Пісаць, гаварыць, думаць пра Росіцу заўсёды няпроста. Быць у ёй — таксама. Ісці ў Росіцу пілігрымам — тым больш. Чаму? Таму што чалавеку цяжка зразумець сэнс цярпенняў.

«Думкі мае — не думкі вашыя», — сказаў Бог тым, хто ў чалавечых цярпеннях бачыць толькі Божае пакаранне. «Ані ён не зграшыў, ані ягоныя бацькі», — кажа Пан Езус тым, хто так думае.

І ўсё ж нікуды нам не падзецца ад таго, каб не думаць пра боль і цярпенні гэтага свету, які раз-пораз скаланае бяда.

Пілігрымка з Полацка ў Росіцу працягвалася чатыры дні, 17—20 жніўня. Да падзей у Беслане (Паўночная Асеція) заставалася трохі больш за 10 дзён...

У тыя пілігрымскія дні мы шмат маліліся. Праз заступніцтва блаславёных мучанікаў з Росіцы мы прасілі ў Пана Бога дару мужнасці, «каб нашая штодзённая служба бліжнім сталася ўдзелам у жыцці Касцёла і давяла нас да вечнай радасці святых». Надзвычай гэта важна для чалавека — мець мужнасць. Яна так спатрэбілася тым, хто ў лютым 1943-га пад аўтаматамі пайшоў у Росіцы ў агонь. Спатрэбілася і тым, каму пашчасціла выжыць, але чыя дарога з Росіцы пралягла цераз канцэнтрацыйныя лагеры смерці. Несумненна, што на ўсю моц гэты дар прамовіў праз ахвярную смерць блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія мелі магчымасць унікнуць яе і не захацелі выкарыстаць гэтую магчымасць.

Калі праз дзесяць дзён пасля росіцкіх урачыстасцяў мы прыпалі да экранаў тэлевізараў і суперажывалі ахвярам трагедыі ў Беслане, калі разам з мужнымі асецінцамі чакалі вырашэння гэтага канфлікту і спадзяваліся на лепшае, калі маліліся за нявінных ахвяраў Беслана, як было не прыгадаць нашу Росіцу? Наколькі ж падобныя гэтыя трагедыі па сваёй жорсткасці, неміласэрнасці ды безабароннасці ахвяраў!

Наўрад ці зразумеем мы калі, чаму ёсць людзі здольныя забіваць ды здзеквацца з іншых, якія ім не зрабілі нічога благога. Чаму, напрыклад, паліцаі ў Росіцы здольныя былі расстрэльваць людзей, дзе былі іхнія сэрцы, калі яны гналі паўраздзетых людзей лютаўскім марозам у касцёл, трымалі ў ім без ежы трое сутак, а потым гналі ў хаты, хлявы, канюшні, замыкалі і жывымі спальвалі? Сведка росіцкай трагедыі Эдуард Оруб сказаў неяк з роздумам:«Чаму яны змаглі гнаць нас у агонь? Сэрцы ў іх, мусіць, нейкія іншыя...». Іншыя сэрцы... А якія сэрцы мелі тыя, што трымалі людзей пад аўтаматамі ды мінамі ў бесланскай школе? Хіба магло нармальнае сэрца дазволіць чалавеку страляць дзецям у спіны?!

Зброя хрысціянаў супраць «ненармальных» сэрцаў зусім бяскрыўдная. Малітва. Мабыць, усё ж мала гэты свет моліцца, калі ў ім магчымыя Росіца, Асвея, Хатынь, Бухенвальд, Беслан...

Дзеля таго каб малітвы было ў свеце больш, і арганізуюцца пілігрымкі. Інакш бы дзеля чаго? Зразумела, не дзеля таго, каб прадэманстраваць нейкае сваё дзівацтва ды адну з формаў правядзення вольнага часу!

Малітва праз заступніцтва блаславёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча ўжо мае свае вынікі, некаторыя людзі з яе дапамогай ужо атрымалі чаканыя Божыя ласкі. Айцец марыянін Вячаслаў Пялінак, які сёлета кіраваў пілігрымкай з Полацка ў Росіцу, колькі разоў казаў пра зафіксаваныя цуды аздараўлення хворых, нараджэння дзіцяці, чыйго прыходу на свет доўга чакалі бацькі. Магчыма, пра многія вынікі нашых малітваў мы так ніколі і не даведаемся — такая ўжо таямніца хрысціянства. І ўсё ж наколькі прасторней жыць у гэтым жорсткім свеце з малітвай!

З Полацка ў Росіцу пілігрымка звычайна бывае нешматлюднай. Адна жанчына, сустракаючы нас у Наваполацку, прызналася, што баіцца гэтай пілігрымкі, бо яна, кажуць, надта пакутная. І гэта праўда. Бо яе шлях пралягае ў бальшыні па бязлюдных мясцінах, а ў рэдкіх вёсках не часта сустрэнеш аднаверца, а таму і на зычлівы прыём разлічваць не заўсёды даводзіцца. Ды толькі ж у гэтым і сэнс хрысціянства — быць святлом свету, соллю зямлі там, дзе не хапае гэтых святла ды солі.

Вядома, не надта ўтульна мы пачувалі сябе пад цікаўнымі позіркамі пасажыраў маршрутак ды аўтобусаў на шляху з Полацка ў Наваполацк. Тым даражэйшым аказаўся сардэчны прыём у наваполацкай парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, дзе нас чакаў шчодры стол, а ў капліцы мы маліліся за гэту парафію, горад, у якім яна паўстала, і яго жыхароў. Мы ведалі, што толькі напрыканцы трэцяга дня нашага шляху зможам укленчыць перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, і таму тут, у Наваполацку, дзякавалі за гэты дар для хрысціянаў, які дае і моц, і сілу, і мужнасць.

За Наваполацкам, набліжаючыся да могілак у Глінішчы, увесь час іду з адчуваннем болю ў сэрцы і напружана чакаю, калі мы наблізімся да таго месца, дзе два гады таму трагічна загінула ў гэткай жа пілігрымцы мілая, слаўная дзяўчына — Ніна Філіпчык. На тым месцы цяпер крыж, устаноўлены яе бацькамі, ды жывыя кветкі — тры дні таму была другая гадавіна смерці. Молімся за шчаслівую вечнасць для Ніны, за дар мужнасці для яе бацькоў, успамінаем той страшны дзень, п’янага шафёра, ад удару машыны якога загінула Ніна, маўчым, плачам і зноў молімся.

Першы начлег — у палатках, сярод лесу. Найбольш шчаслівая з гэтае прычыны — 73-гадовая пані Тэрэза. Яна шчыра шкадуе, што не бачаць яе ў гэтыя хвіліны ейныя суседкі з Саланікоў, якія і без таго ўжо даўно запісалі яе ў «ненармальныя», бо хіба ж мог бы нармальны чалавек у такім веку выправіцца раптам у гэткую доўгую дарогу, маліцца ў ёй увесь час, спяваць разам з маладымі нейкія там песні?..

Другі наш дзень распачынаем Гадзінкамі аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, якія пад яркім сонцам у промнях ранішняй расы асабліва ўрачыстыя. Але ў Бога ўсяго многа. І ў Боркавічы мы дапінаем ужо пад абложыстым дажджом, вымаклыя да ніткі і такія спакойна-шчаслівыя, што суседкі пані Тэрэзы нічагусенькі б не зразумелі, што гэта такое адбываецца з гэтымі дзіўнымі католікамі. Мясцовыя парафіяне, якіх у Боркавічах зусім няшмат, сардэчна прывіталі нас, накармілі смачным абедам і далі магчымасць адпачыць проста ў іхняй капліцы.

У Валынцы мы прыходзім ужо з цёмным ды радуемся, што пагрозлівыя хмары ды грымоты грому на гэты раз абмінулі нас. У Валынцах, як ні дзіўна, нас таксама чакалі. Дзіўна таму, што парафіі тут няма, а нас па ўласнай ініцыятыве сустрэлі ды накармілі некалькі каталічак, размясціўшы пазней на начлег у спартыўнай зале школы. Наведаўшы назаўтра школьны краязнаўчы музей, нашы пілігрымы даведваюцца, што калісьці ў Валынцах было бурнае каталіцкае жыццё, пра што сведчыць макет прыгожага касцёла дамініканаў ды расповед экскурсавода пра забельскую акадэмію. Ад касцёла застаўся толькі падмурак, і мы, памаліўшыся пры ім, выпраўляемся ў дарогу, а айцец Вячаслаў кажа добрае слова пра тое, як трэба нам вучыцца любіць Касцёл, яго святыні — і тыя, у якіх мы цяпер молімся, і тыя, сцертыя бязлітасным часам з твару зямлі.

У верхнядзвінскім касцёле з удзячнасцю кленчым перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, удзельнічаем у Святой Імшы і ідзем начаваць да гасцінных гаспадароў, дзе нас чакаюць і гарачая лазня, і смачная вячэра. А назаўтра, на апошнім адрэзку нашага шляху, нас чакаюць не толькі прыемныя перажыванні. Пустэча на тых месцах, дзе яшчэ нядаўна стаялі крыжы, устаноўленыя пробашчам верхнядзвінскай парафіі айцом Томашам Юньчыкам, выклікаюць у нас і горыч, і неразуменне, і трывогу. Кажуць, што знайшліся хрысціяне, якія не пабаяліся знесці крыжы, адстойваючы тым самым нібыта прыналежнасць гэтай тэрыторыі да іншай канфесіі. Молімся на тых месцах, дзе яшчэ ўпарта цвітуць кветкі... І мне раптам з горыччу думаецца пра тое, што ў часе росіцкай трагедыі блаславёныя Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра спавядалі ўсіх людзей, незалежна ад прыналежнасці да канфесіі: перад абліччам смерці ўсе былі роўныя... І наўрад ці задумваўся хто тады, чаму ў росіцкай місіі ўдзельнічалі толькі каталіцкія святары і законніцы, чаму там не было, напрыклад, праваслаўнага святарства?

У Сар’і абедаем у парку — наша паходная кухня корміць нас смачнымі пельменямі. Тыя з нас, хто не быў тут раней, схадзілі паглядзець прыгожы сар’еўскі касцёл. Ён сапраўды вельмі прыгожы, не падобны да іншых. Цяпер у ім — праваслаўная царква, і нам зусім не хочацца, каб тутэйшыя хрысціяне ўспрынялі нашу пілігрымку як нейкую дэманстрацыю. Зрэшты, найменшым жыхарам Сар’і гэта найменш абыходзіць: яны на веласіпедах доўга праводзяць нас, слухаючы нашу малітву.

Пасля Сар’і пачалася ўжо тэрыторыя спаленых карнікамі вёсак. Мы з горыччу мінаем адзін, другі помнікі з чырвонымі зоркамі на тых месцах, дзе некалі былі вёскі, і я з удзячнасцю ўспамінаю маю знаёмую масквічку Ганну Дзімітраўну Жураўлёву, якая на месцы спаленых ейных Ліпавак паставіла помнік з крыжам ды кожнае лета саджае на тым месцы кветкі.

...Калі мы ляглі крыжам перад алтаром у росіцкім касцёле, адразу перад вачыма паўстала так шмат!.. Гэтая маўклівая малітва ў яшчэ пустым касцёле была проста неабходна нам пасля пілігрымскай дарогі.

Малітва ў Росіцы... Яна заўсёды асаблівая. І працэсія са свечкамі ціхай ноччу на пляц пакутніцтва, і малітвы на тым пляцы, і спевы, здалося, былі сёлета нейкія асабліва ўдумлівыя. Нам так шмат трэба зразумець з таго, што з намі адбываецца!

Назаўтра выпадкова пачула, як адзін мужчына казаў сваёй знаёмай, што ён знарок прыехаў у Росіцу, бо тут будзе набажэнства з прычыны грэху п’янства і алкагалізму. «Цяжка самому з гэтым справіцца, — прызнаўся, — маліцца трэба... Можа, росіцкія пакутнікі памогуць...» І падумалася тады, што Росіца — гэта менавіта тое месца, дзе нам трэба асабліва моцна маліцца за ўсе нашы беды, праблемы, незагойныя раны. Тут, як нідзе, мы можам навучыца і прабачаць нашым непрыяцелям, і шанаваць іншых, і моцна любіць крывёю палітую Беларусь. У Росіцы можна шмат зразумець і прыняць з таго, з чым раней было цяжка згадзіцца. Кажу гэта так пераканана, бо маю асабісты досвед і ведаю, якой моцнай сілай прыцягвае да сябе маўклівая Росіца, як моцна яна прамаўляе да сэрца асабліва тады, калі цяжка і горка. Ды ўсё ж гэта вытлумачальна: тут, на гэтым месцы, узрасла і расквітнела святасць нашай зямлі, такая простая, зразумелая і блізкая нам. Святасць у імя гэтай зямлі, а значыць, і для нас. Вось толькі б навучыцца нам шанаваць яе, берагчы, любіць... Хоць бы і так, як палюбіў нашу Росіцу нараджэнец ЗША, генерал ордэна марыянаў Марк Гарэл, які цяпер нясе службу Богу ў Рыме. Яго часта можна сустрэць у Росіцы. Сёлета ён, напрыклад, прыехаў за 10 хвілінаў да галоўнага набажэнства, пераадолеўшы шмат нязручнасцяў. Яго ўжо не спадзяваліся дачакацца, і калі я пачула абвестку, што цэлебраваць Імшу будзе айцец Марк Гарэл, я нечакана прыгадала ягоныя словы, сказаныя мне аднойчы далёка ад гэтых мясцінаў. Мы не былі знаёмыя, але гэта не перашкодзіла айцу Гарэлу радасна сказаць мне тады:«Я часта бачыў вас у Росіцы!». Ну так, гэта праўда. Дзякуй Богу, што ёсць яна ў нас, дзе можна сустрэць людзей з Італіі і Польшчы, Украіны і Латвіі, Расіі і ЗША... Праўда, шкада, што многім беларусам усё нешта яшчэ перашкаджае даехаць сюды. Далёка, кажуць...

Многія з нас пакінулі ў Росіцы свае інтэнцыі з надзеяй і верай, што малітва ў нашых патрэбах будзе тут трываць і надалей. Мабыць, кожны, хто хоць аднойчы пабыў у Росіцы, а не толькі ўдзельнікі Супольнасці росіцкіх мучанікаў, якая тут створана летась і якая сёлета папоўнілася новымі сябрамі, палюбіў малітву праз заступніцтва блаславёных Юрыя і Антонія, з якой неяк утульней ды спакайней жыць у нашым страшным свеце. Чаго ж як не мужнасці прасіць нам у Пана Бога, калі мы бачым, як на нашых вачах гінуць ні ў чым непавінныя людзі?

Трагедыю 1943-га года ў Росіцы ніхто не бачыў, апроч удзельнікаў тых страшных падзей. З дапамогай сучасных сродкаў масавай інфармацыі трагедыю ў Беслане ўбачыў увесь свет. А ўбачыўшы такое, чаго ж нам прасіць у Бога, як не мужнасці?!

Усемагутны Вечны Божа,
Ты адарыў ласкаю пакутніцкай смерці
блаславёных Юрыя і Антонія,
якія нават у хвіліну пагрозы для іх жыцця
далі сведчанне духу любові,
адданай пастырскай службы
і прынялі смерць разам з братамі.
Спашлі нам праз іх заступніцтва
ласку мужнасці,
каб нашая штодзённая служба бліжнім
сталася ўдзелам у жыцці Касцёла
і давяла нас да вечнай радасці святых.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара