У мінулым годзе споўнілася 350 гадоў з таго часу, калі дамінікане атрымалі права на пабудову святыні ў Оршы. Фундатарам узвядзення драўлянага касцёла стаў аршанскі земскі пісар Геранім Альбрэхт Друцкі-Сакалінскі. Пазней святыня неаднойчы перабудоўвалася, у тым ліку пры ўдзеле езуітаў. У 1817 годзе нанава адбудаваны касцёл атрымаў тытул святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Пры касцёле быў пабудаваны таксама драўляны езуіцкі кляштар. У 1821 годзе, па касацыі езуітаў, святыня перайшла ва ўладанне дамініканаў. Да 1842 года пры кляштары служыла 17 айцоў дамініканаў, але праз пяць гадоў ён быў зачынены. З гэтага часу касцёл атрымоўвае статус фарнага і становіцца адзінаю ў Оршы каталіцкаю святыняю. Крыху менш як праз стагоддзе, у 1937 г., касцёл святога Юзафа, як і калісьці кляштар, зачынілі і прыстасавалі пад склад. У 1961 г. будынак касцёла быў пераабсталяваны пад дом культуры – з забавамі, фільмамі, дыскатэкамі. Такую спадчыну і атрымаў пасля доўгага перапынку першы пробашч узноўленай у 1989 г. аршанскай парафіі марыянін а. Ян Вайткевіч.

Аднак аршанскія католікі пачалі гуртавацца вакол святыні значна раней. Даволі працяглы час яны маліліся на кватэрах вернікаў Загорскіх, Макарэвічаў, апекаваўся ж душпастырствам у гэтай мясцовасці вечнай памяці а. марыянін Антоні Лось. І толькі з прызначэннем пастаяннага пробашча аршанцы займелі нарэшце надзею на ўласную святыню і яе аднаўленне.

Пасля а. Яна, якому выпала зведаць усе цяжкасці перыяду станаўлення новай парафіі, яго справу прадоўжыў а. Войцех Сакалоўскі. Найбольш жа часу і сіл аддаў ёй марыянін а. Яраслаў Гыбза. Менавіта пры ім распачалася ў касцёле грунтоўная праца – і будаўнічая, і душпастырская. Айцец Яраслаў прабыў у Оршы дзевяць гадоў і пакінуў у мясцовых католікаў аб сабе найлепшую памяць.

Цяпер у парафіі святога Юзафа працуюць два ксяндзы марыяне: пробашчам – а. Чэслаў Курэчка, вікарыем – а. Міхал Цвячкоўскі. Абодва — нараджэнцы Віцебшчыны, абодва, хоць і паходзяць з традыцыйнага каталіцкага яе рэгіёна, добра адчуваюць настроі і памкненні мясцовых католікаў. Можа таму, справа рухаецца даволі хутка: цалкам дароблены (яшчэ пры пробашчу Я. Гыбзу) першы паверх рэкалекцыйнага дома, даведзена да ладу знешняе аздабленне святыні, добрымі тэмпамі вядуцца ўнутраныя працы. Вельмі дапамагаюць у нялёгкай справе святарам самі вернікі і больш за ўсіх, не лічачыся ні з часам, ні з іншымі акалічнасцямі, Антон Свянціцкі.

Паводле слоў а. Міхала Цвячкоўскага, на сённяшні дзень у Оршы жыве больш за 1000 католікаў. Вядома, гэтая лічба недакладная: магчыма, колькасць практыкуючых вернікаў, якія складаюць цяпер траціну ад згаданай лічбы, узрасце з кансэкрацыяй касцёла і яго асвячэннем, хоць, безумоўна, захады да гэтага робяцца ўжо цяпер і рабіліся раней. Апроч аршанцаў, на Святую Імшу прыходзяць і прыязджаюць людзі з Ламаччыны, Андрэеўшчыны, Пагосця, Смалянаў і іншых населеных пунктаў.

У парафіі цягам трох гадоў вядзецца грунтоўная катэхетычная праца з дзецьмі. Праводзяць яе сёстры пасіяністкі Адрыяна Рудкоўска, Альберта Странцівільк і Ісмэна Жак, якая мае і вялікі досвед катэхетычнае працы, і належную педагагічную адукацыю. Сёстры паспяхова займаюцца і навучаннем дзяцей, і іх адпачынкам. Штогод у польскіх летніках умацоўваюць сваё здароўе, набываючы адначасна новыя рэлігійныя веды, не менш як 50 юных парафіянаў з Оршы. Існуе летнік і пры самой парафіі.

Ёсць чым пахваліцца сёстрам і святарам і ў справе працы з моладдзю. Юнакі і дзяўчаты рэгулярна ўдзельнічаюць у Святой Імшы, выязных сустрэчах, выступалі са спектаклямі перад католікамі Жодзіна, Барысава, Мінска, а цяпер рыхтуюцца да спаткання каталіцкае моладзі свету ў Вадавіцах.

Парафія мае трывалыя сувязі са сродкамі масавай інфармацыі. Матэрыялы пра найбольш значныя падзеі ў касцёле рэгулярна змяшчаюцца ў «Аршанскай газеце», гучаць па радыё, на мясцовым тэлеканале «Тэлеком-экспрэс».

Канчатковая дабудова касцёла запланаваная на наступны год. Для аршанскіх вернікаў, іх душпастыраў айцоў марыянаў, для ўсіх святароў, законных сёстраў і пастыра Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна (ён наведваў парафію ўжо тройчы) гэта будзе, несумненна, вялікае свята. Як і для ўсіх тых, хто словам і справаю служыць Богу, дбае пра наш духоўны хлеб.

Франц Сіўко.
Фота з архіва парафіі