Працяг. Пачатак у №11 за 2003 г. >>>

На пачатку нашых гутарак па знакамітых рымскіх базыліках мы адзначалі, што не толькі іх абавязкова наведвалі вернікі ў юбілейныя гады падчас пілігрымак. У выпадку, калі нейкія абставіны не дазвалялі наведаць адну з юбілейных базылік, яе замянялі базылікай меншай Святой Марыі за Тыбрам — Santa Maria in Trastevere, пра якую мы і паспрабуем расказаць.

Гісторыя базылікі звязана з жыццём святых апосталаў Пятра і Паўла, якія прапаведавалі ў Рыме пераважна сярод габрэяў, што жылі за Тыбрам. Згодна з паданнем, першую бажніцу за Тыбрам, на месцы, што цяпер завецца Trastevere, заснаваў святы Каліст Папа Рымскі (217–222). Потым на тым самым месцы Папа Юлій І (337–352) пабудаваў вялікую базыліку, якая была першай прысвечана Найсвяцейшай Панне. Цікава, што базыліка меншая Святой Марыі за Тыбрам паўстала чацвёртай пасля першых трох вялікіх базылік. Тады ж, у IV стагоддзі, за Тыбрам паўсталі яшчэ дзве знакамітыя хрысціянскія святыні: храм святога Хрызагона і храм святой Цэцыліі.

Цудоўная падзея была прароцтвам гэтаму месцу апостальскага прапаведавання і, магчыма, нават падрыхтавала мясцовых габрэяў да прыняцця навукі Хрыста. Як напісана ў хроніцы святога Джэроламо, у 38 годзе да Нараджэння Хрыста на тым месцы з-пад зямлі нечакана пачаў вылівацца нейкі алей, які бесперапынна цёк цэлы дзень, што было ўспрынята як ласка Хрыста, які павінен быў сысці на зямлю. Гаворка ідзе пра нафту, якая была і ёсць у нетрах натуральнага месцанараджэння, што пацвердзілі працы па ўпарадкаванні русла Тыбра. Дакладнае месца, адкуль выйшла нафта, знаходзіцца пад вялікім алтаром касцёла і абазначана надпісам fons olei.

На працягу стагоддзяў базыліка святой Марыі за Тыбрам неаднойчы перабудоўвалася і дабудоўвалася, але цяперашні выгляд яна набыла ў XII ст., падчас праўлення Рымскага Папы Інакенція ІІ, які паходзіў з сям’і Папарэскі, што жыла на Trastevere. Тады храм быў цалкам рэканструяваны, пачынаючы ад фундамента. Была дададзена папярэчная нава і адноўлена апсіда з выдатнымі мазаікамі, якія можна ўбачыць і сёння. Над уваходам у храм, на так званым порціку, у XVII–XVIII стагоддзях былі пастаўлены чатыры статуі евангелістаў. Справа ад базылікі ўзвышаецца раманская званіца XII ст., на якой пазней быў умацаваны гадзіннік. Пры ўваходзе ў базыліку сабраны і ўсталяваны камяні і рэшткі сценаў з хрысціянскімі надпісамі і знакамі найстаражытнейшых часоў, фрагменты старой базылікі.

Там жа знаходзіцца і каштоўная дараносіца. Унутры базыліка святой Марыі за Тыбрам падзелена на тры часткі 22 калонамі, прывезенымі з Грэцыі. Цэнтральная нава была распісана фрэскамі ў XV ст. (на іх выяўлены Маці Божая і Дзіцятка Езус). У адной з капліц базылікі знаходзіцца велічнае драўлянае Укрыжаванне, таксама XV стагоддзя. У цэнтры папярэчнай навы — выява Багародзіцы, якую анёлы ўзносяць на неба. У адной з капліцаў знаходзіцца так званая ікона Багародзіцы Клеменса, адна з самых шанаваных рымскімі вернікамі святыня. У правай наве базылікі знаходзіцца магіла Папы Інакенція ІІ.

Расказваючы пра храм Santa Maria in Trastevere, немагчыма не звярнуць увагу на апсіду, дзе знаходзіцца адзін з самых каштоўных твораў сярэдзіны XII ст. — велічны цыкл мазаік. Там выяўлены прарокі Ісая, Ерамія, сімвалы чатырох евангелістаў, сем кандэлябраў Апакаліпсісу, крыж з выявамі знакаў Альфа і Амега. У цэнтры паказаны Збавіцель, які абдымае каранаваную Маці Божую (яны сядзяць на адным троне); злева ад іх выявы — святыя Каліст і Лаўрэнцій, побач з імі — выява Папы Інакенція ІІ, які трымае ў руках мадэль базылікі. Справа — выявы святых Пятра, Карнэлія і Юлія. Выкананне гэтай мазаікі сапраўды ўражвае высокім мастацкім натхненнем і якасцю. Паводле задумы Папы Інакенція ІІ, на мазаіцы трэба было паказаць багаслоўскі кантэкст, зацверджаны ў XII стагоддзі. Панна Марыя, на плячы якой ляжыць рука Хрыста, — гэта вобраз Касцёла Нябеснага, а святы Пётр, які адрозніваецца ад іншых святых аддзеннем і агульным выяўленнем, першы галава зямнога Касцёла.

Унізе ад гэтага твора — сем карцін 1291 г. работы П’етро Каваліні са сцэнамі жыцця Панны Марыі. На адной з карцін выяўлена Маці Божая паміж святымі Пятром і Паўлам, а побач — кардынал Бертольдо Стэфанэскі — заказчык гэтых твораў. Адзначым, што падчас перабудовы храма (1138–1148 гг.) было ўзята шмат мармуру, капітэляў, калонаў і іншага матэрыялу з рымскіх Тэрмаў Каракалы — цёплых мінеральных ваннаў адной з рымскіх імператарскіх сем’яў. Рабілася гэта не проста дзеля выкарыстання каштоўных матэрыялаў з непрыдатнага паганскага помніка, які ўжо быў моцна парушаны, але ў духу аднаўлення: святы Каліст прыняў мучаніцкую смерць у часы праўлення аднаго з імператараў той сям’і, Аляксандра Суровага, таму слушна, што мармур і калоны, узятыя з месца, якім валодаў прыгнятальнік, выкарыстаны да ўпрыгожвання касцёла, заснаванага мучанікам.

Сяргей Кірык