«Бо думаю, што мукі цяперашняга часу
недастойныя тае славы, што мае выявіцца ў нас»
(Дз 14, 22).

21 кастрычніка 2004 г. распачалося вечнае жыццё Леакадзіі Прахарэні, вернай легіянеркі Найсвяцейшай Панны Марыі. Цяжкая анкалагічная хвароба прыкавала гэтую жанчыну да бальнічнага ложка на цэлы год. Увесь гэты час яна не падымалася, не бачыла нават праз вакно ні сонца, ні неба, не чула пяшчотнага шэпту лісцяў і прыгожага спеву птушак, каб потым у вечнасці асягнуць тое, што падрыхтаваў Пан Бог, тым хто любіць Яго: «...не бачыла таго вока і не чула таго вуха і не прыходзіла тое да сэрца чалавека» (1 Кар 7, 9). Гавару гэта з упэўненасцю, бо, па-першае, веру ў бязмежнасць Божае Міласэрнасці, а па-другое, таму што сваім цярпеннем і адносінамі да гэтага цярпення Леакадзія паказала пераканальны прыклад сапраўднай хрысціянскай веры. Яна была смелым воінам Марыі, калі была здаровая, і заставалася такою смяротна параненая невылечнай хваробай.

Бачачы цярпенні нашай сястры ў Хрысце, многія міжволі прыпаміналі святога пакутніка Ёва са Старога Запавету. Гэты вялікі праведнік меў усе даброты ў сваім зямным жыцці, аднак любоў да Бога, адданасць Богу былі найкаштоўнейшым скарбам для яго. Церпячы жудасныя выпрабаванні, ён не адступіўся ад Бога, не стаў блюзнерыць і наракаць, наадварот, казаў: «Голы я выйшаў з улоння маці маёй, голы і вярнуся. Пан даў, Пан і ўзяў; як патрэбна было Пану, так і сталася; няхай жа імя Пана будзе благаславёна! Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а злога не будзем?» (пар. Ёў 1, 21; 2, 10).

Як жа гэта няпроста на самай справе! Але з Божай дапамогай, з Яго асаблівай ласкі – магчыма. Леакадзія мела гэтую ласку. Яна была для многіх прыкладам жывой веры, узорам дзіцячага даверу да Бога.

– А як жа ісці за Хрыстом, вялікім Пакутнікам, і самому не пакутаваць? – гаварыла яна тым, хто з жалем глядзеў на яе, а нават і наракаў, кажучы: «Ты такая веруючая, і за што гэта табе?» Бывала, моўчкі адкрывала Святое Пісанне і давала прачытаць: «Шматлікімі пакутамі нам трэба ўвайсці ў Божае Валадарства» (П 14, 22).

Апостальскую працу хворая легіянерка Марыі праводзіла да астатніх сваіх дзён. І менавіта ў гэты перыяд жыцця яна была найбольш плённай, бо, як сцвярджае Біблія, Бог праз слабых і нямоглых гэтага свету робіць вялікія справы. Пра гэта красамоўна сведчыць таксама жыццё многіх святых. Наведваючы Леакадзію, легіянеры Марыі неслі Божае Слова ўсім тым, хто ляжаў у гематалагічным аддзяленні 9-й клінічнай бальніцы г. Мінска. А наша сястра ў Хрысце дапамагала сваёй малітвай і цярпеннем, якое цалкам ахвяроўвала Богу праз Беззаганнае Сэрца Марыі. Да хворых католікаў легіянеры прыводзілі ксяндза, да праваслаўных людзей – праваслаўнага святара. Бывала, па 20-25 чалавек спавядалася за дзень. Здараліся сапраўды цудоўныя навяртанні.

– Такога не было яшчэ ў маёй практыцы, – казаў, змучаны амаль 7-гадзіннай святарскай паслугай у бальніцы бацюшка Аляксандр.

Як жа радавалася ў такія хвіліны наша хворая сястра ў Хрысце! Але заўсёды далікатна перасцерагала легіянераў: «Беражыцеся, каб галава не закруцілася ад поспеху і пыха не ўзрастала ў вашых сэрцах, бо не нам, але Богу належыць пашана. Што ж мы ўяўляем без Божае ласкі, бедныя грэшныя людзі...»

У той самы час, з прычыны тае самай хваробы ў суседняй палаце ляжаў таксама католік, (дарэчы, яны з Леакадзіяй нават з адной парафіі). Духоўны стан гэтага чалавека выклікаў сапраўдны боль. Ён цалкам адышоў ад Бога і не хаваў гэтага адрачэння.

– Я 10 гадоў быў у касцёле, нават служыў міністрантам, і што мне даў Бог, такую вось страшную хваробу?!.. Гэта самае бяскрыўднае нараканне з яго вуснаў. Блюзнерствы і прэтэнзіі ў адрас Творцы гучалі кожны раз, калі легіянеры Марыі прыходзілі са сваёй місіяй у бальніцу. Даставалася і ім ад яго. Леакадзія некалькі разоў размаўляла з гэтым няшчасным, запрашаючы да сябе ў палату. Малілася сама і прасіла іншых аб малітве за яго. І хочацца верыць, што яе малітва і ахвяра не будуць дарэмнымі для гэтай «заблуканай авечкі».

Леакадзія нярэдка нагадвала і сабе, і іншым словы святога айца Піо: «Калі душы ад нас уцякаюць, гэта азначае, што мы не плацім за іх сапраўднай цаны». А цаной гэтай з’яўляецца малітва, ахвяра, пакута. Леакадзія плаціла гэту цану, атрымліваючы ад Бога вялікія ласкі, якімі шчодра дзялілася з іншымі. Пабыўшы побач з ёю, чалавек заўсёды набіраўся духоўнай моцы і светлай радасці. Гэта я добра зведала і на сабе.

Перад тым як легчы ў бальніцу і больш ужо з яе не выйсці, Леакадзія яшчэ раз дала абяцанне Богу і Божай Маці на вернасць Легіёну Марыі. Было гэта ноччу. Абудзіўшыся ад сну, яна раптам адчула патрэбу здзяйснення такога вось чыну. Святочна апранулася, запаліла свечкі, запрасіла ў сведкі легіянераў, што знаходзяцца ўжо ў Небе і ад усяго сэрца склала абяцанне заставацца верным воінам Марыі аж да канца. Сваё абяцанне яна годна стрымала.

Пахавалі сястру Леакадзію на Кальварыйскіх могілках. Там жа ў касцёле адбылася і пахавальная Святая Імша. Гэта была яе мара.

Галіна Калевіч

P.S. Легіянеры Марыі на Беларусі і рэдакцыя часопіса «Ave Maria» выказваюць глыбокае спачуванне родным і блізкім памерлай, асабліва сястры Алене, мужу Уладзіміру, сыну Іллі і яго сям’і.