікаў Віцебшчыны любоў і павагу. Дня не мінае, каб хто не завітаў да пастыра з якім-небудзь клопатам: дзверы ягонага сціплага (біскуп жыве ў адной кватэры з курыяй у будынку звычайнае шматпавярхоўкі) жытла заўжды адчыненыя. Асабліва чакаюць біскупа і шчыра радуюцца (неаднойчы даводзілася быць таму сведкам) ягонаму прыезду падчас святаў вернікі далёкіх парафій : з ім заўсёды ўтульна і цёпла. Гэтаму ёсць тлумачэнне: часткаю свайго радаводу Уладзіслаў Блін — тутэйшы, віцебскі, дакладней, глыбоцкі. Яго прапрадзед, малады французскі жаўнер па прозвішчы Шапель, што, дарэчы, у перакладзе азначае «капліца», трапіў на Беларусь падчас вайны 1812 года. Пасля ранення яго выходжвала тутэйшая дзяўчына, з якою ён і ажаніўся. Радзіма ж нашчадкаў таго салдата, бацькоў біскупа, — вёска Задарожжа, што ў Глыбоцкім раёне.


На пытанне, што адчуваў біскуп пры прызначэнні яго пастырам дыяцэзіі, Яго Эксцэленцыя адказаў: боязь не адпавядаць высокаму даверу, не стацца годным яго. «Праца біскупа — гэта крыж не толькі на грудзях, але і на плячах, — кажа ардынарый. — Усім дагадзіць немагчыма, гісторыя Езуса, які пацярпеў за добрыя справы, — лепшае таму пацвярджэнне. Але што, як не служэнне людзям, можа спавядаць чалавек, для якога паняцці «жыццё» і «Касцёл» — непадзельныя. Дзякую Богу, што я з такіх людзей».


За віцебскім біскупам цікава паназіраць падчас нефармальных сустрэч пасля набажэнства. Колькі б чалавек ні было побач, ён заўжды сядзе за стол апошнім, упэўніўшыся, што ўсім камфортна і зручна. Такі стыль паводзінаў, такая жыццёвая пазіцыя. Усё гэта не можа не ўплываць на мікраклімат у дыяцэзіі: сёстры і святары, беручы за ўзор такое стаўленне да людзей, трымаюцца гэткага ж падыходу ў штодзённай працы з парафіянамі, што ў сваю чаргу перадаецца вернікам. Асабліва добра бачна гэта, як сцвярджаюць людзі, у час пілігрымак, у прыватнасці пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай.


Яшчэ адна адметнасць стылю працы біскупа і ўсёй дыяцэзіяльнай курыі — дбанне пра пастаянныя кантакты з насельніцтвам рэгіёна праз сродкі масавай інфармацыі. Два разы на год мясцовыя СМІ змяшчаюць на сваіх старонках віншаванні пастыра, якія даводзяцца да ведама журналістаў на традыцыйных перадсвяточных прэс-канферэнцыях. Асаблівай ухвалы заслугоўвае ў гэтым плане рэгіянальная каталіцкая беларускамоўная тэлеперадача «Шлях да Бога», што рэгулярна асвятляе праз эфір найбольш важныя падзеі з жыцця дыяцэзіі, знаёміць насельніцтва вобласці з дзейнасцю парафій і ўсяго касцёла.


Відавочна, што Віцебская дыяцэзія — дынамічная і перспектыўная. Такою яна была ад пачатку заснавання, такою застаецца і цяпер. Насуперак усім цяжкасцям, што раз-пораз паўстаюць перад маладым (што такое пяць гадоў!) арганізмам, яна з надзеяй глядзіць у будучыню. З такою ж надзеяй, узмоцненыя несмяротнаю Хрыстовай навукай, крочаць у будучыню ўсе католікі прыдзвінска-прыдняпроўскага краю.

Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва дыяцэзіяльнай курыі