1 кастрычніка 2004 года сябры, знаёмыя і родныя назаўсёды развіталіся з Вальдэмарам Іосіфавічам Урублеўскім. У развітальным слове ад сяброў і ўдзячных пацыентаў з Празарокаў В.В.Карась прыгадаў, колькі хворых вылечыў ды ўратаваў ад смерці доктар Урублеўскі. І раны зашываў, і кроў пераліваў, і роды прымаў, і невялічкія аперацыі рабіў ва ўмовах сельскай бальніцы ў тыя далёкія ўжо 70 — 80-я гады.

Вальдэмар Іосіфавіч у 1963 годзе скончыў Мінскі медінстытут з адзнакай. Пасля інстытута працаваў у Лужках. З 1964 да 1981 года — у вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёна. 1981 — 1984 гг. — вёска Лявонпалле. 1984 — 1998 гг.— вёска Новы Пагост Мёрскага раёна.

Мне давялося працаваць медыцынскай сястрой пад кіраўніцтвам галоўнага ўрача В. Урублеўскага. Ён аднолькава паважна ставіўся да медсясцёр і дворнікаў, да фельчараў і санітарак, да хворых і здаровых. Толькі на “вы” і абавязкова — імя і імя па бацьку. Вальдэмар Іосіфавіч здзіўляў усіх сваім знешнім выглядам і шляхетнасцю. Анкадыспансер у Віцебску. Хол, запоўнены хворымі, наведвальнікамі, медперсаналам. Ужо цяжка хворы, ён падае паліто сваёй наведвальніцы-каляжанцы, а на развітанне цалуе руку. Якое ж было здзіўленне навокал! Шкада, што для сучасных беларусаў гэта дзіва.

Нядаўна я даведалася, што ягоны прадзед Урублеўскі Іосіф Францавіч меў дваранскую грамату і даводзіўся стрыечным братам знакамітаму Валерыю Урублеўскаму — генералу Парыжскай Камуны.

Гены славутага продка жылі ў Вальдэмару Іосіфавічу. Я сама чула, як задоўга да сваёй хваробы, калі быў яшчэ поўны сіл і энергіі, ён казаў: ”Каб ведаў, што гэта дапаможа, дык ахвяраваў бы сваё жыццё для росквіту роднай стронкі”.

Развітваючыся з дачкой Жаннай, ён казаў:”Не прывозь Кацю на мае хаўтуры. Хай помніць мяне здаровым, энергічным, добрым дзядулем”.

Такім жа застанецца ў нашай памяці высакародны чалавек — вясковы доктар Урублеўскі Вальдэмар Іосіфавіч.

Саламея Сіняўская