Вяночак (польск. koronka ад лац. corona – вянок) – спосаб малітвы на ружанцы, які часцей за ўсё мае падобны да ружанцовай малітвы вусны склад, але іншы змест разважання. Так, напр., існуюць В. да Сэрца Езуса (складаецца з пяці частак па тры таямніцы); В. Сямі Радасцяў Найсв. Панны Марыі (т. зв. «Ружанец серафіцкі»); В. на ўшанаванне Маці Божай Балеснай (маюць па сем таямніцаў) і г.д. У апошні час у Касцёле набыў шырокае распаўсюджанне В. да Божай Міласэрнасці, які складаецца з асаблівых малітваў, укладзеных св. Фаустынай Кавальскай.

Кантэмпляцыя (лац. contemplatio – сузіранне) – адзін са спосабаў мысленнай малітвы, пададзены ў «Духоўных практыкаваннях» св. Ігнацыя Лаёлы. Назва паходзіць ад лацінскага дзеяслова contemplor, што азначае «сузіраць, вельмі ўважліва ў што-небудзь углядацца». Такім чынам, К. – гэта ўважлівае сузіранне таямніцаў Хрыста з дапамогаю ўяўлення, думак і пачуццяў.

Катэхет – асоба, якой даручана правядзенне катэхізацыі.

Катэхізацыя, катэхеза (ад грэцк. katechein – абвяшчаць, вусна настаўляць) – сістэматычнае навучанне праўдам веры, паяднанае з адпаведным рэлігійным выхаваннем. Мэтамі К. з’яўляецца абуджэнне і развіццё веры, азнаямленне са Святым Пісаннем, усведамленне прыналежнасці да Касцёла, уводзіны ў малітоўнае жыццё, засваенне прынцыпаў хрысціянскай маралі і хрысціянскіх адносінаў да жыцця і свету. У некаторых каталіцкіх краінах К. адбываецца не толькі пры касцёлах, але і ў школе, на занятках па рэлігіі. У Беларусі К. звычайна праводзіцца ў парафіях: пачатковая К., падрыхтоўка да прыняцця сакрамэнтаў і г. д.; дзейнічаюць два катэхетычныя каледжы, якія рыхтуюць катэхетаў, – у Баранавічах і ў Гродне.

Катэхізіс – (грэцк., літаральна – абвяшчэнне, вуснае настаўленне) – кніга, у якой падаецца кароткі выклад асноўных праўдаў хрысціянскай веры і маралі ў простай і даступнай фоме. Першапачаткова гэтае слова азначала вуснае настаўленне дзецям і юнакам перад прыняццем хросту. Першы, т. зв. «Рымскі К.», аўтарам якога лічыцца св. Пётр Канізій, быў укладзены ў форме пытанняў і адказаў і ў 1566 г. зацверджаны Трыдэнцкім Саборам. Хоць пасля гэтага з’яўлялася шмат іншых К., аднак ён на працягу многіх гадоў заставаўся падставаю навучання веры і маральнасці ў Касцёле. У 1992 г. быў зацверджаны і выдадзены новы К. Каталіцкага Касцёла, які, па прыкладзе папярэдняга, складаецца з чатырох частак: вызнанне веры, святая літургія з тлумачэннем сакрамэнтаў, прынцыпы хрысціянскай маралі на падставе запаведзяў і хрысціянская малітва.

Малітва – 1. Асаблівая дзейнасць, якая моцна адрозніваецца ад любой іншай чалавечай дзейнасці і з’яўляецца найбольш дасканалым выразам сувязі чалавека з Богам. Адзінаю мэтай М. з’яўляецца ўстанаўленне і ўмацаванне кантакту з Богам, а таксама выяўленне адносінаў чалавека да Бога. Праз М. чалавек з даверам становіцца ў прысутнасці Бога і раскрывае перад Ім пачуцці, думкі і жаданні: выказвае Яму сваю любоў, праслаўляе, складае падзяку, узносіць просьбы, просіць у Яго прабачэння за грахі. Аднак належыць памятаць, што ініцыятыва такога кантакту паходзіць ад Бога, які ў М. адкрывае чалавеку сваю волю і ўмацоўвае яго звышнатуральнымі ласкамі, а таму чалавек заўсёды павінен быць гатовы адказаць на Божую любоў. Такім чынам М. вымагае ад чалавека адпаведнага ўнутранага настрою і засяроджанасці; не можа лічыцца малітвай механічнае выкананне абрадаў (напр., «паставіць свечку»). М. можа быць як індывідуальнай, так і супольнай і выказвацца як пэўнымі малітоўнымі тэкстамі, так і сваімі словамі. Кожная М. скіравана да Бога, нават калі той, хто моліцца звяртаецца да святых або да пэўнага святога, просячы яго аб заступніцтве. Цэнтрам хрысціянскай М. з’яўляецца літургія сакрамэнтаў, якая дасягае сваёй вяршыні ў Эўхарыстыі. 2. Пэўныя прынятыя ў супольнасці вернікаў тэксты, якія з’яўляюцца малітоўнымі зваротамі да Бога і святых. Асноўнымі хрысціянскімі малітвамі з’яўляюцца: Малітва Панская («Ойча наш...»), Анёльскае прывітанне («Вітай, Марыя...»), Сімвал веры («Веру...»), праслаўленне Тройцы («Хвала...»).

Малітоўнік – зборнік рэлігійных і малітоўных тэкстаў, мэтай якога з’яўляецца дапамагаць вернікам у малітве. У Каталіцкім Касцёле вернікі могуць карыстацца толькі тымі М., якія былі зацверджаныя касцёльнымі ўладамі. Дазвол на друк М. дае біскуп, і тады на адной з першых старонак змяшчаецца лацінскае слова «Imprimatur», што азначае «няхай будзе надрукавана», а таксама дата і імя біскупа, які даў дазвол.

Медытацыя (лац. meditatio – разважанне) – адзін са спосабаў мысленнай малітвы, а менавіта: малітоўнае разважанне на розныя духоўныя тэмы. Тэмы для разважання могуць быць узятыя са Святога Пісання, са словаў пэўнай малітвы, з дакументаў Касцёла, з твораў духоўных аўтараў, з прыкладаў жыцця святых і г. д. Галоўнае, каб у разважанні прысутнічала шчырая размова з Богам і каб яно прыводзіла да канкрэтных жыццёвых высноваў і пастанаўленняў. Св. Ігнацый Лаёла адносіць М. разам са Св. Імшой да асноўных духоўных практыкаванняў.

Ружанец (лац. Rosarium – месца, дзе растуць ружы; ружавы сад). Назва Р. з’явілася ў ХІІ ст. і павінна была азначаць малітву, складзеную з ружаў на ўшанаванне Панны Марыі.) – 1. Ружанцовая малітва, якая складаецца з чатырох частак: радаснай, якая прысвечана прыйсцю ў свет Сына Божага; святла, якая прысвечана зямному служэнню Езуса Хрыста; балеснай, якая прысвечана муцы і крыжовай смерці Хрыста, і хвалебнай, прысвечанай уваскрасенню Хрыста, які, узышоўшы на неба, спасылае Касцёлу Духа Святога, а таксама праслаўленню ўнебаўзятай Панны Марыі. Р. звычайна пачынаецца з Сімвала веры, малітвы «Ойча наш...», трох малітваў «Вітай, Марыя...», у якіх вернікі просяць ласкі веры, надзеі і любові, і праслаўлення Найсвяцейшай Тройцы. Кожная частка складаецца з пяці таямніцаў. Паколькі ружанцовая малітва адначасова і мысленная, і вусная, кожная таямніца з’яўляецца разважаннем (медытацыяй) над пэўнай падзеяй гісторыі збаўлення і яе сузіраннем (кантэмпляцыяй), а таксама мае вызначаную вусную форму, якая складаецца з малітвы «Ойча наш...», дзесяці малітваў «Вітай, Марыя...» і праслаўлення Тройцы. Можа адмаўляцца як індывідуальна, так і публічна, у касцёле, пад кіраўніцтвам святара. Ружанцовая малітва набыла вельмі вялікае значэнне ў духоўнасці ўсяго Каталіцкага Касцёла; ёй асаблівым чынам прысвечаны месяц кастрычнік. 2. Нізка пацерак для адмаўлення ружанцовай малітвы. Яна складаецца з пяці дзесяткаў малых пацерак, аддзеленых адна ад адной асобнымі вялікімі пацеркамі, а на пачатку знаходзіцца крыж і тры маленькія пацеркі з дзвюма вялікімі паабапал. На Р. таксама адмаўляюць вяночкі.

Падрыхтаваў Мікола Гракаў


Калі ласка, пакіньце свой каментар.