Адметны гэта час. Незвычайны. Напоўнены малітваю, чытаннем Божага слова, разважаннямі. Час, калі чалавек, нібы ў люстэрка, узіраецца ў глыбіню свайго сэрца. Калі ён не баіцца ставіць сам сабе пытанняў і шукаць на іх адказы. Калі чалавек аналізуе свае ўчынкі, думкі, памкненні, мары. Гэта той час, калі не на словах, а сэрцам, усёй сваёй істотай можна адкрыць ашаламляльную праўду пра Божую любоў да цябе альбо пра Божы дакор. І не толькі адкрыць гэтую праўду, але і адказаць на яе зрухам душы альбо нейкім канкрэтным рашэннем.

Рэкалекцыі для хлопцаў у Друі, якія праводзяць айцы марыяне, маюць ужо даволі даўнюю традыцыю. Сёлета ў іх прымалі ўдзел 12 хлопцаў з розных рэгіёнаў Беларусі. У апошні дзень рэкалекцый яны дзяліліся ўражаннямі пра гэты незвычайны час. Магчыма, пра думкі некаторых з іх цікава будзе даведацца і чытачам нашага часопіса.

Антон, г. Барысаў:
– Я ўпершыню быў на рэкалекцыях і таму не магу параўноўваць іх з нейкімі іншымі. Адно скажу з упэўненасцю: я адчуваў сябе на іх вельмі добра. Мне шмат чаго адкрылася ў тыя гадзіны, калі мы чыталі і абмяркоўвалі фрагменты Святога Пісання. А яшчэ вельмі важна, што быў час на асабісты роздум. Старажытная Друя гэтаму спрыяе. Нават дзіўна: нібыта і шмат часу, калі не трэба нікуды спяшацца ды баяцца, што не паспееш штосьці зрабіць, а адначасна ты нібы адчуваеш, як праплывае гэты час. І табе зусім не хочацца патраціць яго дарма.

Максім, г. Мінск:
– Усё было проста супер. Пасля сталічнага рытму жыцця пабыць цэлых пяць дзён без Інтэрнэту, тэлебачання, прэсы – сапраўдная раскоша. У часе абмеркавання самых розных, часта няпростых пытанняў мы не баяліся выказвацца, не баяліся, што нас могуць не зразумець. Мабыць, гэтаму спрыяла тое, што і кіраўнік рэкалекцый, айцец Міхал Цвячкоўскі, і ксяндзы дыяканы Аляксандр Шамрыцкі і Аляксандр Жарнасек не нашмат старэйшыя за нас. А чаго магло б і не быць на рэкалекцыях? На маю думку, футбола. Я разумею, што гэта – актыўны адпачынак. І ўсё ж, як па мне, то лепш бы гэты час патраціць на абмеркаванне нейкіх праблем.

Максім, г. Гомель:
– Я не згодны, што значнасць рэкалекцый у тым, што ў гэты час можна забыцца пра кампутар ды Інтэрнэт. З такім поспехам можна паехаць да бабулі і там адпачыць, альбо прыкласці сілу волі ды адмовіцца на колькі дзён ад сродкаў камунікацыі. Як для мяне, то незвычайная радасць у тым, што ўсіх нас аб’ядноўвае вера ў Бога. У штодзённым жыцці мне проста хранічна не хапае сяброў-аднаверцаў. На ўсіх нас вялікае ўражанне зрабіла паездка на месца пакутніцкай смерці блаславёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, у Росіцу.

Антон, г. Барысаў:
– У Друі самі старажытныя вулкі ды старадаўнія камяніцы запрашаюць да глыбейшага роздуму, хочацца аналізаваць свае ўчынкі, думкі, памкненні. А сцены кляштара, здаецца, прасякнуты малітвамі, і табе самому таксама хочацца размаўляць з Богам.

Максім, г. Мінск:
– І Эўразвяз зусім побач: на тым беразе Дзвіны – ужо Латвія...

Яўген, г. Полацк:
– Вельмі класна, што кіраўнікі рэкалекцый успрымалі нас усур’ёз. У нас жа, вядома, не такія, як у іх, веды, а было адчуванне, што мы размаўляем на роўных. Гэта здорава.

Валеры, г. п. Мёры:
– Цудоўна тое, што ў нас была магчымасць самім разважаць, а не толькі слухаць кіраўнікоў рэкалекцый. Гэта не так проста, як можа здацца на першы погляд. Але вельмі цікава і карысна. Думаю, кожны з нас атрымаў на рэкалекцыях штосьці глыбока асабістае, пра што, магчыма, ён і не скажа цяпер, пры абмеркаванні. Важна, каб мы навучыліся дзяліцца сваім досведам веры з іншымі.

Максім, г. Мінск:
– Так, гэта вельмі важна, каб мы пасля рэкалекцый неслі іхняе святло іншым, каб мы дзяліліся тым Божым супакоем, які дыхнуў на нас у Друі, з тымі, хто яго прагне. Бо вядома ж, што калі ты хочаш штосьці змяніць у гэтым свеце, то трэба пачынаць з сябе.

Максім, г. Гомель:
– Увогуле, адназначна, відаць, нельга сказаць, удаліся рэкалекцыі альбо не. Гэта настолькі асабістае... Галоўнае, што кожны з нас меў добрую магчымасць зазірнуць у сваё «я».

Дыякан Аляксандр Жарнасек:
– Я шмат разоў раней сам удзельнічаў у друйскіх рэкалекцыях, а пазней і дапамагаў іх праводзіць. Скажу адразу, што я задаволены, бо на рэкалекцыі ці не ўпершыню прыехалі тыя, хто хоча знайсці адказы на нейкія канкрэтныя пытанні, хто сур’ёзна ставіцца да веры. І таму вялікую памылку робяць тыя, хто ўспрымае рэкалекцыі як яшчэ адну магчымасць разнастаіць свой вольны час. Тады яны і для сябе не атрымліваюць карысці, і іншым перашкаджаюць. У ідэале, вядома, добра было б, калі б быў выбар, і адны маглі паехаць на больш лёгкія рэкалекцыі, дзе і спяваюць, і адпачываюць, другія – на сцісла малітоўныя, трэція – на тыя, дзе ёсць шмат маўчання і разважанняў у цішы. Вельмі гэта важна, калі ёсць выбар.

Дыякан Аляксандр Шамрыцкі:
– Галоўнай задачай арганізатараў рэкалекцый было даць іхнім удзельнікам найбольшую свабоду дзеянняў, думак, выказванняў. Чаму гэта важна? Усе вы, хлопцы, знаходзіцеся ў тым узросце, калі вельмі важна распазнаць Божы план адносна кожнага. Таму мы і імкнуліся стварыць вам умовы для самааналізу, магчымасці зазірнуць у сваю душу, навесці кантакт з Богам. Мне асабіста было вельмі цікава слухаць вашы выказванні пра веру, жыццё, будучыню. Што менш спадабалася? Тое, што не заўсёды мы яшчэ імкнемся бачыць патрэбы свайго бліжняга, заўважаць старэйшых, не заўсёды спяшаемся, вобразна кажучы, саступіць самі ўбок і даць дарогу іншаму. Можа, хтосьці скажа, што гэта дробязі, бо мы ж прыехалі сюды паглыбляць веру, а не вывучаць ды практыкаваць правілы добрых паводзін. Але на адных з заняткаў мы ўсе згадзіліся з тым, што найчасцей сур’ёзныя перашкоды на нашым шляху да Бога вырастаюць менавіта з драбязы, штодзённасці. Таму прашу звярнуць на гэта самую сур’ёзную ўвагу. Бо чаму мы ўсе хочам навучыцца? Любіць Бога і бліжняга. І рэкалекцыі для гэтага – найлепшы час.

Айцец марыянін Міхаіл Цвячкоўскі:
– Задача кожных рэкалекцый – пасеяць у душах удзельнікаў зернейкі веры. Потым жа ўжо ад самога чалавека залежыць, ці прарастуць тыя зернейкі і ці дадуць плён. Можа, некаторыя ўдзельнікі не зусім зразумелі, чаму мы, арганізатары, не дазвалялі ім у вольны час глядзець тэлевізар альбо гуляць у кампутарныя гульні. Мы рабілі гэта свядома, бо маем перакананне, што на рэкалекцыях нішто не павінна адцягваць увагу чалавека ад галоўнага – пошуку шляхоў да Бога. Але зноў жа: гэты пошук не павінен быць часовым. Чалавек мусіць быць заўсёды з Богам, мусіць заўсёды падтрымліць з Ім сувязь. Дзеля гэтага мы арганізуем не толькі рэкалекцыі ў Друі, але і малітоўныя сустрэчы ў Оршы. На іх я таксама сардэчна запрашаю ўсіх жадаючых. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэл. (02161)2-24-41 альбо e-mail:marianie@tut.by. Несумненна, хтосьці з маладых людзей скарыстае з гэтага запрашэння. Калі ж я запытала ў хлапцоў, ці прыедуць яны ў наступны раз на рэкалекцыі, то адказам было нецярплівае пытанне:«А калі яны будуць?». Вельмі важна тое, што ніхто з удзельнікаў не палічыў час рэкалекцый патрачаным дарма. А плён гэтага часу, магчыма, узрасце ды расквітнее не адразу. Такую ўжо рэкалекцыі маюць уласцівасць – прыносіць плён у будучыні.

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара