Працяг. Пачатак у №11 за 2003 г. >>>

Адным з сямі найстаражытнейшых хрысціянскіх храмаў Рыма ёсць базыліка Святога Крыжа Ерузалемскага — Santa Croce in Gerusalemme. Яна была заснаваная яшчэ ў 330 г. імператарам Канстанцінам Вялікім па жаданні яго маці Алены. Будучая святая ў той час вярнулася з пілігрымкі ў Святую Зямлю, дзе ёй пашчасціла знайсці Крыж, на якім быў распяты Хрыстус. Яна вырашыла прывезці каштоўную рэліквію ў свой імператарскі Цэсарыянскі палац. Пасля некаторых архітэктурных перабудоў, а менавіта пабудовы апсіды, палац стаў базылікай Святога Крыжа Ерузалемскага. На працягу V ст., са змяненнем палітычнай і рэлігійнай сітуацыі, базыліка Святога Крыжа страціла свой выключна прыватны характар і разам з новымі базылікамі стала адной з літургічных «станцый», якой рымскія першасвятары даверылі заданне пашыраць сферу рэлігійнага ўплыву базылікі святога Яна Хрысціцеля ў Латэране, які яшчэ заставаўся на ўскраіне Рыма.

У 720 г. намаганнямі Папы Рыгора ІІ у базыліцы Святога Крыжа былі перабудаваны дах і калоны, але сапраўднае ажыўленне храма пачалося ў 1144 г., падчас пантыфікату Папы Луцыя ІІ (1144–45). Перш за ўсё Папа Луцый ІІ пачаў пабудову званіцы, на якой і сёння гучаць званы, а таксама шмат іншых перабудоў і рэстаўрацыйнай працы. Пасля поўнага аднаўлення храм перадалі пад апеку канонікаў Латэранскіх, для якіх побач былі ўзведзены кляштарныя будынкі. На працягу Авіньёнскага выгнання базыліка зноў прыйшла на доўгі час у заняпад, пакуль Папа Урбан V (1362 –70), які пачаў грандыёзную рэстаўрацыю сваёй катэдры, базылікі святога Яна Хрысціцеля, вырашыў аднавіць і базыліку Святога Крыжа.

У XV ст. капліцу святой Алены ўпрыгожыла мазаіка Бласлаўлёнага Збавіцеля, вакол якога на фрэсках адлюстраваны выявы евангелістаў Лукі, Марка, Яна і Мацея, сюжэт падання аб пошуках Святога Крыжа. На адной з арак паказаны святы Сільвестр, святая Алена з Крыжом і сімвалы Хрыстовых мукаў, на другой арцы — святыя Пётр, Павел, Баранак Божы. На апсідзе адлюстравана Легенда Сапраўднага Крыжа, заснаваная на апісанні манускрыпта XI стагоддзя, што захоўваецца ў Цэсарыянскім фондзе. Рукапіс сведчыць, што ў 326 г. імператрыца Алена пажадала адшукаць Крыж Езуса ў Ерузалеме. Аднак знайсці месца ўкрыжавання Хрыста было вельмі складана, бо амаль тры стагоддзі рымскія ўладары знішчалі ўсялякі напамін пра святую гісторыю і святыя месцы. Галгофу і Грабніцу Хрыста засыпалі зямлёй, на ўзгорку пабудавалі капішча Венеры, увесь Ерузалем быў напоўнены паганскімі храмамі і статуямі.

Імператрыца Алена ведала пра звычай закопваць прыстасаванні пакарання побач з месцам яго здзяйснення, але ніхто не ведаў дакладна пра месца ўкрыжавання Хрыста. Толькі адзін старац па імені Юда прывёў шукальнікаў на тое месца. Пры раскопках былі знойдзены ўсе тры крыжы, але дошчачка з надпісам «Езус Назарэйскі, Кароль Юдэйскі» ляжала ў зямлі асобна і таму здавалася немагчымым даведацца, які з крыжоў нёс на сабе Хрыстус. Тады Ерузалемскі патрыярх Макарый загадаў прынесці крыжы да ложка нейкай хворай і ў прысутнасці царыцы Алены і мноства народа крыжы па чарзе ўскладалі на жанчыну, якая была цудоўна вылечана пасля дакранання трэцяга крыжа.

Пазней, у 335 годзе, па загадзе імператара Канстанціна ў Ерузалеме ўзвялі велічны храм у гонар Уваскрасення Хрыстова. Ён будаваўся 10 гадоў і быў такі вялікі, што ўнутры яго знаходзіліся Галгофа і Грабніца Хрыстова. Менавіта ў той час некаторыя святыя рэліквіі былі перавезены ў Рым для пакланення і распаўсюджвання Хрыстовай веры. Амаль праз тры стагоддзі, у 614 годзе, персідскі цар Хазрой захапіў Ерузалем і вывез дрэва святога крыжа зачыненым у каўчэгу ў сваю краіну. Там крыж знаходзіўся 14 гадоў, але за гэты час ніхто не адважыўся дакрануцца да хрысціянскай святыні. У 628 г. новы цар Персіі Сіроэс пажадаў міру з візантыйскім імператарам Іракліем і вярнуў цудоўнае дрэва Хрыстова Крыжа.

І сёння ў касцёле Святога Крыжа Ерузалемскага каля алтара захоўваюцца вялікія хрысціянскія святыні: частка надпісу, што быў на Крыжы Хрыстовым, кавалак таго Крыжа, цвік, церні з вянца Хрыстова. Побач з алтаром ёсць лесвіца, якая вядзе ў падземны прыдзел святой Алены, маці Канстанціна Вялікага. Тут гэтая царыца паклала шмат зямлі з Галгофы і ўпрыгожыла гэта месца цудоўнымі мазаікамі: Збавіцель у медальёне, чатыры евангелісты, адшуканне Крыжа, Папа Сільвестр, царыца Алена, апосталы Пётр і Павел. Сам храм упрыгожваюць выдатныя карціны знакамітых мастакоў італьянскага Адраджэння. Цудоўны фасад базылікі Святога Крыжа Ерузалемскага змяняўся некалькі разоў: упершыню яшчэ ў 1492 г. пад кіраўніцтва кардынала Ганзальво ді Мендоза, а потым у 1743 г. падчас праўлення Папы Бенедыкта XIV (1740–58). Тады, падчас рэстаўрацыі, быў зроблены паўкруглы фасад, а над балюстрадай усталяваны статуі евангелістаў Лукі, Марка, Яна і Мацея, а таксама святой Алены і Канстанціна.

На гэтым мы заканчваем гутаркі, прысвечаныя сямі юбілейным базылікам, якія ўжо 14 стагоддзяў дапамагаюць пілігрымам знайсці сапраўдныя святыні ў вечным Рыме — сэрцы каталіцкага свету, якое дае вялікую духоўную радасць.

Працяг у №11(114) 2004 >>>
Сяргей Кірык