Віцябчанка Галіна Альхімовіч найчасцей моліцца дома; хоць капліца парафіі Езуса Міласэрнага і знаходзіцца за нейкія дзве сотні метраў ад яго і нават бачная з акна кватэры, дайсці жанчыне туды няпроста — не дазваляе здароўе. Пачынаючы з 1993 года, Галіна Антонаўна перанесла пяць складаных аперацый на суставах, так што выходзіць на вуліцу і цяжка, і рызыкоўна. Праўда, калі-нікалі яна рызыкуе і выпраўляецца ў святыню, каб паўдзельнічаць у Імшы ды паспавядацца.

Любімая малітва Галіны Антонаўны – вяночак да Божай Міласэрнасці. Яго яна чытае штодзень. А нядаўна здарылася дзіўнае. Выйшла, прачытаўшы тры дзесяткі, на балкон і ўжо распачала чацвёртую, як раптам стала сведкай дарожнай аварыі. Вадзіцель іншамаркі збіў удзельніка веласіпеднага кросу: веласіпед пакруціла на кучу лому, а хлопцу – хоць бы што. Прыйшоў у сябе ад сполаху ды і пайшоў далей. «Вось і засумнявайся тут у сіле малітвы, – кажа жанчына. – Не выпадкова ж гэта так усё сталася менавіта на маіх вачах і ў тую хвіліну, калі малілася».

Жыць з двума з паловаю кілаграмаў жалеззя ў кожным з суставаў няпроста, але Галіна Альхімовіч на тое не наракае. І ў Бога падчас малітвы шмат не просіць. Лічыць: Бог дае столькі, колькі чалавек заслугоўвае. У маркотныя хвіліны піша вершы – усе на рэлігійную тэматыку, шмат чытае рэлігійнай літаратуры. Марыць пра далучэнне да сталага касцёльнага жыцця дачок. Старэйшая прыступіла ўжо да катэхізацыі, малодшая – на раздарожжы. Маці, як і кожная, спадзяецца...

Дапамагаюць Галіне Антонаўне пераадольваць жыццёвыя нягоды вернікі парафіі Езуса Міласэрнага, законныя сёстры, святары. І яна, адчуваючы пастаянны клопат пра сябе, чым можа, дапамагае іншым. І канкрэтнаю справай, як выпадае, і, вядома ж, малітвай – найчасцей дома, у атачэнні шматпавярховак, ва ўтульнай кватэры за дзвесці метраў ад капліцы.

Ф. Д.