4 кастрычніка католікі з Полацка і Наваполацка атрымалі сумную вестку: у нямецкім горадзе Фрыдрыхсхафене на 63-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр іхні добры, шчыры сябар – ксёндз Хайнц Рындэрспахер.

Гэтае сяброўства доўжылася больш за 10 гадоў, з таго самага дня, калі ксёндз Хайнц у складзе дэлегацыі з горада-пабраціма Фрыдрыхсхафена прыехаў у старажытны Полацк на святкаванне 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі. У часе таго першага візіту ў Полацк яго найбольш уразіла тое, што ў найстаражытнейшым беларускім горадзе не было ніводнага касцёла. Касцёла не было, але ж католікі былі! Яны і прыйшлі невялічкай дэлегацыяй да ксяндза Хайнца проста ў гатэль ды прынеслі адначасна і груз зусім няпростых праблем.

Напэўна, у той дзень, раздаючы ім ружанцы ды асобнікі Святога Пісання, ксёндз Хайнц нават і не падазраваў, што іхнія праблемы стануць вельмі блізкія і яму. Але так сталася. На ўсе апошнія гады жыцця, адмераныя для яго Панам Богам.

Немагчыма было не захапляцца энергіяй і дабрынёю ксяндза Хайнца, з якімі ён усе гэтыя гады дапамагаў будаваць касцёл святога Андрэя Баболі ў Полацку, а потым і касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку.

Глыбока ў душу прыняў ён нашы праблемы. Памятаю, як уразіла мяне адно ягонае казанне ў полацкім касцёле.

Было гэта напярэдадні Божага Нараджэння. Дэлегацыя з нямецкага горада-пабраціма па традыцыі прывезла ў Полацк падарункі на свята – прадукты харчавання, лекі, нейкае адзенне. А ён гаварыў у казанні пра сумны горад Полацк, пра тое, як напачатку яму кінуліся ў вочы цёмныя, не асветленыя вечаровыя вулкі горада, асабліва на ягоных ускраінах, а потым і сумныя твары вернікаў на Імшы.

– Так не павінна быць, – горача, пераканана казаў ён. – Бог даў нам, вернікам, найвышэйшае і найярчэйшае святло – святло Евангелля. І значыць, не маем мы права на сум, паняверку, расчараванне. Бо хрысціянін – гэта чалавек святла!

Успамінаючы цяпер тое даўняе казанне, я думаю, што сам ксёндз Хайнц быў менавіта такім чалавекам святла. Ён шчодра выпраменьваў яго на іншых сваёй яснай, прыязнай усмешкай, неабыякавасцю да бліжняга, а як у нашым выпадку, то і да аддаленага кіламетрамі чалавека.

Ксёндз Хайнц узначальваў у Фрыдрыхсхафене гарадскую касцельную раду, а таму пра праблемы католікаў Полаччыны ведалі не толькі вернікі ягонай парафіі святога Яна Канізіуса, але і ўсяго горада. Ведалі і дапамагалі. У многім дзякуючы гэтай дапамозе ўзнёс над зямлёй свае крыжы касцёл святога Андрэя Баболі ў Полацку, а неўзабаве будзе кансэкраваны і касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку.

У памяці стаіць наша апошняя сустрэча каля сценаў будучага касцёла ў Наваполацку. Ён доўга глядзеў на касцельную вежу, а калі адарваў ад яе позірк, я па-добраму пазайздросціла той радасці, што свяцілася на ягоным усмешлівым твары. Ён умеў цешыцца радасцю іншых. Ён умеў быць шчаслівым, аддаючы сябе іншым.

У нашай кароткай з ім гутарцы, што была апублікавана ў часопісе «Ave Maria» (№11-12 за 1995 г.) ксёндз Хайнц Рындэрспахер сказаў:

– Я ўражаны тым, як тутэйшыя людзі моцна вераць у Бога, як яны моляцца. Гэта бачна па іхніх тварах... Няма храмаў, няма патрэбных умоваў, але затое ёсць вера. Яна вытрывала ўсе нягоды. Гэта не можа не захапляць...

Хачу пажадаць католікам Полаччыны і ўсёй Беларусі як мага мацаваць Касцёл Божы ў сваіх душах. Калі гэты Касцёл будзе моцны, то не будуць страшныя ніякія выпрабаванні. Потым з’явяцца і касцёлы, і катэдры. Усё будзе. І калі да таго часу зберажэцца сапраўдная вера ў Бога, то гэта і будзе вялізнай перамогай над сіламі цемры і зла. І, як вынік, тады на вашай зямлі, у вашых сем’ях, парафіях запануюць любоў, згода і шчасце.

Ксёндз Хайнц Рындэрспахер ад усёй душы жадаў, каб у душах беларусаў запанавалі любоў, згода і шчасце. Ён шмат зрабіў дзеля гэтага. Не падманем жа надзеі гэтага светлага, добрага чалавека!

Вечны адпачынак дай яму, Пане,
А святло вечнае няхай яму свеціць.
Няхай адпачывае ў супакоі вечным.
Амэн.

Ірына Жарнасек