Напэўна, кожны з нас неаднойчы задаваў сабе пытанне: «Шчаслiвы чалавек. Якi ён?». Зразумела, што адказаў на гэта адзiнае i, здавалася б, нескладанае, пытанне будзе неверагоднае мноства. Адзiн упэўнены, што шчасце – гэта ўладкаванасць у жыццi , другi – поўныя кiшэнi грошай, а трэцi – шмат сяброў. Але ў апошнi час усё больш людзей, якiя не бачаць вакол сябе бедных i хворых, не чуюць голасу сэрца, клапоцяцца пра асабiстыя матэрыяльныя ўмовы i выгоднае сяброўства. А цi гэта шчасце? Цi можна сказаць з упэўненасцю, што гэтыя людзi шчаслiвыя? Не. Нездарма ж кажуць: багатыя таксама плачуць. Сёння мы хацелi б пачаць нашую размову пра шчаслiвага чалавека. Якi ён?

23 верасня 2004 г. у каплiцы, асвечанай у гонар Святога Айца Пiо, вернiкi i святары дзякавалi Богу за тое, што даў такога вялiкага чалавека, якi жыў i працаваў у наш час. Мы прасiлi святога айца Пiо, каб малiўся за нас i ўвесь горад.

Будучы благаславёны нарадзiўся 25 мая 1887 г. на поўднi Iталii. Менавiта ў сям’і хлопчык, якому пры хросце далi iмя Францыск, атрымаў глыбокае рэлiгiйнае выхаванне. Ужо ў 5 гадоў ён бачыў Пана Езуса i святых, размаўляў з iмi на малiтве — гэта былi так званыя экстазы i вiзii. Пазней, калi яго запыталi пра гэта, ён адказаў: «Я думаў, што ўсе маюць падобныя сведчаннi». У той час маленькi Францыск адчуў жаданне аддацца Божай службе. З гэтай мэтай ён прыйшоў да Касцёла ў Петральчыне i калi стаў перад галоўным алтаром, аб’явiўся яму сам Хрыстус, які паклікаў яго рукою да сябе, а пасля паклаў яе яму на галаву як знак любовi i ахвяры. У дзесяцiгадовым узросце Францыск упэўнена выказаў сваё жаданне стаць манахам. Ад мацi i ад пробашча ён даведаўся, што Пан Езус цярпеў усё жыцце аж да смерцi на крыжы, каб збавiць людзей, і Францыск захацеў цярпець, як Ён. Выдумляў сабе розныя пакуты, а калi разважаў пра мукi i смерць Хрыста, плакаў. 6 студзеня 1903 г. Францыск уступiў у навiцыят капуцынаў у Марконе i з таго часу пачаў свае справы пад iмем айца Пiо.

Усё жыццё Святы быў звязаны з незвычайным светам рэлігійных экстазаў. Браты непакоiлiся за яго здароўе, шукалi дапамогi ў лекараў.

Але айцец Піо i сапраўды быў шчаслiвым чалавекам. Ён прагнуў аддацца Божай службе, людзям, дапамагаць выратоўваць душы. У 1925 г. айцец Пiо падтрымаў iдэю заснавання невялiчкай бальнiцы, якая потым знаходзiлася на месцы кляштара. Але гэтая медыцынская ўстанова праiснавала нядоўга, i ў 1938 г. у сувязi з цяжкiм матэрыяльным становiшчам была зачыненая.

Аднак святы айцец Пiо з дапамогай сваiх вучняў заснаваў яшчэ адну бальнiцу. 5 мая 1956 года нарэшце адбылося яе адкрыццё, на якiм прысутнiчалi дзяржаўныя дзеячы i вядомыя ўрачы з розных краiн.

Тыя, каму давялося сустракацца з гэтым чалавекам, па-сапраўднаму былi яму ўдзячныя, колькасць яго духоўных дзяцей з цягам часу павялiчвалася. Айцец Пiо мог бачыць глыбiню чалавечай душы.

23 верасня 1968 г., маючы 81 год, айцец Пiо скончыў свой зямны шлях і адышоў да Пана Бога і святых.

Дык якi ж ён, шчаслiвы чалавек? Шчаслiвы чалавек — гэта той, хто жыве не для сябе, клапоцiцца аб збавенні душаў чалавечых, прыносiць людзям дабро i спакой, не маючы для сябе выгоды. Хочаш быць шчаслiвым? Менш думай пра ўласнае шчасце i яго пошукі.

Жыццё айца Пiо — гэта вечныя выпрабаваннi, клопат пра iншых, адданасць Богу i Яго справе. Святы айцец Пiо — гэта незвычайная постаць не з гэтага свету.

Запрашаем жыхароў i гасцей нашага горада кожны аўторак на набажэнствы ў каплiцу а.Пio, каб разам скласцi да яго свае малiтвы.

Айцец Тадэвуш Кавальскi OFMcap,
Маладзечна