У Канстытуцыі пра святую Літургію Другога Ватыканскага Сабору «Sacrosanctum Concilium» чытаем: «Каб багацей падрыхтаваць для вернікаў стол Божага слова, трэба шырэй адкрываць біблійную скарбніцу, каб на працягу ўстаноўленай колькасці гадоў народу прачытвалася большая частка Святога Пісання».

Для гэтага Маці Касцёл прапануе сваім дзецям на кожны дзень адпаведныя біблійныя тэксты, якія чытаюцца ў літургіі слова на Святой Імшы. Каб зерне Божага слова, трапляючы ў душы вернікаў, прыносіла шчодры плён (пар. Мц 13), мы прапануем нашым чытачам новую рубрыку — «Стол Божага слова», якую будзе весці ксёндз доктар Пётр Сялкоўскі, канцлер Віцебскай курыі.

У гэтай рубрыцы можна будзе прачытаць тэксты са Святога Пісання на нядзелі, а таксама кароткі каментар да іх, які дапаможа лепш зразумець сэнс Божага слова, бо «не хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Бога» (Мц 4, 4).

32-я Звычайная нядзеля — 07.11.2004 г.
Чытанні: 2 Мак 7, 1-2.9-14; Пс 17 (16); 2 Тэс 2, 16 – 3, 5.

Евангелле (Лк 20, 27-38):

Падышлі некаторыя з садукеяў, якія адмаўлялі ўваскрасенне, і спыталіся ў Езуса: Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і ўзбудзіць патомства брату свайму. Было ж сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны. Потым другі і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі. Урэшце памерла і жонка. Дык вось, пасля ўваскрасення, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю.

Езус сказаў ім: Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, ні памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрасення. А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра куст, калі назваў Пана «Богам Абрагама, і Богам Ісака, і Богам Якуба». Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць.

Ці сапраўды існуе ўваскрасенне? Многія людзі і да сённяшняга дня не вераць у яго, як у часы Хрыста фарысеі, якія паходзілі з багатых і ўплывовых святарскіх родаў. Наколькі ж іх разуменне было спрошчаным, калі Езус растлумачвае, што ўваскрасенне не з’яўляецца звычайным працягам цялесных функцый зямнога жыцця. Езус робіць параўнанне з анёламі. Уваскрасенне — гэта не проста нейкі вымысел. Яго сапраўднасць паказаў сам Хрыстус праз сваё цела, якое, яшчэ маючы на сабе сляды мукі, паўстала з мёртвых і захавала ўсё перамененае багацце любові і сяброўства.

«Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць». Для Бога няма рэчаў немагчымых. Беззаганнае Зачацце і Змёртвыхпаўстанне можна альбо разам прыняць, альбо адкінуць. Абедзве гэтыя падзеі з’яўляюцца справамі Божай Усемагутнасці, якая дае жыццё.

Марыя ўжо ўваскрэсла і жыве ў Бога са сваім дзявочым целам, сфармаваным па прыкладзе змёртвыхпаўсталага цела Езуса. Гэтая праўда пра Унебаўзяцце была абвешчана Піем XII і пацверджана ІІ Ватыканскім Саборам.

Тая, якая падчас звеставання назвала сябе слугою Панскаю і была сапраўднаю вучаніцаю Хрыста, цяпер праслаўлена як Каралева Усяго Свету. Марыя разам з Езусам чакае нас. Для Бога, які з’яўляецца Богам усіх жывых, мы жаданыя дзеці.

33-я Звычайная нядзеля — 14.11.2004 г.
Чытанні: Мал 3, 19-20а; Пс 98(97); 2 Тэс 3, 7-12.

Евангелле (Лк 21, 5-19):

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Езус сказаў: Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены.

І спыталіся ў Яго: Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?

Ён сказаў: Глядзіце, каб вас не звялі, бо шмат хто прыйдзе пад імем Маім, кажучы «гэта Я», – і: «наблізіўся час». Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але канец не адразу.

Тады сказаў ім: Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба. Але раней за ўсё гэта накладуць на вас рукі свае і будуць пераследаваць вас, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і валадарамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.

Выдаваць вас будуць таксама бацькі, і браты, і родныя, і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І ўсе зненавідзяць вас за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе.

Цярпеннем сваім уратуеце жыццё вашае.

Заўсёды былі (і ёсць) людзі, ілжывыя прарокі, якія прадказвалі катастрофы. Але Езус перасцерагае: «Глядзіце, каб вас не звялі». Бо колькі ж існуе псеўдахрысціянаў, ілжывых месіяў, сектаў, якія прапаведуюць прышэсце Хрыста, канец свету, прапануюць свой погляд, які часта супярэчыць галоўным праўдам Евангелля. Езус нас не палохае, але заклікае да таго, каб мы былі ўнутрана гатовыя да гэтага і заставаліся вернымі Яго слову. Бог з’яўляецца Панам гісторыі, і Яго дзецям няма чаго баяцца, калі іх вера будзе моцнай.

Божы план вядзе нас да жыцця, а не да смерці і знішчэння. Нашым гарызонтам з’яўляецца надзея, бо судны дзень, эсхаталагічныя падзеі — гэта знакі прышэсця Хрыста ў хвале, жывога і ўваскрослага. Хрысціяне ведаюць, што кожны час, кожная хвіліна — гэта час сведчання, час мучаніцтва.

Мы можам быць спакойныя, бо калі будзем мець моцную веру і глыбокую прывязанасць да Хрыста праз святыя сакрамэнты, асабліва праз сакрамэнт пакаяння і Эўхарыстыі, нічога не зможа нас адарваць ад Яго. Аднаго мы павінны баяцца і палохацца: прывязанасці да граху і трывання ў ім.

34-я Звычайная нядзеля — 21.11.2004 г.
Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету
Чытанні: 2 Сам 5, 1-3; Пс 122(121); Клс 1, 12-20.

Евангелле (Лк 23, 35-43):

Насміхаліся з Езуса разам з народам і кіраўнікі, кажучы: Іншых ратаваў, няхай уратуе сябе самога, калі Ён Месія, выбраны Богам. Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго. Падыходзілі і падносілі Яму воцат, кажучы: Калі Ты Кароль юдэйскі, уратуй сябе самога.

І быў над Ім надпіс: Гэта Кароль юдэйскі.

Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас. А другі ў адказ дакараў яго і казаў: Ты нават Бога не баішся, хоць і сам асуджаны на тое самае? Мы асуджаныя справядліва, бо за тое, што зрабілі, атрымліваем. Ён жа нічога благога не зрабіў. І сказаў: Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства.

Езус адказаў яму: Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі.

Гэта ўжо апошняя нядзеля літургічнага года. Касцёл славіць свайго Валадара і аднаўляе Яму свае паслухмянасць, веру і любоў. Ён — дзіўны Валадар, укрыжаваны паміж двума ліхадзеямі і прызнаны злачынцам.

Гэта было так нядаўна. Трыццаць тры гады таму маладой юдэйскай дзяўчыне Анёл звеставаў: «Зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына і дасі Яму імя: Езус. Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасць Яму Пан Бог пасад Давіда, бацькі Яго, і валадарыць будзе над домам Якуба навекі, і валадарству Яго не будзе канца». Марыя пад крыжам, напэўна, успомніла гэтае абяцанне. Тады Яна зразумела, што царская годнасць Яе Сына не мае нічога агульнага з магутнасцю валадароў гэтага свету.

З палітычнага пункту гледжання, адзін са злачынцаў зневажаў Яго: «Калі Ты Месія, уратуй сябе і нас». Аднак Езус, сапраўдны Валадар, застаецца на крыжы. Яго хвала і моц — гэта служэнне, а не панаванне. Гэта сапраўднае збаўленне, якое вызваляе чалавека ад яго зняволення, перадусім — ад зняволення грахом. Нас вызваляе крыж збаўлення, а не магутнасць.

Другі злачынца ўпершыню назваў Езуса па імені, зразумеў Божую мудрасць і салідарнасць, логіку, што Езус памірае таксама за яго. Ён зразумеў, што Валадарства Хрыста распасціраецца па-за межы чалавецтва, смерці, і таму ён давярае сваё жыццё і асобу сапраўднаму Валадару, Езусу. А Езус кажа: «Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі».

Трэба належаць да Хрыста, жыць з Хрыстом і ў Хрысце, каб быць з Хрыстом назаўсёды. Каб спазнаць Сапраўднае Валадарства, каб сустрэць Сапраўднага Валадара і быць з Ім.

1-я Нядзеля Адвэнту (Год А) — 28.11.2004 г.
Чытанні: Іс 2, 1-5; Пс 122(121); Рым 13, 11-14.

Евангелле (Мц 24, 37-44):

Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая.

Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.

Мы распачынаем чарговы Адвэнт у нашым жыцці. Распачынаем яго словамі: «Чувайце... Будзьце гатовыя». Часта нашае жыццё — павольнае, павярхоўнае, пазбаўленае напружання, аніякае, бясколернае. Многія людзі сёння жывуць толькі цяперашнім момантам і зацікаўлены адзіна пошукам і ўжываннем адурманьваючых сродкаў. Свет ужо не асвячаецца святлом Хрыста, паколькі пазіцыя многіх хрысціянаў цьмяная і няясная, хрысціяне пасіўныя і лянівыя. Можа, яны ўжо не здольныя пачуць крокі Хрыста, які ідзе па нашых гарадах і вёсках і кажа: «Вось, стаю пры дзвярах і стукаюся; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, дый ён са Мною» (Ап 3, 20).

Вучэнне Касцёла тлумачыць, што Адвэнт — гэта час радаснага чакання прыйсця Пана Езуса. Адвэнт нагадвае таксама пра прыйсце Пана напрыканцы вякоў (Парусія), разам з тым — пра памятку Яго прыйсця праз 2004 гадоў. Адвэнт з’яўляецца часам чакання радаснага, а не лянівага ці соннага. Няхай час Адвэнту будзе хрысціянскім часам — часам падрыхтоўкі нашых сэрцаў, дамоў, сем’яў да свята Нараджэння Пана і часам аднаўлення глыбокай духоўнай сувязі з Хрыстом.