Вёска Мосар, што славіцца касцёлам св. Ганны, ляжыць у нізіне, паміж высокім узгоркам і вялікім возерам. Узгорак на ўсходзе вёскі, а возера — на захадзе. Летнім ранкам асабліва цікава назіраць, як сонечны дыск павольна падымаецца над рэзка акрэсленымі контурамі ўзгорка, а вечарам стомленая за дзень сонейка, гэтаксама павольна апускаецца ў нагрэтую за дзень азёрную ваду. Мінаюць гады і стагоддзі, а сонца нястомна апісвае адну і тую ж траекторыю над вёскай, пасылаючы святло і цяпло яе жыхарам.

Зусім нядаўна на вяршыні ўзгорка быў устаноўлены 23-метровы крыж. Цяпер кожную раніцу масаранаў будзе вітаць перажагнанае сонца. Гэты цуд адбыўся дзякуючы намаганням ксяндза Юзафа Булькі. Так ён вырашыў адзначыць важную для гісторыі вёскі дату — 490 гадоў з дня яе заснавання. 30 кастрычніка 2004 года госці і жыхары вёскі ўдзельнічалі ва ўрачыстасці асвячэння крыжа.

Вёска Мосар упершыню згадваецца ў летапісах у 1514 годзе. Наступны ўспамін аб вёсцы датаваны 11.10.1554 г., калі вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт ІІ Аўгуст дазволіў Яну Міхайлавічу Зяновічу (Зяноўевічу) «при имению его Мосары над р. Дисною местечко посадити, торг и корчмы вольные к пожитку у его мети». Уладальнікамі мястэчка Мосар у розныя часы былі Валовічы, Дашат-Ісакоўскія, Млечкі, з апошняй трэці XVII стагоддзя — Бжастоўскія.

У часы Станіслава Аўгуста, у 1775–1790-х гадах, Роберт Бжастоўскі ўзвёў у мястэчку палац у стылі класіцызму. У цэлым і дэталях мосарскі палац нагадваў каралеўскую рэзідэнцыю ў варшаўскіх Лазенках. На жаль, палац да нашых дзён не захаваўся, затое выдатна захаваўся іншы помнік архітэктуры, пабудаваны на сродкі Роберта і Ганны Бжастоўскіх, — парафіяльны касцёл св. Ганны.

У 1990 годзе ў Мосар быў прызначаны пробашч Юзаф Булька. Ксёндз — не толькі адмысловы пастыр для сваіх парафіянаў, але і архітэктар, і садоўнік. Божым Провідам і духам таленту гэтага чалавека, што натхняе і ўсіх мясцовых жыхароў, Мосар і ваколіцы ператварыліся ў цудоўны квітнеючы край. Касцёл св. Ганы адрэстаўраваны. Вакол касцёла закладзены парк з прыгожымі раслінамі, мноствам кветак, фантанамі і садам камянёў. Гісторыя касцёла і вёскі адлюстравана ў парафіяльным музеі, заснаваным нашым пастырам.

Нядаўна парафіяне касцёла і ўсе мясцовыя жыхары адзначылі юбілей вёскі. Хочацца пажадаць ім здароўя, дабрабыту, душэўнага спакою і новых творчых поспехаў.

Сардэчна запрашаем гасцей наведаць вёску Мосар у юбілейны год.

Ад імя парафіянаў
Лілія Брэкун