4 лістапада:
святога Караля Барамея, біскупа.

Нарадзіўся 3 лістапада 1538 года ў Мілане. Арцыбіскуп Мілана, кардынал, заслужаны дзеяч у галіне рэформы Касцёла. Памёр 3 лістапада 1584 года. Дзень апекуна Святога Айца Яна Паўла ІІ.

10 лістапада:
святога Льва Вялікага, Папы і доктара Касцёла.

Паходзіў з Тасканы (Італія). Калі ў 440 годзе ў якасці папскага дэлегата прыбыў у Галію, быў абраны Папам і пасля свайго вяртання кансэкраваны на біскупа Рымскага. Яго пантыфікат прыпаў на часы шматлікіх тэалагічных спрэчак і праблем сярод касцёльнай іерархіі. Святы Леў памёр 10 лістапада 461 года.

11 лістапада:
святога Марціна, біскупа.

Нарадзіўся ў 316 ці 317 годзе ў Паноніі (сённяшняя Венгрыя), дзе яго бацька працаваў ваенным трыбунам. Рымскі афіцэр, а пасля — біскуп у Туры (Францыя), ён праславіўся і стаў вядомым дзякуючы сваёй вялікай міласэрнасці (яшчэ падчас службы ў войску, сустрэўшы бедняка, аддаў яму палову свайго плашча). Адзін з найбольш папулярных святых у Сярэднявеччы. Памёр 8 лістапада 397 года, але пахаваны быў 11 лістапада, і гэты дзень прыняты як дзень успаміну св. Марціна.

12 лістапада:
святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка.

Паходзіў з Уладзіміра Валынскага, з мяшчанскай сям’і. Нарадзіўся каля 1580 года. Юнаком па жаданні бацькоў накіраваўся ў Вільню, каб авалодаць прафесіяй купца. У Вільні ён сутыкнуўся з руплівымі духоўнікамі і ўключыўся ў інтэнсіўнае жыццё і справы маладой уніі. У 1604 годзе прыняў базыліянскі хабіт, а пазней — пасвячэнні пераддыяканату і дыяканату. Адначасова распачаў тэалагічнае служэнне, а ў 1609 годзе прыняў святарскія пасвячэнні і быў прызначаны апекуном навіцыяту. У гэты час ён ужо апынуўся на першай лініі барацьбы, якая завязалася паміж абаронцамі і праціўнікамі уніі. Дзякуючы сваёй стараннасці быў празваны «душахватам». Настаяцелі давяралі яму новыя, усё больш адказныя пасады і працу. У 1613 годзе быў прызначаны архімандрытам у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Вільні, а ў 1617 годзе атрымаў прызначэнне на месца полацкага каад’ютара. Неўзабаве памёр бродніцкі арцыбіскуп, і Язафат прыняў кіраванне на тэрыторыі велізарнай дыяцэзіі. Дзякуючы стараннаму служэнню было шмат навяртанняў, але ўсё больш з’яўлялася праціўнікаў яго дзейнасці, якімі кіраваў Мялецій Сматрыцкі. Падчас візіту арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча на сейм у Варшаву на тэрыторыі яго дыяцэзіі пачаліся хваляванні. Пасля вяртання з Варшавы, у часе аднаго з такіх хваляванняў 12 лістапада 1623 г. у Віцебску, дайшло да дэманстрацыі перад яго домам. Калі арцыбіскуп выйшаў, каб супакоіць натоўп, два чалавекі напалі на яго, а іншы дабіў яго стрэламі ў галаву. Цела арцыбіскупа ўтапілі ў Дзвіне. Беатыфікацыю здзейсніў Папа Урбан VIII у 1642 г., а кананізацыю — Папа Пій XI у 1867 г. Рэліквіі, знойдзеныя ў 1916 г. у Белай Падляскай, былі перавезены ў Вену, а потым — у базыліку св. Пятра ў Рыме, дзе і захоўваюцца. Святы Язафат Кунцэвіч з’яўляецца галоўным апекуном Віцебскай дыяцэзіі.

17 лістапада:
святой Альжбеты, удавы і законніцы.

Нарадзілася ў 1207 г., хучэй за ўсё, у Браціславе. Княгіня Цюрынгіі, яна вельмі любіла свайго мужа, якому нарадзіла траіх дзяцей. Пасля смерці мужа, які загінуў ў 1227 г. падчас аднаго з крыжовых паходаў, прысвяціла сваё жыццё ўбогім і церпячым. У 1228 г., як першая тэрціярка ў Германіі, прыняла францішканскі хабіт. Памерла ад знясілення ў ноч з 16 на 17 лістапада 1231 года, калі мела 24 гады. Трэці францішканскі закон абраў яе сваёй апякункай. Святая Альжбета — цудоўны прыклад самаахвярнасці і міласэрнасці.

22 лістапада:
святой Цэцыліі, дзевы і мучаніцы.

Была замучана ў Рыме 22 лістапада каля 200 года. З’яўляецца апякункай касцёльнай музыкі. У яе біяграфіі шмат легендарных элементаў. Апякункай касцёльнай музыкі і спеву была абрана ў канцы Сярэднявечча.

24 лістапада:
святых мучанікаў Андрэя Дунг-Лак, святара і яго паплечнікаў.

Праца каталіцкіх місіянераў на тэрыторыі сённяшняга В’етнама распачалася ў XVI стагоддзі. У пазнейшыя стагоддзі шматразова арганізоўваліся жудасныя пераследы, падчас якіх прынялі смерць за веру місіянеры з Еўропы і шматлікія в’етнамцы. 19 чэрвеня 1988 года Папа Ян Павел ІІ кананізаваў 119 в’етнамскіх мучанікаў, сярод якіх было 8 біскупаў, 37 в’етнамскіх святароў і 59 свецкіх в’етнамцаў.

30 лістапада:
святога Андрэя Апостала.

Рыбак, родам з Віфсаіды Галілейскай, брат св. Пятра, замучаны ў Патрасе (Грэцыя), паводле традыцыі — 30 лістапада 60 года. Асабліва ўшаноўваецца Усходняю Царквою.

Падрыхтаваў
кс. д-р Пётр Сялкоўскі,
канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі