16 кастрычніка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 26-я гадавіна пантыфікату Святога Айца Яна Паўла ІІ. У сувязі з гэтай датай прапануем размову з ксяндзом Паўлам Пташнікам, кіраўніком Польскай секцыі Дзяржаўнага сакратарыята Апостальскай Сталіцы.

Ксёндз Павел Пташнік нарадзіўся ў Вялікіх Вэнгжцах, святарскія пасвячэнні атрымаў у 1987 г. у Кракаве. З’яўляецца святаром Кракаўскай архідыяцэзіі, доктарам дагматыкі, выпускніком Папскага грыгарыянскага універсітэта ў Рыме. Быў духоўным айцом Вышэйшай духоўнай семінарыі Кракаўскай архідыяцэзіі. З 1996 г. працуе ў Ватыканскім дзяржаўным сакратарыяце.

— Як сёння выглядае звычайны дзень Святога Айца? Ці вымушаны ён абмежаваць сваю вялікую актыўнасць з прычыны стану здароўя?

— Цяжка казаць пра абмежаванне дзейнасці Папы. Дастаткова пачытаць «L’Osservatore Romano», каб зразумець, што справаў у Яна Паўла ІІ не стала менш. Святы Айцец па-ранейшаму ўстае рана. Магчыма, цяпер яму проста неабходна больш часу, каб падрыхтавацца да нармальнага функцыянавання. Але ж я дакладна ведаю, што ад пэўнага часу Святы Айцец даўжэй моліцца раніцай. Таму Святая Імша ў яго прыватнай капліцы распачынаецца цяпер трошкі пазней, каля 8.00. На гэтую ранішнюю Святую Імшу не запрашаюцца госці, каб залішне не абцяжарваць Святога Айца, і таму ў ёй прымаюць удзел толькі найбліжэйшыя супрацоўнікі Папы, сёстры сэрцанкі, часам — блізкія яму людзі, напрыклад, кардынал Мар’ян Яворскі. Пасля Святой Імшы пачынаецца снеданне. Потым Святы Айцец ізноў моліцца ў капліцы прыкладна да 10.00. Наступную гадзіну ён прысвячае падрыхтоўцы прамоваў і іншых тэкстаў. Пазней адбываюцца аўдыенцыі, якія звычайна працягваюцца да 12.30. Гэта афіцыйныя сустрэчы, напрыклад, для біскупаў, якія прыбылі з візітам ad limina (да грабніцаў святых апосталаў), палітыкаў альбо іншых асобаў ці групаў, якія прадстаўляюць асяроддзі, годныя ўдзелу Святога Айца. Пасля аўдыенцый пачынаецца абед, звычайна працоўны, падчас якога супрацоўнікі Святога Айца знаёмяць яго з бягучымі справамі. Пасля Святы Айцец каля гадзіны адпачывае, аднак не кладзецца. Гэта не класічная італьянская сіеста — ён проста застаецца адзін.

Ад 15.00 да 18.00 Святы Айцец чытае альбо працуе. Пасля 18.00 адбываюцца аўдыенцыі для кіраўнікоў курыяльных дыкастэрый: у панядзелак — для дзяржаўнага сакратара Ватыкана, у аўторак — для яго намесніка, у сераду — для сакратара па справах з грамадствам, у пятніцу — для кардынала Ратцынгера, а ў суботу — для прэфекта Кангрэгацыі біскупаў кардынала Рэ. Прыходзіць таксама, у залежнасці ад патрэбаў, кардынал Сэпэ, прэфект місійнай кангрэгацыі. Іншых прэфектаў запрашаюць ці яны самі паведамляюць аб тым, што хочуць прадставіць Святому Айцу нейкую справу.

У 19.30 пачынаецца вячэра, на якую часта запрашаюць гасцей. Пасля вячэры Святы Айцец ізноў моліцца. Яго дзень заканчваецца каля 22.30–23.00.

— З таго, што Вы расказваеце, вынікае, што кожны дзень Ян Павел ІІ прысвячае малітве некалькі гадзін. Як моліцца Святы Айцец?

— Пра прыватную малітву Святога Айца я магу сказаць няшмат. Як і ўсе, я магу назіраць яго малітву падчас афіцыйных выступленняў ці падарожжаў. Не менш характэрна тое, што ў малітве Святы Айцец звычайна выкарыстоўвае традыцыйныя формы, такія, як Крыжовы шлях, маёвыя набажэнствы, ружанец ці літанію да ўсіх святых. Зразумела, што гэтыя формы з’яўляюцца толькі фундаментам вельмі глыбокай містычнай малітвы. Нямногія ведаюць, што кожны раз пасля новай кананізацыі ці беатыфікацыі Ян Павел ІІ просіць дапісаць да літаніі да ўсіх святых, якая ляжыць у яго на кленчніку, імёны асобаў, узнесеных да хвалы алтароў. Кожны дзень мы перадаём яму лісты ад людзей, якія просяць аб малітве ў розных інтэнцыях. Я ведаю, што гэтыя просьбы з’яўляюцца інтэнцыямі малітваў Святога Айца. Ён моліцца па-польску. Брэвіярый моліцца таксама па-польску, але часта просіць прынесці лацінскі брэвіярый.

— Вы казалі, што на працягу некалькіх гадзін штодзённа Ян Павел ІІ чытае. Што канкрэтна чытае Святы Айцец?

— Амаль усё. Кола яго інтарэсаў вельмі шырокае, ад мастацкай літаратуры праз філасофію, фізіку, біялогію да тэалогіі. Шматлікія аўтары прысылаюць яму свае новыя кнігі. Святы Айцец кожную з іх праглядае. Калі нейкая кніга яго асабліва зацікавіць, ён гэта адзначае, каб пасля падзякі аўтару вярнуць яе назад у папскія апартаменты. Тады Ян Павел ІІ чытае кнігу ў арыгінале ці просіць падрыхтаваць яе змест у скарачэнні. Святы Айцец праглядае таксама польскую прэсу, у тым ліку ўсе каталіцкія газеты і часопісы. Часам адзначае нейкі артыкул і просіць падаць кароткі яго змест.

— Здаецца, што ў параўнанні, напрыклад, з 2003 г. Святы Айцец цяпер у значна лепшым стане. Ці адбыліся нейкія змены ў калектыве яго ўрачоў?

— Не, прыватным урачом Святога Айца па-ранейшаму з’яўляецца доктар Рэнато Бузанэцці, у распараджэнні якога знаходзяцца шматлікія медыцынскія спецыялісты.

— Ці паляпшэнне стану здароўя Папы можа азначаць вяртанне да паломніцкага вобразу жыцця, які ён вёў на працягу многіх гадоў?

— Святы Айцец і цяпер жадае пілігрымаваць. У гэтым годзе, акрамя Швейцарыі, ён у жніўні наведае Лурд у Францыі, а ў пачатку верасня — італьянскае Ларэтто. Пакуль што адкрытым застаецца пытанне аб прысутнасці Папы на Сусветным Эўхарыстычным кангрэсе ў Мексіцы ў кастрычніку гэтага года, арганізатары якога вельмі спадзяюцца на візіт Святога Айца. Аднак рашэнне будзе прынята ў апошнюю хвіліну, бо гэта вельмі далёкае і цяжкае падарожжа.

— Ці сапраўды ўсе дакументы і прамовы Ян Павел ІІ піша сам?

— Літургічныя тэксты, напрыклад, гаміліі на час пілігрымак, Святы Айцец піша сам (ад пэўнага часу ён іх дыктуе), часам ён просіць нас аб нейкіх дапаўненнях. А калі гаворка ідзе пра не літургічныя прамовы, напрыклад, да палітыкаў, альбо прамовы з нейкай іншай нагоды, Святы Айцец карыстаецца дапамогай супрацоўнікаў з Дзяржаўнага сакратарыята Апостальскай Сталіцы. Зразумела, што канчатковую форму тэксту надае ён сам.

— Як падзелена праца паміж паасобнымі секцыямі ў Дзяржаўным сакратарыяце?

— Дзяржаўны сакратарыят падзелены на дзве секцыі: Першая секцыя — па агульных справах, якая займаецца штодзённымі справамі Святога Айца, г. зн. усім, што звязана з навучаннем, дакументамі, аўдыенцыямі, падарожжамі і г. д. У межах Першай секцыі існуюць секцыі галоўных сусветных моваў: англійскай, французскай, нямецкай, партугальскай, іспанскай і лацінскай. Першая секцыя займаецца таксама падрыхтоўкай штодзённага агляду прэсы і інфармацыі з агенцтваў друку і з Інтэрнету, напрыклад, адносна сітуацыі Касцёла і галоўных грамадска-палітычных падзей у свеце.

Другая секцыя займаецца кантактамі з дзяржавамі, г. зн. вядзе дзейнасць дыпламатычнага характару. У кампетэнцыі гэтай секцыі — справа прызначэння біскупаў альбо змены структуры Касцёла ў некаторых рэгіёнах свету. Адносна місійных краінаў падобная кампетэнцыя належыць Кангрэгацыі па справах евангелізацыі. Паколькі Святы Айцец асабліва пільна назірае за тым, што адбываецца ў Польшчы, і часта сам рэагуе на розныя падзеі, то частку заданняў Другой секцыі, напрыклад, інфармаванне пра сітуацыю ў краіне і карэспандэнцыю з палітыкамі прыняла на сябе Польская секцыя.

— У чым канкрэтна заключаюцца Вашы абавязкі як пралата?

— У Святога Айца ёсць два асабістыя сакратары, якія дапамагаюць яму ў штодзённым жыцці і прыватнай карэспандэнцыі. Маё заданне заключаецца ў наступным: калі Святы Айцец жадае напісаць і перадаць нейкі тэкст у курыю, ён выклікае мяне і дыктуе гэты тэкст. Перадусім гэта прамовы. Некалі ён дыктаваў in extenso (разгорнута, падрабязна), а цяпер ён часцей выказвае асноўную думку, якую далей неабходна развіць. Аднак ён сам вырашае канчаткова, наколькі тэкст адпавядае яго патрабаванням.

— Якім чынам стваралася самая новая кніга Яна Паўла ІІ «Устаньце, хадзем»? Яе рэдактарам былі Вы?

— Ян Павел ІІ дыктаваў змест гэтай кнігі паміж сакавіком і вераснем мінулага года. Гэта было не інтэрв’ю, але асабістая рэфлексія Святога Айца. Нашай задачай была падрыхтоўка кнігі да друку. У асноўным гаворка ішла пра ўпарадкаванне зместу па раздзелах і пунктах, упарадкаванне зносак і да т. п. Святы Айцец сачыў за гэтым працэсам на кожным этапе і, зразумела, фармаваў канчатковы тэкст.

— Ці ў цяперашні час Святы Айцец рыхтуе якую-небудзь новую кнігу альбо дакумент? Кажуць, гэта будзе кніга на тэму выпрабаванняў з перыяду таталітарызму...

— Гэта таямніца палішынеля, што некалі кс. праф. Юзаф Тышнер прапанаваў Святому Айцу размову на філасофскія і экзістэнцыяльныя тэмы. Гэтая размова, якая — калі я не памыляюся — адбылася летам 1984 г., была запісаная на стужку, а тэкст перанесены на паперу. На працягу гадоў Святы Айцец вяртаўся да тых думак, працаваў над імі. Здаецца, гэтая кніга «даспела» для друку. Цяпер ідзе апрацоўка кнігі. Гэта доўгі працэс, таму не трэба спадзявацца на хуткае яе выданне. Што датычыць зместу кнігі, магу сказаць: інфармацыя аб тым, нібы ў асноўным яна будзе прысвечана праблеме таталітарызму, непраўдзівая.

— Якія людзі з’яўляюцца найбліжэйшымі супрацоўнікамі Святога Айца?

— У кола прыбліжаных Святога Айца ўваходзіць яго асабісты сакратар арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш, які служыць яму ўжо амаль 40 гадоў, яшчэ з Кракава. Другім сакратаром з’яўляецца кс. пралат Мечыслаў Макшыцкі, які працуе ў Рыме з 1996 г. Яны суправаджаюць Святога Айца практычна ўвесь час, асабліва цяпер, калі яго рухальныя магчымасці абмежаваныя. У папскіх апартаментах працуюць сёстры сэрцанкі. Наколькі я ведаю, прынамсі некаторыя з іх служылі Каралю Вайтылу яшчэ ў кракаўскай курыі. Яны, між іншым, займаюцца кухняй (с. Германа), прыватнай карэспандэнцыяй (с. Эўфразіна) і іншымі справамі, звязанымі з нармальным функцыянаваннем дому.

У асабістым сакратарыяце Папы працуе таксама свецкі чалавек — Анджэло Гугель, незвычайна адданы Святому Айцу. У бліжэйшае атачэнне Яна Паўла ІІ уваходзіць таксама прэфект Папскага дома арцыбіскуп Джэймс Мішэль Харві — арганізатар і ўдзельнік усіх аўдыенцый. Часта ў таварыстве Святога Айца можна ўбачыць папскага цырымоніймайстра арцыбіскупа П’ера Марыні і яго памочніка — кс. Конрада Краеўскага з Польшчы.

— Святы Айцец прымае падчас аўдыенцый вялікую колькасць пілігрымаў. Хто найчасцей наведвае наступніка святога Пятра?

— Прэфектура Папскага дома вядзе спіс усіх, хто паведамляў аб сваёй прысутнасці на аўдыенцыях. Найбольш, зразумела, італьянцаў, на другім месцы — немцы, потым — групы з Лацінскай Амерыкі. Адносна палякаў існуе такая праблема, што аб іх прысутнасці часта не паведамляецца ў прэфектуру, бо іх аўдыенцыі арганізуе а. Конрад Хэймо з цэнтра «Corda Cordi». Аднак я думаю, што а. Хэймо мае спісы груп, якія прымалі ўдзел у аўдыенцыях.

— Падчас гэтых аўдыенцый пілігрымы прывозяць у дар Святому Айцу розныя падарункі. Дзе ўсе яны захоўваюцца?

— Дары, якія могуць выкарыстоўвацца падчас літургіі, напрыклад, арнаты ці келіхі для Святой Імшы, найчасцей перадаюцца ў місійныя краіны. Мастацкія творы перадаюць у Ватыканскі музей. Каштоўныя, але не музейныя прадметы трапляюць у касцёлы ці нунцыятуры. Дары ад палякаў перадаюцца ў Цэнтр дакументацыі і вывучэння пантыфікату Яна Паўла ІІ у Польскім доме на Віа Касія ў Рыме, дзе знаходзіцца сталая экспазіцыя гэтах падарункаў. Туды трапляюць таксама кнігі, ахвяраваныя Папе, якія ён, аднак, не пакінуў у сваёй бібліятэцы.

— Цяпер у Італіі рыхтуецца тэлевізійны фільм пра Яна Паўла ІІ, сцэнарый якога напісаны паводле кнігі «Storia di Karol» вядомага італьянскага ватыканіста Джыяно Франко Свідэркоша. Ці знаёмы Святы Айцец са сцэнарыем гэтага фільма, ці спадабаўся ён яму?

— Мне здаецца, Святы Айцец нават не здагадваецца аб падрыхтоўцы такога фільма. Фільм не ствараецца пад пратэкцыяй Апостальскай Сталіцы, хаця яго аўтарам і хацелася б зрабіць такое ўражанне. Яны звярнуліся да мяне з просьбай пазнаёміцца са сцэнарыем. Я гэта зрабіў і перадаў ім свае заўвагі. Супрацоўніцтва ідзе добра, бо для аўтараў важна, каб фільм падаў асобу Караля Вайтылы ў рэаліях падзей, якія адбываліся ў перадваеннай, акупаванай і пасляваеннай Польшчы. Стваральнікі фільма вельмі адкрытыя на ўсё, што можа паўплываць на сэнс галоўнай ідэі фільма. Трэба прызнаць, што сцэнарый вельмі прыгожы, і хацелася б, каб ён мог быць рэалізаваны. Падчас сустрэч са стваральнікамі фільма я імкнуўся растлумачыць, што яны не павінны рабіць уражання, нібы фільм паўстае «пад крыламі» Ватыкана, бо такім чынам яны распаўсюджваюць меркаванне, быццам стужка не з’яўляецца незалежнай працай. А гэта не так. Я не выступаю цэнзарам, я не зацвярджаю, а толькі дапамагаю. (...)

Гутарылі: Марцін Пшэцішэўскі
і Багуміл Лазінскі.
КАІ № 27 за 2004 г.

Пераклад з польскай мовы
Т. Мухляды