13 верасня архікатэдральны касцёл у Мінску адзначаў урачыстасць Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, бо менавіта такі тытул носіць галоўная каталіцкая святыня Беларусі. Упершыню за гады існавання адроджанага касцёла гэтаму цудоўнаму святу папярэднічала 40-гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якой бралі ўдзел многія вернікі Мінска.

Урачыстую Святую Імшу, якая адбывалася а 12-й гадзіне, цэлебраваў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк. Удзельнічалі ў святочным набажэнстве таксама ксяндзы мінскіх і суседніх парафій.

У гаміліі, якую прамовіў пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску а. Ігар Лашук, у прыватнасці, гаварылася:

— Зямное імя Маці Хрыста, Марыя, азначае «Княгіня». У Бібліі мы вельмі часта сустракаем гэта імя — так называлася сястра Майсея. У Новым Запавеце жанчыны з такім імем служылі Езусу Хрысту і Яго вучням. Але ў Багародзіцы ёсць яшчэ імя, якое Яна атрымала ад самаго Бога праз Анёла Габрыэля, — «кахарытамэнэ», Поўная Ласкі. Гэта значыць, што Пан Бог адорвае асобу незвычайнымі ласкамі для спаўнення асаблівай місіі. «І адказаў Ёй [Анёл]: Дух Святы сыдзе на Цябе і сіла Найвышэйшага ахіне Цябе; вось таму народжанае Святое Сынам Божым назавецца», — чытаем у Евангеллі ад Лукі (Лук 1, 35).

(...) Бог перад вякамі абраў гэту маладую дзяўчыну і менавіта з габрэйскага народу. Таму Марыя — праўдзівая Маці Езуса Хрыста, Маці Бога, Маці Збавіцеля, Маці Спрадвечнага Сына Божага, які стаў чалавекам. І шмат іншых тытулаў мы можам дадаць да імені Марыі і пры гэтым углядваемся ў асобу Яе Сына, а Пана нашага Езуса Хрыста...

Вядома, што парафіяльнае свята нясе з сабой вялікую ласку адпусту цалкавітага альбо частковага, калі адпускаюцца правіны караў за грахі. Вельмі шмат вернікаў у архікатэдры скарыстала з гэтай ласкі, аб чым сведчылі доўгія чэргі да канфесіяналаў, а потым і да Святой Камуніі.

У канцы набажэнства Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк перадаў вернікам блаславенне ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ.

Галіна Калевіч.
Фота М. Новікава.