З Рэгінай Лявонаўнай Жук з вёскі Рачнёва Мёрскага раёна, што адносіцца да павяцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, мы дамовіліся спаткацца ля крыжа ўвечары, а палове шостай. Але спатканне адбылося раней: 78-гадовая пані Рэня і яе 83-гадовы муж мусілі акурат гэтым надвячоркам везці на млын збожжа. Жывуць пенсіянеры ўдваіх, памагчы няма каму, а хочацца ж (сталая завядзёнка) трымаць гаспадарку — хату, соткі, жывёлу — у належным стане. Каб і аддача была нейкая ад усяго, і перад суседзямі за нядбайнасць не набрацца сораму. Вось і шчыруюць, не зважаючы на паважаны ўзрост, і ў пашане праз працавітасць ды пабожнасць у мясцовых жыхароў.

Цікавасць мая да гэтай менавіта жанчыны, зразумела, не была выпадковай. Лявонава Рэня, як яе тут усе па-свойску завуць, добра памятае самыя розныя часы. Бо і за польскім часам паспела пажыць, і на новыя парадкі пры Саветах наглядзелася, і найноўшых, звязаных з адраджэннем Касцёла ў рэгіёне, усмак паспытала. Пра ўсё мае асабістае меркаванне, хоць, адчуваецца, навязваць яго іншым не любіць. З падзеяў, што найбольш цяпер яе цешаць, называе адкрыццё касцёла Маці Божай Фацімскай у Павяцці. Хоць і да таго, не зважаючы на розныя перашкоды, абы-якой верніцай ніколі не была, заўсёды шчыра малілася: пры Польшчы — адкрыта, штонядзелю выпраўляючыся з бацькамі за шэсць вёрст на Эўхарыстыю ў Ідолту, у гады пераследаў — употайкі, хаваючыся ад хіжага старонняга вока. Згадвае, як ужо ў савецкія часы іх, групу дзяўчат-аднавясковак, з нечае падказкі дапытвалі ды ўшчувалі па хатах за сяброўства ў Коле Ружанцовым. Ці як тадышні пробашч ідолтаўскай парафіі, вечнай памяці ксёндз Баляслаў Заёнц, запрасіўшы дзеля адпраўлення ў касцёле Святой Імшы каго-небудзь з ксяндзоў-суседзяў, распараджаўся перанесці ў глыб святыні, каб незаўважная была ад парога, спавядальню.

Цяпер у павяцкі касцёл Рэгіна Лявонаўна дабіраецца ці на аўтобусе, ці пешкі — залежыць ад надвор’я ды ад стану здароўя. Спавядаецца ж, як і раней, штомесяц, так што Святую Камунію бярэ бесперапынна. Любіць слухаць Святую Імшу па радыё, з задавальненнем чытае каталіцкія выданні. І штодня просіць Бога і Маці Божую аб нябеснай апецы. На маё пытанне, ці такая цяпер, як раней, моладзь у касцёле, суразмоўніца мая адказала адмоўна: не з асуджэннем — са шкадаваннем. І не дзіва: аддаўшы гэтулькі гадоў Касцёлу і веры, як не жадаць і надалей бачыць яго дзейсным і моцным праз прыход маладых гарачых сэрцаў. Ды гэта ўжо, бадай, іншая тэма. Рэгіне ж Лявонаўне і яе мужу застаецца толькі пажадаць нязломнасці духу ды тых дабротаў, пра якія яны дбалі праз усё жыццё, аб якіх — не для сябе толькі — маліліся заўсёды і працягваюць маліцца кожны дзень.

Франц Сіўко.
Фота аўтара