Па ўрачыстай Суме ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай 4 кастрычніка выйшлі з касцёла са Станіславам Казіміравічам Матусевічам, арганістам фары. Святы Францішак падараваў прыгожы дзень свайго вяртання да Бога, такія дні ў нас называюць «бабіным летам». Ішлі берагам Нёмана. Станіслаў Казіміравіч апавядаў пра служэнне Богу ў Касцёле, якое вымушаны пакінуць з прычыны хваробы горла. Дрэннай хваробы... Яго чакае доўгае пакутлівае лячэнне.

Мы даўно знаёмыя. Калі я ў канцы 80-х гг. выбірала старое піяніна для музея Максіма Багдановіча (маці паэта Марыля добра іграла), Станіслаў Казіміравіч згадзіўся мне дапамагаць як спецыяліст. Усе прыгожыя старыя інструменты па розных кватэрах забракаваў як не прыдатныя для направы, а спыніўся на фісгармоніі якраз з таго часу, з канца ХІХ стагоддзя. Ён сам тую фісгармонію разабраў, памяняў шмат якія часткі (асабліва складана было зрабіць новы мех – так мне здавалася).

Тая фісгармонія атрымала новае месца і новае жыццё. Але такіх інструментаў праз рукі Станіслава Матусевіча прайшло шмат, і цяпер яны працуюць у касцёлах, капліцах... Станіслаў Казіміравіч расказаў, што яму часта даводзілася сумяшчаць працу ў фары і ў бернардынскім касцёле, дзе каля алтара стаяла фісгармонія. Акустыка была надта спрыяльная яго голасу. Спяваючы на Святой Імшы, адчуваў, што спявае ў небе...

Я папрасіла Станіслава Казіміравіча расказаць пра гэтыя пачуцці больш падрабязна.

– Хіба пачну ад нараджэння, таму што, як я пачаў сябе памятаць, то я ўвесь час быў у касцёле...

– Як гэта?

– Я з 1933 года нараджэння. У бацькоў я адзін сын. Мая маці Мальвіна ўвесь вольны ад працы час праводзіла ў касцёле, а я – з ёю. У касцёле мне было надта добра. Я марыў: калі вырасту, буду дапамагаць ксяндзу.

– А бацька?

– Бацька таксама глыбока веруючы чалавек, працаваў кавалём.

– А бабуля?

– Бабуля Вікця, Вікторыя, мела васьмёра дзяцей. Калі маці мая, старэйшая ў сям’і, выходзіла замуж, яе малодшай сястры было 4 месяцы, а паміж імі – хлопчыкі. Бабулі не было часу хадзіць у касцёл так, як хадзіла мама.

– У якім касцёле вы маліліся?

– Наша вёска Дубаўцы за тры кіламетры ад Воўпы, куды мы хадзілі ў прыгожы касцёл Яна Хрысціцеля, адзін з найвялікшых драўляных касцёлаў у нашай дыяцэзіі... Трэба было мне ісці ў школу, і пачаліся ўсе гэтыя падзеі на нашай зямлі...

У вайну я прыступіў да першай споведзі. Шкада – няма фатаграфіі.

У 1944 годзе я скончыў другі клас, і мяне як пераростка перавялі ў чацвёрты. У пяты клас я пайшоў у Воўпу ў 1946 годзе. Ксёндз мяне ўзяў за міністранта. Жадаючых хлопцаў з Воўпы было шмат, але я ўжо ведаў міністрантуру — вывучыў сам па кнізе. Настаўнікі былі пераважна прыезджыя з усходу, але напачатку з рэлігіяй не ваявалі — не было такога распараджэння зверху. Прыходзілі ў нядзелю ў касцёл паглядзець – не маліцца. Пасля ў школе казалі так: «Як Матусевіч зазвоніць, дык усе на калені пападаюць...»

У 1949 годзе я пайшоў вучыцца ў 8 клас у мястэчка Рось. Мне захацелася навучыцца граць на аргане. Арганіст Вацлаў Раманчук згадзіўся вучыць мяне, і я жыў у яго на кватэры, дзе было піяніна. Двое сыноў арганіста таксама вучыліся. Мы дапамагалі ў касцёле, часам замянялі арганіста. У мяне гэта было ў генах. Мой дзед Вінцэнты надта прыгожа спяваў і ўмеў іграць «Гадзінкі». Бацьку было 8 гадоў, калі дзед памёр, але ён памятае як праз сон, што дзед Вінцэсь іграў «Гадзінкі», а спяваў так, што шыбы ў касцёле дрыжалі. У першую сусветную вайну царскія войскі спалілі вёску, і мы жылі ў Плябанаўцах. У дзеда не было абутку, то ксёндз справіў яму боты, каб прыходзіў у касцёл і запяваў з ксяндзом разам.

– А калі памёр бацька?

– Бацька памёр у 1981 годзе, а маці праз 11 гадоў пасля яго. Ксёндз Аляксандр з фары правёў у нашай хаце Святую Імшу, калі мама не магла ўжо дайсці да касцёла...

– Цяпер раскажыце, як вы трапілі ў Гродна, у фару.

– У 1952 годзе ў Гродна адчынілі музпедвучылішча, і я паступіў у яго. Але ў сакавіку 1953 г. мяне выключылі. А было так. Вучыцца іграць на акардэоне мяне накіравалі да дырэктара музычнай школы. Ён паказаў мне, як іграць польку, але нотаў не даў. Сказаў, каб я перапісаў іх сам у навучэнцаў, якія жывуць у інтэрнаце. Я заходжу ў пакой і пытаюся: «У каго ёсць ноты полькі, дайце перапісаць!» А ўсе плачуць, бо ў той дзень перадалі пра смерць Сталіна. На мяне данеслі, што ў жалобны дзень хацеў іграць польку. За гэта і выключылі.

Восенню 1953 года мяне забралі ў марфлот, адтуль вярнуўся ў 1957-м. Падаў дакументы на выезд у Польшчу, але нашу сям’ю не пусцілі, не ведаю і сёння, па якой прычыне.

31 ліпеня 1958 года я зноў падаў дакументы і паступіў у Гродзенскае музпедвучылішча. Скончыў у 1962 годзе, працаваў настаўнікам спеваў у Росі, дапрацоўваў у сваёй вёсцы, вёў студыю ў доме афіцэраў. Ужо завёў сям’ю. Зарплата была надта малая – 40 рублёў за стаўку.

У 1969 годзе пераехаў у Гродна, уладкаваўся слесарам на ТЭЦ-2, пасля быў начальнікам змены ў топлівападачы. Атрымаў кватэру ў 1972 годзе.

Па вечарах заходзіў у касцёлы...

З 1975 года пачаў іграць на аргане ў фарным касцёле. Ксяндза Шаняўскага тады перавялі ў Белагруду, а ў фарны касцёл не далі нікога, але ён дзейнічаў. Прыходзілі камуністы і дзівіліся: «Надо же, ксендза убрали, а они играют и поют». Пяць Святых Імшаў у тыдзень дазволена было праводзіць пробашчу бернардынаў кс. Міхалу Арановічу...

Арган спачатку не падключалі да электрычнасці. Каб іграць, на дапамогу арганісту на хоры падымаліся мужчыны. Самы дужы больш як пяць хвілін калькаваць не мог. Працаваў толькі адзін мануал.

– А колькі ўсіх мануалаў?

– У нашым аргане тры... Бачыў арганы з пяццю мануаламі. Людзі ў той час збіралі грошы ў складчыну, каб аплаціць падаткі, арэнду, каб рамантаваць дах. Калі ў касцёле зноў з’явіўся ксёндз і біскуп, арган падключылі да электрычнасці. Наш арган адрамантавалі і настроілі майстры з Мінска. У 2000 годзе мы святкавалі ў касцёле дваццаціпяцігоддзе майго служэння арганістам і дзесяцігоддзе працы майго малодшага калегі Бруна Тэрмена, які скончыў мінскую кансерваторыю...

У нядзелю 17 кастрычніка пасля Сумы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўрачыстага спеву «Te Deum...» у гонар 26-й гадавіны пантыфікату Святога Айца Яна Паўла ІІ, я паднялася па круглай лесвіцы на хоры (вышчарбленыя 33 драўляныя сходкі мне падаліся як 99) — мы дамовіліся, што Станіслаў Казіміравіч пакажа мне арган.

– Наш арган перанесены з фары Вітаўта ў 1941 годзе. Калі той касцёл зачынілі, арганіст паціху перанёс арган сюды, а ў фару Вітаўта яго паставілі ў 1935 годзе пасля смерці Юзафа Пілсудскага. А хто яго зрабіў, вось чытайце: «Вацлаў Бярнацкі – Выраб арганаў – Варшава – Вільня» і мноства медалёў з выставаў арганаў...

У нашым касцёле арган вельмі добры...

Трубы, якія мы разглядаем знізу з касцёла – гэта бутафорыя, яны засталіся ад старога аргана, які парасцягалі. Трубы, якія працуюць, знаходзяцца за плячыма арганіста, за шафкамі і гэтымі непрацоўнымі трубамі. Там жа і мех аргана, на верх якога пакладзены цагліны, каб цяжар быў.

Фарны касцёл Францішка Ксаверыя, ці гродзенская малая базыліка, вельмі вялікі, мае шмат алтарных слупоў і дадатковай прасторы па баках. Акустыка ў ім добрая, але не адусюль. Найлепей голас разносіцца з цэнтра, калі адступіць некалькі крокаў ад алтара. На музычным балконе арганіста, які спевам і музыкай вядзе за сабой Святую Імшу і кожную малітву, выручае мікрафон. Не заўсёды быў у касцёле мікрафон. Не заўсёды цёпла ў касцёле.

Калі ў пачатку новага тысячагоддзя ў фары ўвялі дадаткова штодзённа Імшу ў 12.00 і ў 17.30 (на беларускай мове), у арганістаў прыбавілася працы, але яны настолькі любяць спяваць і іграць у касцёле, што гэтую нагрузку прынялі як узнагароду. Станіслаў Казіміравіч кожны дзень да абеда адспеўваў па чатыры Святыя Імшы. Галасавыя звязкі не вытрывалі. Нейкі час ён яшчэ не звяртаў на гэта ўвагі, думаў, што пройдзе: «Я ж спяваю ўсё жыццё для Бога, не можа быць, каб я захварэў з гэтай прычыны...» Але давялося ісці лячыцца. Цяпер далечваецца спецыяльным настоем з грыба вясёлкі... Станіслаў Казіміравіч спакойны і мудры, добры сэрцам, любіць сваіх дачок, унукаў і зяцёў. Пакуль што ён, як той лётчык, у якога забралі неба. Яму трэба навучыцца жыць на зямлі і моўчкі маліцца. Тое, што на Святой Імшы ён падымаецца па сваёй лесвічцы на хоры і моліцца ў сваім звыклым месцы, я ацэньваю як добры знак. Дапамажы яму, Божа!

Данута Бічэль,
Гродна