У докшыцкай парафіі Святой Тройцы жыве непрыкметны, вельмі сціплы, але вядомы ў тутэйшых мясцінах чалавек — Юзаф Маслоўскі. Старэйшыя яго паважаюць і ставяць маладым у прыклад, бо Юзаф Маслоўскі шмат працаваў на будоўлі касцёла, не шкадуючы ні сіл, ні здароўя. Ён страціў пальцы на правай руцэ, але не страціў веры і любові да Бога.

Нарадзіўся Юзаф Аўгусцінавіч Маслоўскі ў 1934 г. у Новай Вёсцы (Докшыцкі раён). Людзі жылі тады вельмі бедна, але мелі вялікія сем’і, якія цяжка было пракарміць. Сям’я Маслоўскіх таксама вялікая — з дзесяці дзяцей Юзаф быў чацвёртым. З 13-ці гадоў пачаў пасвіць кароў, а з 15-ці працаваў прычэпшчыкам на трактары. У 1954 г. быў прызваны ў войска, дзе праслужыў 3 гады. Вярнуўшыся ў родную вёску, працаваў у калгасе спачатку на конях, потым на трактары і на камбайне. У суседняй вёсцы ўпадабаў дзяўчыну Алену, якую абраў сабе за жонку. Яны разам пераехалі жыць у Докшыцы. Жылі вельмі сціпла, але душа ў душу. Выгадавалі трох дачок і сына, якія праз гады падаравалі ім дзевяць унукаў.

У 1992 г. Юзаф Маслоўскі пайшоў на пенсію і займеў больш вольнага часу, які прысвяціў будоўлі касцёла (з 1991 г. быў старшынёй касцёльнага камітэта), як і многія іншыя парафіяне.

— Раней жа, — кажа Юзаф Аўгусцінавіч, — калі касцёла не было, ездзілі ў Ваўкалаты, Глыбокае, Даўгінава. А ў будні збіраліся ля крыжа і маліліся без святара. Бог пачуў нашыя малітвы — даў нам сваю святыню, прыслаў братоў капуцынаў, якія навучылі нас яшчэ больш любіць Хрыста, стварылі ІІІ ордэн свецкіх св. Францішка, да якога мы з жонкай належым. Па прыкладу св. Францішка мы навучыліся больш шчыра працаваць дзеля Божай хвалы, любіць усе стварэнні, прабачаць крыўды. Шкада, што ў нашай супольнасці зусім няма моладзі, але я заўжды малюся, каб да нас далучаліся маладыя — наша змена.

На працягу нашай размовы Юзаф Аўгусцінавіч часта плакаў, асабліва, калі мы ўспомнілі 10 красавіка 2001 года, той дзень, калі апостальскі пасланнік арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі ў прысутнасці сямідзесяці святароў у час урачыстай Літургіі ў касцёле св. Барбары ў Віцебску ўручыў яму залаты медаль «Pro Ecclesiae et Pontifice» («Для Царквы і Папы»), якім яго ўзнагародзіў Ян Павел ІІ.



— Я доўга не мог паверыць гэтаму — лічыў сябе нявартым такой узнагароды. Пры ўручэнні не мог стрымаць слёз, якія самі цяклі з вачэй. Дзякую Богу за гэты гонар для мяне...

Кожны год 19 сакавіка ў дзень успаміну св. Юзафа ўсе докшыцкія парафіяне разам са святарамі віншуюць Юзафа Маслоўскага і шчыра дзякуюць яму за веру, бо такіх людзей мала і іх трэба шанаваць.

Таня Малько.