У часопісе «Ave Maria» (№7 за 2004г.) быў надрукаваны матэрыял Ірыны Жарнасек «Наш Будслаў». Сённяшняя гутарка з кусташам санктуарыя ў Будславе айцом Славамірам Вятлугіным з’яўляецца своеасаблівым працягам той публікацыі.

— Айцец Славамір, штогод улетку Будслаў сустракае шмат гасцей з розных куткоў Беларусі, а часта і з-за яе межаў. Але фэст мінаецца, госці раз’язджаюцца, а парафія ў будслаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі працягвае жыць сваім жыццём. Раскажыце, калі ласка, пра будні вашай парафіі.

— Думаю, што будслаўская парафія мала чым адрозніваецца ад іншых. У ёй недзе каля тысячы чалавек...

— Не скажыце, айцец Славамір! Ёсць жа парафіі і па трыццаць чалавек.

— Ну так, я, вядома, больш ужываю меркі заходняй Беларусі, дзе ад сваіх суседзяў мы сапраўды мала чым адрозніваемся. У самім Будславе жыве 800 чалавек, з іх 500 католікаў, а астатнія нашы парафіяне — з бліжэйшых вёсак.

— Добра, а цяпер паспрабуем уявіць звычайную нядзелю ў Будславе. Колькі будзе ў касцёле вернікаў?

— На першай Імшы, якая адпраўляецца па-польску, чалавек 50. На 12.00 — Імша па-беларуску: усе касцельныя лаўкі занятыя. Да таго ж, у Будслаў часта прыязджаюць вернікі з іншых парафій. Так што, прыезджыя машыны каля нашага касцёла можна ўбачыць не толькі ў часе вядомых будслаўскіх фэстаў. Усё больш наведваюць нас і экскурсіі, за тыдзень прыкладна бывае ад 3 да 10.

— Ого! Дык слава Будслава расце!

— Як бачыце. Шкада, пакуль што мы не маем свайго музея, бо маглі б паказаць і экскурсантам, і пілігрымам шмат цікавых экспанатаў. Вядома, за гады атэізму Будслаў шмат страціў. Напрыклад, багатую кляштарную бібліятэку, якая была вывезена з касцёла на 2-х грузавіках. Нашы бабулькі ўзгадваюць, як адну вялізную кнігу — Псалтыр — выносілі тады з касцёла ажно чатыры чалавекі. Адкуль, спытаеце, такія каштоўнасці? Трэба памятаць, што будслаўскі кляштар на момант яго закрыцця ў 1858г. быў самым буйным кляштарам на тэрыторыі сучаснай Беларусі, большы і за полацкі, і за жыровіцкі.

Але частка старадрукаў з нашага кляштара, на шчасце, захавалася, як і вялікая калекцыя арнатаў XVII–XVIII стагоддзяў, ёсць некалькі цікавых старасвецкіх карцін, абразоў, прадметаў культу і побыту.

— А што перашкаджае адчыніць пры кляштары музей?

— Пакуль што няма адпаведнага памяшкання, праўда, ёсць спадзяванні, што нам перададуць для гэтых мэтаў будынак былога КБА.

— Скажыце, а апроч фэсту 2 ліпеня, ці ёсць яшчэ нейкае свята, якое найбольш шырока адзначаецца ў будслаўскім касцёле?

— 15 жніўня, у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (такі тытул носіць наша базыліка), праводзіцца парафіяльны фэст.

— З кожным годам Будслаў становіцца ўсё больш вядомым не толькі сярод католікаў. Пра гэта сведчаць шматлікія публікацыі не толькі ў каталіцкай, але і ў свецкай прэсе, творы мастацтва і літаратуры. Ці прыносіць Вам гэта радасць?

— Вядома. Я вельмі задаволены, што Будслаў натхняе мастакоў і паэтаў на стварэнне арыгінальных твораў. Сёлета збылася мая мара, і ў Будславе адбыўся адкрыты мастацкі пленэр мастакоў, у якім прынялі ўдзел таленавітыя майстры пэндзля Юры Алісевіч, Пётра Багданаў, Ігар і Вольга Гардзіёнкі, Ліліяна Гудава, Ірына Каваленка, Мікола Кірэеў, Таццяна Сіплевіч, Лада Шчасная і Сяргей Шэмет. Па матэрыялах пленэру выдадзены буклет рэпрадукцый карцін. Дарэчы, 16 лістапада ў Мінску, у музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрылася выстава ўдзельнікаў гэтага пленэру. Адна праца з пленэру — абраз Маці Божай Будслаўскай Віктара Гардзіёнка — падорана нашаму касцёлу.

Не можа не радаваць і тое, што Будслаў усё больш становіцца крыніцаю натхнення для многіх паэтаў. Сёлета мы выдалі зборнік паэзіі Дануты Бічэль «Стакроткі ў вяночак Божай Маці», а таксама зборнік вершаў удзельнікаў нашага конкурсу «У Будслаўскай святыні Ты ранішняй зоркай». Падрыхтаваны ўжо да друку зборнік спеваў, прысвечаны Маці Божай Будслаўскай, спадзяемся выдаць таксама і касету з запісамі песняў. Карыстаючыся момантам, хачу звярнуцца да паэтаў і кампазітараў: пішыце, калі ласка, вершы, прысвечаныя Будславу, стварайце песні! Няхай прыгожая гісторыя Будслава, яго сённяшнія дзеі натхняюць вас на новыя творы!

— Цудоўным падарункам для пілігрымаў стала сёлета і кніга Аляксандра Ярашэвіча «Абраз Маці Божай Будслаўскай» .

— Сапраўды. Мне некаторыя казалі, як парадавала іх прачытанае пра тое, што культ абраза Маці Божай Будслаўскай быў здавён шырока распаўсюджаны на Беларусі. Даволі нечакана было, напрыклад, даведацца, што гэты абраз, напісаны рознымі майстрамі ў розны час, ёсць у Мосары, Вільні, Апатаве (Польшча), у Суботніках, што на Гродзеншчыне, Лішкяве (Літва), у некаторых праваслаўных цэрквах. Спадзяемся, што ў новым дапоўненым выданні гэтай кнігі спіс абраза будзе пашыраны. З усяго сказанага відаць, што хоць і невялікі, але пэўны ўклад у скарбонку беларускай культуры мы ўжо зрабілі, а калі Пан Бог дазволіць, то ў будучыні і яшчэ зробім.

— А католікі яшчэ спадзяюцца дачакацца таксама і будслаўскага малітоўніка.

— Рыхтуем. І абавязкова выдадзім.

— Айцец Славамір, роля гаспадара дома, які наведвае шмат гасцей, заўсёды няпростая. А Вам самому ніколі не хацелася, як у нас кажуць, усё кінуць-рынуць ды й пайсці пілігрымам у Будслаў з таго ж Мінска альбо Полацка?

— О, калі б мне не трэба было сустракаць пілігрымаў і рыхтавацца да фэсту, я згодны быў бы нават і з Брэста пайсці! Ведаеце, мне ўжо колькі гадоў напярэдадні фэсту сніцца адзін і той жа жах: прыйшлі пілігрымы, а ў нас... нічога не гатова!

— Ну, дзякуй Богу, што гэты ваш жах усяго толькі сон. Скажыце, а што Вас асабіста найбольш радуе на будслаўскіх фэстах і што засмучае?

— Найбольш радуюць, вядома ж, пілігрымы. Калі я сустракаю іх і бачу бясконца стомленыя, але такія шчаслівыя твары, то я сам тады забываю на свае бяссонныя да гэтага ночы. А засмучае тое, што, на жаль, для адных у Будславе 2 ліпеня адбываецца фэст, а для іншых — фестываль, яшчэ адна магчымасць прабавіць свой вольны час. І як ні старайся, як ні змагайся з прадаўцамі гарэлачных вырабаў, а п’яных усё роўна, на жаль, можна сустрэць.

— Прызнаюся, а мне дык часам не хапае ў Будславе... цішыні. Але гэта, мусіць, наіўна — шукаць яе на фэсце. А Вы ведаеце, што многія Вам проста зайздросцяць: Вы ж жывяце ў Будславе! Як Вы думаеце, цэняць вашы парафіяне тое, што яны належаць не да якой-небудзь, а менавіта да будслаўскай парафіі?

— Ці цэняць?.. Да ўсяго, ведаеце, прывыкаеш...

— Утрымліваць такі агромністы касцёл — таксама вялікая адказнасць і вялікі клопат. Як Вам гэта ўдаецца?

— Калі я ўпершыню прыехаў у Будслаў, то жахнуўся, бо хоць і быў начуты пра ягоныя шматлікія праблемы, усё адно ўбачанае ў рэальнасці аказалася яшчэ горшым. І ў духоўным, і ў матэрыяльным вымярэннях. Найбольшы жах у мяне выклікалі памеры касцёла, бо адна справа — наводзіць парадак у невялікім будынку і зусім іншая — у такой вось грамадзіне. І я спужаўся. Прызнаюся, было жаданне ўцячы, папрасіцца ў правінцыяла, спаслацца на маладосць, нявопытнасць і з’ехаць. Але ж і боязна было гэта зрабіць, бо... а раптам гэта — Божая воля? Памятаю, ішоў я па касцёле і прасіў:«Пане, падкажы, што мне рабіць?». І вырашыў: якое будзе сёння чытанне на літургіі, такое я і прыму рашэнне. Чытанне было пра бітву Давіда з Галіяфам. Я адразу адчуў сябе дзіцем, які са звычайным каменем у руках прыйшоў змагаць страшнага велікана. І я зразумеў: словы пра тое, што толькі моцаю Божай можна перамагчы, звернуты ў гэты дзень проста да мяне. Цяпер я разумею, што не памыліўся тады, бо хоць у нас і вельмі шмат самых розных праблем, але паверце:

у Будславе яны вырашаюцца нашмат лягчэй, чымсьці ў іншых месцах. Бог асаблівым чынам бласлаўляе Будслаў, і часам толькі дзівішся, як неспадзявана вырашаюцца тыя ці іншыя праблемы. Вядома ж, хапае ў нас і непамыслотаў, але яны, я думаю, дзеля таго пасылаюцца нам, каб не апанавалі нас пыха ды празмерны гонар за свае справы.

— Скажыце, ці адрозніваецца будслаўская парафія ў малітоўным плане ад іншых?

— Яна і павінна адрознівацца, бо мае ласку штодзень быць так блізка да Маці Божай Будслаўскай! Магчыма, яна якраз і вылучаецца сваёй малітоўнасцю. Скажам, у нас ёсць 12 колаў Жывога Ружанца. Штомесяц кожнае ружанцовае кола замаўляе інтэнцыю Імшы за Божае блаславенне для сябе і сваіх дзяцей, а таксама за пакліканні ў наш закон.

— Ого! Ведаю, што ў іншых парафіях праблема арганізаваць людзей на інтэнцыю ў кастрычніку, а ў Вас яны штомесяц?!

— Вось вам і адрозненне. Вялікую справу робіць Маці Божая і ў часе перыгрынацыі абраза па парафіі, заходзячы ў кожны дом і штодня збіраючы людзей на малітву. Шмат людзей за гэты час атрымалі ласку веры, палюбілі малітву, а хтосьці змяніў свой уклад жыцця, напоўніў яго зместам і радасцю. Словам, Маці Божая шчодрая да тых, хто Яе шануе.

— На фэсце ў гонар 500-годдзя Будслава многія пілігрымы заўважылі, што малая базыліка патрабуе сур’ёзнага рамонту. Словам, гаспадару, як я разумею, не пазайздросціш, бо адрамантаваць такі агромністы гмах — гэта не жартачкі.

— Адно тое, што наша святыня самая вялікая ў Беларусі, гаворыць само за сябе. І зрабіць у ёй трэба сапраўды вельмі шмат: замяніць вокны, дах, рэстаўраваць роспісы, прыняць меры па кансервацыі і захаванні ўнікальнага старажытнага алтара. Нядаўна праведзеная касметычная афарбоўка падсушыла сцены, цяпер іх трэба ачысціць ад грыбка. Таксама няпростая задача. А трэба ж яшчэ вярнуць да нармальнага функцыянавання і арган. Але найпершая задача — адрамантаваць дах, чым мы цяпер і займаемся.

— Як кажуць, ад Бога надзея. Хоць, прызнацца, адзін толькі пералік таго, што патрэбна зрабіць, палохае.

— Дык жа апошні сур’ёзны рамонт у Будславе праводзіўся ў 30-я гады мінулага стагоддзя! Для таго ж, каб падтрымліваць храм у належным стане, яго трэба рамантаваць прыкладна кожныя дзесяць гадоў. Частковы рамонт рабіў святой памяці ксёндз Францішак, але праз недахоп сродкаў ён, вядома, не мог зрабіць яго капітальна.

— Але Вы казалі, што рамонт даху ўжо распачаты...

— Для гэтага мы набылі 15(!) тон медзі. Няхай Вас не пужае такая вага, бо гэта яшчэ і не ўсё: трэба яшчэ набываць 5 тон. Дарэчы, я павінны тут сказаць словы ўдзячнасці Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён сваім распараджэннем вызваліў нас ад падатку пры перавозе будаўнічых матэрыялаў цераз мяжу. Мы ўжо абнавілі прыкладна 1000 м. кв., засталося яшчэ 2000 м. кв.

— Такія лічбы сапраўды не могуць не палохаць. Але затое ёсць і надзея, што наступны фэст у Будславе пройдзе ўжо пад новым прыгожым дахам. Уяўляю, як парадуе гэта многіх нашых чытачоў, якія ў публікацыі «Наш Будслаў» (№7, 2004г.) заклапочана казалі пра неабходнасць рамонту святыні. Дарэчы, айцец Славамір, паклаўшы руку на сэрца, як Вы ўспрынялі тую публікацыю?

— Яна мяне проста парадавала, бо людзей сапраўды непакоіць стан святыні і яны хочуць нам дапамагаць. Мне вельмі спадабаўся сам загаловак — «Наш Будслаў». Сапраўды, калі мы будзем адчуваць, што Будслаў — гэта наша агульная найвялікшая святыня, пра якую мы ўсе павінны дбаць, тады нашы справы пойдуць значна лепш.

— Наш пастаянны чытач з Полацка Валеры Рынкевіч прапануе стварыць фонд адраджэння будслаўскай святыні дзеля таго, каб людзі з розных куткоў Беларусі маглі пералічыць на грашовы рахунак свае ахвяраванні.

— Вельмі добрая задума, і мы шчыра дзякуем за гэтую ідэю. Толькі мы вырашылі не адкрываць нейкіх спецыяльных рахункаў, а падаць нумар нашага парафіяльнага, на які кожны, хто гэтага жадае, зможа пералічыць грошы. Рабіць гэта можна паасобку, а можна і сабраць сродкі разам некалькім чалавекам альбо ўсёй парафіяй. За кожнае значнае і маленькае ахвяраванне мы будзем вельмі і вельмі ўдзячныя. А грошы, аддадзеныя на Будслаў, — гэта ж не страта ў хатнім бюджэце, але вялікі набытак Божага блаславення і апекі Маці Божай Будслаўскай.

Наш разліковы рахунак: Мядзельскае аддзяленне «Белаграпрамбанка» 3015201420016 УНН 600195666, код 915.

— Айцец Славамір, у часе нашай гутаркі Вы некалькі разоў узгадвалі пра свае здзейсненыя і няздзейсненыя мары. Калі не сакрэт, пра што Вы марыце цяпер?

— Найбольш я мару пра тое, каб Будслаў стаў для беларусаў галоўным духоўным цэнтрам. Хачу, каб як найбольш людзей зразумела моц малітвы, шукала сваіх шляхоў да Бога і знаходзіла іх. Гэта можна цудоўным чынам рабіць праз наш Будслаў.

Мару таксама, каб на Беларусі паўстала супольнасць, удзельнікі якой хацелі б распаўсюджваць культ Маці Божай Будслаўскай. Каб з’явіліся своеасаблівыя апосталы Будслава, якія б распавядалі пра Маці Божую Будслаўскую тым, хто яшчэ ніколі не быў у Будславе, не чуў пра яго, не змог яшчэ прыняць яго сэрцам. Мы чакаем лістоў з прапановамі, пажаданнямі, ідэямі. Пішыце нам у наш Будслаў, будзем разам клапаціцца пра яго.

Гутарыла Ірына Жарнасек,
Фота М. Новікава

ЦУДА-БУДСЛАЎ

З розных куточкаў прыгожай Радзімы
Да гэтай святыні ідуць пілігрымы.
Каб сэрцы свае ў апеку аддаць,
Княгіні Нябеснай святло ўшанаваць.

Малітвы з душы мілажальна ліліся.
Часіны ў Будсла2ве імгненнем здаліся.
Тут самай шчаслівай сябе адчувала,
Калі тут днявала я і начавала.

Будслаўская Маці усіх тут чакае,
Хто дзесьці зблудзіў альбо выйсця шукае.
Ідзіце ў Будслаў, дапамогі прасіце
І сэрцы свае і пачуцці ўздыміце.

Маліцеся людзі, прытулку шукайце!
Прад Небам высокім ахвяры складайце!
Да Маці Будслаўскай звяртайцеся, людзі,
І ласка Яе ўзнагародай вам будзе.

***

Раскажы нам, Святы Божа,
Правільна як жыць.
Раскажы, каб ведаць сэрцам,
Як Цябе любіць?

Растлумач нам, Любы Божа,
Як пра нас Ты дбаў,
Як за ўсе грахі людскія
Ты жыццё аддаў.

Навучы нас, Вечны Божа,
Як жыццё любіць,
Настаўляй нас жыць па праўдзе,
Каб дабро тварыць.

Дай нам сілы, Моцны Божа,
Сэрцам не хварэць,
Каб ад Маці Божай ласку
І спагаду мець.

Нам святло дабра й любові
Ты з нябёс пралі.
Нашы просьбы і малітвы
Спраўдзі на зямлі.

***

Царыца Нябесная — свету збаўленне,
Прымі нашы просьбы і нашы маленні,
Каб тым, хто яшчэ з нас далёкі ад Бога,
Адкрылася ў вечнасць святая дарога.
Каб кожны спазнаць мог святла асалоду,
Каб вера ўзрастала ад году да году.
Даруй нам правіны, Марыя Святая,
Хай ласка Твая ад грахоў зберагае.
Каб нават і тым, хто далёка ад Бога,
Адкрылася ў вечнасць святая дарога.

Ядвіга Сячко,
в.Дворышча Дзяржынскага раёна