Архідыяцэзія (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і dioecesis) — тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць арцыбіскуп. У наш час існуюць А. трох тыпаў: 1) якая з’яўляецца цэнтрам мітраполіі, напр., Мінска-Магілёўская А.; 2) гістарычная, якая не захавалася як тэрытарыяльная адзінка і існуе толькі ў якасці тытулярнай; 3) якая не належыць да мітраполіі і не мае падпарадкаваных ёй дыяцэзій.

Арцыбіскуп (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і episkopos) — ганаровы тытул, які надаецца біскупам найбольш значных дыяцэзій з IV ст. ва Усходняй Царкве і з VI ст. ў Заходнім Касцёле. Хоць усе біскупы роўныя і маюць аднолькавую ўладу, апостальскімі правіламі для «захавання еднасці паміж Касцёламі і ўзаемнай дапамогі ў цяжкіх абставінах» асобным біскупам дадзена права вышэйшага нагляду за іншымі, пры гэтым ім надаецца тытул А. У наш час у Каталіцкім Касцёле гэты тытул часцей за ўсё маюць мітрапаліты, а таксама біскупы, якія займаюць высокія пасады ў Ватыкане.

Біскуп (грэцк. episkopos — наглядчык) — вышэйшы сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца паўнатой святарства(2). Б. з’яўляецца наступнікам апосталаў і ўзначальвае пэўную дыяцэзію. Ужо з сярэдзіны ІІ ст. на чале ўсіх буйных хрысціянскіх супольнасцяў былі біскупы, якіх называлі таксама наглядчыкамі і ўпраўнікамі. Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium (Святло народаў) вызначыў ролю біскупаў як «настаўнікаў у навучанні, святароў і кіраўнікоў». Біскупы «замяшчаюць Хрыста... і дзейнічаюць ад Яго асобы», яны — «вяршыня святарства». Б. з’яўляецца асноўным падаўцам святых сакрамэнтаў, але асаблівым чынам у яго кампетэнцыю ўваходзіць пасвячэнне святароў і дыяканаў, канфірмацыя (бежмаванне), а таксама пасвячэнне касцёла. Біскупаў прызначае Папа, і кожныя пяць гадоў Б. павінен бываць у Рыме з візітам ad limina Apostolorum (да магілаў апосталаў Пятра і Паўла), каб зрабіць справаздачу аб становішчы ў даручанай яму дыяцэзіі. Таксама на працягу пяці гадоў Б. павінен праводзіць візітацыю ўсёй сваёй дыяцэзіі. Для дапамогі дыяцэзіяльным біскупам у пастырскім служэнні Святы Пасад можа прызначыць аднаго ці некалькіх дапаможных біскупаў. Для паляпшэння кіравання Касцёлам з улікам асаблівасцяў, якія існуюць у розных краінах свету, Другі Ватыканскі Сабор устанавіў нацыянальныя і рэгіянальныя Канферэнцыі Біскупаў, а таксама Сінод Біскупаў пры Папе.

Дыякан (грэцк. diakonos — служыцель) — ніжэйшы духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца першай ступенню святарства(2). Функцыі і становішча дыяканаў змяняліся на працягу гісторыі Касцёла. Першыя Д. былі прызначаныя самімі апосталамі (Дз 6, 1-7) для таго, каб займацца гаспадарчымі справамі хрысціянскай супольнасці. Напачатку дыяканскія функцыі выконвалі і мужчыны, і жанчыны: дыяканы збіралі і размяркоўвалі міласціну, дапамагалі бедным, а дыяканісы рыхтавалі да хросту жанчын. Нікейскі (325г.), а потым Таледскі (589г.) Саборы абмежавалі паўнамоцтвы Д.; у Сярэднявеччы ж дыяканат разглядаўся не як асобнае служэнне, а як прамежная ступень у падрыхтоўцы да святарства. Другі Ватыканскі Сабор (1962 — 1965 г.г.) фактычна адрадзіў інстытут дыяканату і вызначыў ролю і абавязкі Д., як сталага і сапраўднага служыцеля каталіцкай іерархіі з адпаведнымі літургічнымі функцыямі. Д. асістуе святару пры ўсіх сакрамэнтах; падчас Імшы ён абвяшчае Евангелле, прамаўляе просьбы-малітвы вернікаў, прыслугоўвае пры келіху, захоўвае і ўдзяляе Камунію і г.д. Пасвячэнне дыяканату ўдзяляе біскуп праз ускладанне рук. Яго могуць прыняць кандыдаты да святарства, якія пры гэтым прымаюць і абавязак захоўваць цэлібат, а таксама жанатыя мужчыны, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку — т. зв. «сталыя дыяканы».

Дыяцэзія (лац. dioecesis) — асноўная тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць біскуп. На Беларусі створаны чатыры Д.: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Пінская, Гродзенская і Віцебская дыяцэзіі.

Іерархія (ад грэцк. hieros — святы і arche — улада) — парадак арганізацыі і падпарадкавання духоўных асобаў, якія маюць касцёльную ўладу. І. Касцёла замацавалася з часоў раннняга хрысціянства і складаецца з трох асноўных ступеняў: біскуп, святар(прэзбітэр) і дыякан. На вяршыні каталіцкай І. знаходзіцца Папа, які з’яўляецца біскупам Рыма і ўсяго сусветнага Касцёла. Боскае ўстанаўленне І. пацвярджаецца Святым Пісаннем і Традыцыяй Касцёла.

Канклаў(ад лац. cum clave — замкнёныя на ключ) — сход кардыналаў, які склікаецца праз 18 дзён пасля смерці Папы для абрання новага Папы. Такую ж назву мае і памяшканне Сікстынскай капэлы ў Ватыкане, дзе адбываюцца выбары. Уваходныя дзверы капэлы на час К. замуроўваюцца і адчыняюцца толькі пасля выбару Папы (адсюль назва). Парадак правядзення К. быў устаноўлены ў ХІІІ ст. Папам Грыгорыем Х, а потым неаднаразова ўдакладняўся яго наступнікамі. Для абрання Папы патрэбна 2/3 галасоў удзельнікаў К. плюс 1 голас. У адпаведнасці з Апостальскай канстытуцыяй Паўла VI колькасць удзельнікаў К. не можа перавышаць 120.

Кардынал (ад лац. cardinalis — галоўны, асноўны) — найвышэйшы тытул у Каталіцкім Касцёле, які надае Папа са згоды кансісторыі — сходу калегіі кардыналаў. У наш час гэты тытул амаль выключна надаецца біскупам Касцёла, якія былі прызнаныя годнымі гэтага. К. з’яўляецца дарадчыкам Папы ў пытаннях кіравання Касцёлам, а таксама разам з іншымі кардыналамі ўдзельнічае ў выбары новага Папы. Адзнакаю кардынальскай годнасці з’яўляецца святарскае адзенне пурпурнага колеру, якое было ўпершыню ўведзена Папам Інацэнтам IV у 1245 г. і сімвалізуе гатоўнасць К. праліць сваю кроў за Касцёл.

Ксёндз (з польск.) — гл. прэзбітэр.

Мітрапаліт (грэцк. metropolites) — арцыбіскуп, які ўзначальвае правінцыю Касцёла, што называецца мітраполія. У Беларусі ёсць толькі адзін М., які ўзначальвае мясцовы Касцёл. Ім з’яўляецца кардынал Казімір Свёнтэк.

Мітраполія (грэцк. metropolis, ад meter — маці і polis — горад) У Каталіцкім Касцёле — правінцыя Касцёла, якая ўключае архідыяцэзію і некалькі падпарадкаваных ёй дыяцэзій. Касцёл на Беларусі ўтварае Мінска-Магілёўскую правінцыю, або М.

Папа (лац. papa, ад грэцк. pappas — отец) — Найвышэйшы Першасвятар (Pontifex Maximus) і галава Касцёла на зямлі. Поўны тытул П.: Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Першасвятар Сусветнага Касцёла, Патрыярх Захаду, Прымас Італіі, Арцыбіскуп Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Манарх Дзяржавы Горада Ватыкана, Слуга слугаў Божых. Выбіраецца кардыналамі на канклаве пажыццёва. Згодна з догматам Першага Ватыканскага Сабору (1869 — 1870гг.), П. з’яўляецца беспамылковым у пытаннях веры і маралі. На гэтым жа Саборы было распрацавана вучэнне аб універсальным біскупстве П.
Як наступнік св. апостала Пятра, які быў першым сярод апосталаў, П. з’яўляецца першым сярод наступнікаў апосталаў — біскупаў. Ад св. Пятра да Яна Паўла ІІ усяго было 262 Папы.

Прэзбітэр (ад грэцк. presbyteros — літаральна: старэйшына) — духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца другой ступенню святарства(2). П. выступае памочнікам біскупа ў абвяшчэнні веры і ў служэнні Божаму народу. Моцай прынятага пасвячэння і ўлады, атрыманай ад біскупа, П. абвяшчае навуку Хрыста і ўдзяляе святыя сакрамэнты хросту, пакаяння і паяднання (споведзь), намашчэння хворых, сужэнства, але перш за ўсё цэлебруе сакрамэнт Эўхарыстыі, ці Святую Імшу. Падчас Імшы П. выступае «другім Хрыстом» (alter Christus) і здзяйсняе Яго крыжовую ахвяру, актуалізуючы яе ў святых абрадах. Святар абавязаны штодня ўдзельнічаць у малітве Касцёла — Літургіі гадзінаў, а таксама захоўваць цэлібат.

Святар. У многіх рэлігіях гэта асоба, якая мае выключнае права здзяйсняць святыя абрады. У Старым Запавеце святары неслі служэнне ў Ерузалемскай святыні, складаючы прадпісаныя ахвяры і выконваючы іншыя сакральныя функцыі.
Сінонім — ксёндз. Пад гэтымі найменнямі часцей за ўсё маюць на ўвазе прэзбітэра.

Святарства. У Касцёле прынята адрозніваць агульнае святарства Божага народа і іерархічнае, ці службовае.
1. Да агульнага С. пакліканыя ўсе ахрышчаныя моцай прынятых сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі, а таксама праз веру, якую яны вызнаюць. Хрысціяне абавязаныя не толькі верыць у Езуса Хрыста, але і абвяшчаць гэтую веру іншым і маліцца за ўвесь свет, што асаблівым чынам падкрэсліваецца ў Дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору «Пра апостальства свецкіх».
2. Іерархічнае С. з’яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Касцёла, які св. Тамаш Аквінскі назваў найбольш узнёслым за іншыя. Сакрамэнт С. удзяляецца асобам мужчынскага полу праз ускладанне рук біскупа і намашчэнне святым алеем (хрызмам). Яго прымаюць тыя, хто быў пакліканы да гэтага служэння Богам, прайшоў адпаведную падрыхтоўку ў семінарыі і быў прызнаны годным гэтага адпаведнымі касцёльнымі ўладамі. Сакрамэнт С. удзяляецца на розных ступенях, якія называюцца пасвячэннем біскупа, святароў (прэзбітэраў) і дыяканаў.

Цэлібат (ад лац. caelebs — нежанаты, самотны) — абавязак захоўваць бясшлюбнасць, які прымае на сябе каталіцкае духавенства лацінскага абраду, за выключэннем сталых дыяканаў. Ц. быў устаноўлены Папам Грыгорыем VII (1073 — 1085гг.) і з сярэдзіны ХІІІ ст. усталяваўся ва ўсім Каталіцкім Касцёле. У энцыкліцы «Caelibatus Sacerdotalis» («Святарскі цэлібат»), выдадзенай у 1967 г., Папа Павел VI пацвердзіў непарушнасць Ц.

Падрыхтаваў Мікола Гракаў