24 кастрычніка ва Ушачах адбылося ўрачыстае асвячэнне адноўленага касцёла святога Лаўрэна. Факт перадачы святыні ў пастаяннае карыстанне вернікам стаўся адным з чарговых на тэрыторыі Віцебшчыны і прыцягнуў увагу як ушачанаў (і не толькі католікаў), так і шматлікіх вернікаў Лепельскага ды іншых дэканатаў дыяцэзіі. Урачыстасць у велічным, густоўна аздобленым касцёле з вялікай колькасцю святароў на чале з біскупам Уладзіславам Блінам адбывалася тут упершыню, хоць каталіцкай традыцыі ў гісторыі рэгіёна ніколі, за выключэннем часу ганенняў на веру ды ў пасляваенныя гады, не бракавала.

Яшчэ ў 1758 г., за больш як дзесяць гадоў да першага падзелу Польшчы, мястэчка Ушачы атрымала магдэбургскае права, а разам з ім уласны герб з выяваю святога раннехрысціянскага перыяду — Лаўрэна. Гісторыя ўшацкай каталіцкай парафіі сягае яшчэ далей, ажно ў XVI стагоддзе. Гэта быў час росквіту духоўнасці мястэчка, да якога ў немалой ступені спрычыніліся айцы базыльяне, потым — дамінікане, якія апекаваліся, апроч душпастырства, школамі, шпіталямі і інш. Адным з тых першых дамініканаў быў Геранім Жаба. Пабудоваю касцёла ў гонар яго і кляштара пры касцёле кіраваў пазней а. Яцэк Уляноўскі. Сярод апошніх ушацкіх дамініканаў былі а. Яцэк Воббэ, а.Францішак Лушчынскі, а. Дамінік Браун. У 1832 г. кляштар быў ліквідаваны расейскімі ўладамі, а касцёл перададзены праваслаўным вернікам.

Адноўлены касцёл быў пабудаваны ў 1904 годзе, але з-за бурных рэвалюцыйных падзеяў ён так і не запрацаваў на поўную моц, а падчас фашысцкай акупацыі і наогул быў знішчаны. Так што, калі лічыць ад даты ліквідацыі дамініканскага кляштара, перапынак у каталіцкім жыцці мястэчка складае амаль два стагоддзі.

Тым не менш католікаў сёння ва Ушачах дастаткова, каб казаць пра іх як пра даволі трывалую і жыццяздольную верніцкую супольнасць. Згадаем, што яе падмурак заклаў цяперашні лепельскі пробашч кс. Мечыслаў Янчышын. Менавіта ён першы распачаў нялёгкую працу па стварэнні парафіі ва Ушачах. Напачатку ўшацкія католікі маліліся ў прыватных дамах, пазней прыдбалі невялікі будынак пад капліцу. Распачатую кс. Мечыславам справу прадоўжыў кс. Марат Казлоўскі, якога пазней змяніў кс. Ежы Майкаў — цяперашні пробашч парафіі.

Аднаўленне касцёла пачалося з дня перадачы яго руінаў вернікам у 1996 годзе. Пра тое, колькі было сумненняў наконт будоўлі і цяжкасцяў падчас яе, лепш за ўсіх ведае ксёндз пралат Міраслаў Скачыляс, пад кіраўніцтвам якога аднаўлялася святыня.

Святую Імшу ў дзень асвячэння касцёла цэлебраваў біскуп Уладзіслаў Блін. «Ніколі не забуду свайго першага прыезду сюды, — сказаў ардынарый падчас гаміліі. — Касцёл нагадваў тады Езуса на крыжы, і вось ён, як і Езус, уваскрос да жыцця, бо былі вера і жаданне ўваскрашэння, а яны, як вядома, наймацнейшы падмурак усяго».

Павіншаваць ушацкіх католікаў з асвячэннем касцёла прыехалі парафіяне з прылеглых раёнаў Лепеля, Сянна, Чашнікаў, а таксама з Селішча, Ветрына, Блізніцы, Пліны. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел прадстаўнікі дыяцэзіяльнай курыі, ксяндзы парафій, ксёндз Пётр Поляк з Влацлаўка, які таксама займаўся справаю аднаўлення касцёла, святар з Амерыкі Джэймс М. Маккейн, пробашч віцебскага катэдральнага касцёла святой Барбары а. Міхал Ермашкевіч, які ахвяраваў для святыні два абразы Маці Божай Ушацкай і святога Лаўрэна. Прыемнаю неспадзянкай было для ўсіх выступленне пасля Святой Імшы знакамітага земляка, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Рыгор Іванавіч прачытаў урывак са свайго перакладу Рымскага трыпціха Яна Паўла ІІ, і яго паэтычнае майстэрства было вельмі прыхільна сустрэта прысутнымі.

Упрыгожаннем урачыстасці былі спевы парафіяльнага хору, які ўжо няблага ведаюць у дыяцэзіі і за яе межамі. Хор неаднойчы дэманстраваў сваё майстэрства ў парафіях Віцебшчыны, выязджаў спяваць у парафіі Польшчы.

Пра жыццё ўшацкіх католікаў мне распавёў перад пачаткам урачыстасці старшыня парафіяльнага камітэта Франц Струй. На яго думку, супольнасць мае ўсё неабходнае, каб зрабіць сваё жыццё цікавым і змястоўным. Асабліва адзначыў старшыня ахвярную працу падчас аднаўлення касцёла сям’і Відзевічаў, іншых вернікаў, выказаў задавальненне разуменнем патрэбаў парафіі з боку кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі якога таксама прысутнічалі на асвячэнніі.

Ушаччына — адна з найбольш адметных маляўнічых мясцінаў Віцебскай дыяцэзіі. Цяпер у дадзенае людзям праз Бога адвечнае яе хараство годна ўпісалася тварэнне іх уласных рук. Няхай жа жывуць у суладдзі з прыродаю, няхай славяць праз малітву і добрыя справы Яго веліч і міласэрнасць, як гэта рабілі спаконвеку далёкія продкі гэтых духоўна прыгожых працавітых людзей.

Францішак Дубраўскі.
Фота кс. Пятра Сялкоўскага
і Міколы Новікава