Павіншаваць Яго Эмінэнцыю кардынала Казіміра Свёнтка з юбілеем у мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прыбыў Прэзідэнт Беларусі. «Усё сваё жыццё Вы прысвяцілі служэнню Пану Богу, і сёння мудрасць і сіла духа дапамагаюць Вам у выкананні Вашай высокай місіі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У доме біскупа адбылася сустрэча Прэзідэнта з каталіцкімі біскупамі — членамі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што Каталіцкі Касцёл — другая па колькасці канфесія ў Беларусі — займае адкрытую і канструктыўную пазіцыю ў міжканфесійным дыялогу і садзейнічае падтрымцы спакою і стабільнасці ў краіне.

«У тым, што ў нас ціха і спакойна, — велізарная заслуга ўсіх нашых канфесій і перадусім асноўных: праваслаўя і каталіцтва, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Разнастайныя сілы імкнуцца дабіцца раз’яднанасці ў грамадстве, распачаць міжканфесійныя і этнічныя канфлікты. Мы заклапочаны пранікненнем у душы нашых суайчыннікаў, асабліва маладых, дэструктыўных настрояў і схільнасцяў. І ў гэтым мы таксама знаходзім узаемаразуменне з нашым Каталіцкім Касцёлам. Такое ўзаемаразуменне з’яўляецца адзіна верным шляхам да праўды».

Прэзідэнт падкрэсліў, што «дзяржава займае сумленную і шчырую пазіцыю ў справе дапамогі ўсім канфесіям, якія існуюць у краіне. Мы не можам дапамагаць адной канфесіі і не дапамагаць іншай. Эканоміка ў краіне развіваецца нармальна, таму ёсць магчымасць падтрымаць нашыя канфесіі, і мы будзем гэта рабіць».

У сваёй прамове старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк казаў пра тыя праблемы, якія хвалююць Каталіцкі Касцёл. Сярод існуючых праблем ён асабліва падкрэсліў неабходнасць узмацнення інстытута сям’і, выхавання дзяцей і моладзі, а таксама маральны аспект дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. «Паўсюдным Каталіцкім Касцёлам назапашаны вялікі вопыт ў вырашэнні найбольш вострых духоўна-маральных праблем сучаснага грамадства. Мы былі б рады, калі б гэты вопыт быў у поўнай меры запатрабаваны і нашай дзяржавай», — падкрэсліў іерарх Каталіцкага Касцёла Беларусі.