10 кастрычніка ў Маладзечне адбылося святкаванне значнай падзеі – пяцігоддзя з дня заснавання руху «Святло — жыццё» ці, як яго яшчэ называюць, – Хатняга касцёла.

На ўрачыстую Імшу сабраліся не толькі маладзечанцы, але і госці з Магілёва і Мінска. А можа і не зусім госці, хутчэй – родныя, бо сем’і Хатняга касцёла з усёй Беларусі быццам адна вялікая і дружная сям’я. Цёплыя словы віншаванняў, успаміны, радасць сустрэчы і, галоўнае, глыбокая і шчырая падзяка Творцу, з чыёй мілай ласкі існуе Касцёл, цераз край напаўнялі душы і сэрцы. Айцец Эдмунд – генеральны вікарый і пробашч касцёла святога Юзафа ў Маладзечне – сардэчна вітаў усіх сабраных і выказаў падзяку за іх дзейнасць.

Пасля ўрачыстай часткі пробашч і парафіяне былі запрошаныя на сустрэчу ў дольным касцёле. Кароткі аповед пра гісторыю святыні, конкурсы і гульні, спевы пад гітару, невялічкі спектакль – усё гэта стварыла атмасферу цеплыні і ўтульнасці. Акрамя таго, амаль кожная сям’я давала сведчанні аб асабістых ласках, атрыманых ад Бога падчас існавання Аазы. Не, не было аповедаў пра незвычайныя цуды, але была простая і шчырая радасць ад маленькіх, але такіх важных для кожнай сям’і цудаў. Тое, што ў кагосьці нарадзілася дзіця, не здзіўляе, але той факт, што яно нарадзілася ў бацькоў, якіх дактары лічылі няплоднымі, прымусіць трошкі задумацца...

Пан Бог па-рознаму, часам зусім непрыкметна, нагадвае нам пра сваю бязмежную Любоў. Рух «Святло — жыццё» ў Маладзечне распачаўся ў 1999 годзе. Штомесяц адбываліся тут сустрэчы моладзі, якія праводзіла сястра Паула Бобер. На начлег сястра раз-пораз трапляла да сям’і Млечкаў, з якімі адразу пасябравала. Але прайшоў не адзін месяц, перш чым сястра вырашыла закрануць тэму рэкалекцыяў Хатняга касцёла. Што датычыць гаспадароў, то яны не толькі пра Хатні касцёл, але і пра рэкалекцыі нічога не ведалі. Напачатку былі толькі размовы, але потым, убачыўшы пробліскі цікавасці, сястра перайшла да рашучых дзеянняў і… запрасіла сям’ю Млечкаў на рэкалекцыі Хатняга касцёла ў вёсцы Шэметава.

На маё пытанне аб уражаннях ад першых у жыцці рэкалекцый і спадар Станіслаў, і спадарыня Кацярына пачалі ўсміхацца, хапаючыся адначасова за галаву, сэрца і спіну. «Цяжка было і фізічна, і маральна, але разам з тым з’явіліся незвычайная, незабыўная лёгкасць і духоўны ўздым. Новым было ўсё: і два тыдні ў намётах на прыродзе, і дні, амаль цалкам праведзеныя ў касцёле ці побач з ім, і ўзаемапаразуменне паміж людзьмі розных гарадоў, краін, прафесій. Фізічна стаміліся, бо пятнаццаць дзён жылі па раскладзе, быццам вучні ў аздараўленчым лагеры, да таго ж рэкалекцыі праводзілі польскія сем’і і таму пераважная частка заняткаў была на польскай мове. Прыйшлося ўспрыняць велізарны аб’ём інфармацыі, новай, незвычайнай. І потым спатрэбіўся не адзін месяц, каб размеркаваць па паліцах свядомасці і асэнсаваць гэтую інфармацыю». Перахапіўшы маё наступнае пытанне, спадар Станіслаў працягнуў: «Боязна было распачынаць такую адказную справу самім, але з Божай дапамогаю і падтрымкаю духоўных асобаў паціху распавядалі людзям пра гэты незвычайны рух. На рэкалекцыі наступнага года ў вёску Дунілавічы паехалі з Маладзечна ўжо дзве сям’і. Цяпер у Маладзечне не адно, а два сямейныя колы – трынаццаць сем’яў».

Маладзечанскія сем’і на працягу пяці гадоў пабывалі на ўсіх трох ступенях рэкалекцый у Беларусі, Польшчы і нават далёкай Італіі (там праводзілася трэцяя ступень «Пошук жывога Касцёла») – адусюль збіраўся вопыт, набываліся новыя веды. Акрамя таго, кароткія, двух-трохдзённыя рэкалекцыі праводзіліся на працягу ўсяго года. Ёсць жаданне, хапае сіл, дапамогі айцоў духоўных і хочацца быць бліжэй да Бога, толькі патрэбны малітва і новыя людзі. Заклікаць? Не, мы не заклікаем, мы шчыра запрашаем да нашай Аазы. Проста хочацца, каб гэтая сям’я стала яшчэ крышачку большай.

Вікторыя Амбражэй.
Фота В. Кучаравага