У жыцці проста неабходна бывае часам замарудзіць крок, спыніцца, каб, згадаўшы вечныя ісціны, ачысціўшыся ад неістотнага, з чыстым сумленнем крочыць далей. У штодзённасці, у тлуме зрабіць гэта не так і проста: замінаюць клопаты, турботы, заўсёдны, калі апраўданы, а калі і не зусім, недахоп часу. Тым больш цэніш тыя нячастыя хвіліны, якія Пан Бог нібы знарок пасылае табе дзеля такога ачышчэння.

Асабіста для мяне, як і для сямі маіх равесніц з Глыбокага, Віцебска, Мінска, Езярышчаў, іншых мясцін, такімі хвілінамі сталі некалькі рэкалекцыйных дзён у Польшчы напрыканцы летніх канікулаў, арганізаваных для нас сястрой Ніколяй з ордэна сясцёр служабнічак Найсвяцейшай Панны Марыі з віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага.

Так сталася, што на тэрыторыі суседняй краіны мы апынуліся якраз у дзень ушанавання памяці заснавальніка ордэна Эдмунда Баяноўскага, і гэта быў першы крок да таго духоўнага ўзрастання, якое падаравала нам амаль дзесяцідзённая вандроўка па каталіцкіх мясцінах Польшчы.

Незабыўнае ўражанне пакінула наведанне маляўнічага мястэчка Палавіцы, дзе наша група на працягу трох дзён жыла ў сем’ях і брала актыўны ўдзел у Эўхарыстыі разам з польскімі равеснікамі. Цікава і карысна было даведацца, пабачыць на ўласныя вочы, як моляцца суседзі, як ставяцца да ўсяго таго, што складае падмурак польскай каталіцкай традыцыі. А бачачы, паразважаць і над тым, як жа нам паводзіць сябе на шляху да мацавання традыцыі ўласнай, як пазбаўляцца ад камянёў граху і бязвер’я.

Наступны этап нашай вандроўкі нібыта і не быў наўпрост звязаны з тэмаю рэкалекцый, і разам з тым менавіта ён найбольш узрушыў і выклікаў найбольш душэўных перажыванняў. Асвенцім — страшнае месца масавага знішчэння людзей падчас вайны, але і тут, як ні дзіўна, мы сустрэлі яскравыя прыклады Боскага ў чалавеку, узоры служэння Езусу і людзям. Максіміліян Кольбэ, які ў і жудасным 1941-м цаною ўласнага жыцця выратаваў жыццё іншаму вязню...Ружанец з кавалачкаў хлеба, магчыма, апошніх... Святары і законныя сёстры, што паміралі ў камерах за Касцёл і веру... Што давала ім моц несці свой крыж да астатняй хвіліны?

Чалавекам з сучаснасці, які найбольш уразіў нас падчас пілігрымкі, стаў а. Богдан, які вось ужо 14 гадоў працуе ў Новай Гвінеі. Ягоныя словы пра прыроду і прызначэнне чалавечага таленту, прамоўленыя ў часе Святой Імшы ў дыяцэзіяльным доме спатканняў у Брэнне, міжволі скіроўвалі на асэнсаванне ўласнага жыцця, на спасціжэнне сваёй чалавечай і хрысціянскай сутнасці.

Месцам жа, якое найбольш, на мой погляд, адпавядала галоўнай мэце нашага вандравання, з’явіўся кляштар сясцёр служабніц у Катовіцах. Усё тут спрыяла малітве, натхняла на роздум: і хараство прыроды, і гасціннасць сёстраў, і святыні, што месцяцца наўкола. Адна з іх — францішканскі касцёл святога Людвіка — асабліва зачаравала багаццем аздобы і веліччу.

Не менш уразіла багаццем дэкору і пластычнасцю формаў пабудаваная ў XV-XVIII стст. кракаўская Марыянская базіліка, дзівосны алтар якой, вынік працы мастака Віта Ствоша, пэўна, доўга яшчэ будзе стаяць перад вачыма, як і сам Кракаў з яго цудоўнай архітэктурай і гаманкімі старажытнымі вулкамі, як і Лагеўнікі з яго санктуарыем Божай Міласэрнасці і апошнім зямным і вечным прытулкамі святой Фаустыны, дзе, укленчыўшы, гэтак выразна адчуваеш на сабе бязмежную любоў Езуса да чалавека.

А яшчэ былі Вадавіцы — спляценне гісторыі і сучаснасці, гісторыі Касцёла і гісторыі жыцця найвялікшага з нашых сучаснікаў Яна Паўла ІІ — чалавека, які ўвесь свой талент, усю энергію скіраваў на справу служэння іншым людзям.

На Ясную Гару ў Чэнстахове асабліва хацелася трапіць, каб памаліцца да Маці Божай разам з сотнямі, тысячамі вернікаў, адчуць сябе часцінкаю Касцёла – гэта шчасце, якое нам таксама выпала падчас пілігрымкі.

Мы вандравалі, маючы за месца сталага пражывання кляштар сясцёр служабніц у Катавіцах. І тут, у кляштары, мы стараліся не заставацца ўбаку ад яго будзённых клопатаў і спраў: разнесці разам з сёстрамі харчаванне нямоглым людзям, падтрымаць таго, хто не ў стане сам сябе дагледзець, — добрая школа выхавання ў сабе спагадлівасці і хрысціянскасці не ўяўнай, а сапраўднай, дзейснай. Не менш запамінальнымі былі і сустрэчы з кандыдаткамі ў сёстры, цырымонія складання сёстрамі першых шлюбаў.

Наогул жа, час праляцеў так хутка, што і не заўважылі, як настаў дзень ад’езду.

Але рэкалекцыі на тым не скончыліся, бо працяг іх чакаў нас у Віцебску. Святыя Імшы, супольныя малітвы і спевы, гутаркі на розныя рэлігійныя і проста жыццёвыя тэмы — усё гэта таксама было вельмі цікава і змястоўна. Цёпла прыняў і благаславіў удзельніц рэкалекцый, выказаўшы самыя найлепшыя пажаданні, ксёндз біскуп Уладзіслаў Блін. Пастаянна апекаваліся намі на працягу трох дзён сястра Шчэпана і кандыдатка Света, іншыя людзі.

Хочацца ад усяго сэрца падзякаваць усім ім, а найперш сястры Ніколі за ўвагу і сардэчнасць, за тое, што далі нам такую цудоўную магчымасць паглыбіць свае рэлігійныя веды, умацаваць веру, наблізіцца на яшчэ адзін крок да асэнсавання таго, што ёсць у жыцці найбольш патрэбным і важным.

Алена Немянёнак,
студэнтка мастацка-графічнага факультэта
Віцебскага дзяржуніверсітэта.

Фота сястры Ніколі