21 кастрычніка ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстая Святая Імша падзякі за 7 гадоў рэкансэкрацыі галоўнай каталіцкай святыні Беларусі і за 90 гадоў з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі.

Імшу канцэлебраваў сам Юбіляр з шматлікімі святарамі, якія прыйшлі для таго, каб у гэты асаблівы дзень маліцца са сваім арцыпастырам і дзякаваць Богу за 90 гадоў яго жыцця.

Як слушна зазначыў у казанні з гэтай нагоды пробашч парафіі Яна Хрысціцеля ў Серабранцы а. Ігар Лашук: «Кожнае жыццё чалавека — гэта асаблівы Божы дар для гісторыі і для часу, бо і час, і гісторыя — акт творчай Божай любові, з дапамогай якой мы пазнаем Бога як нашага Айца».

Урачыстасць закончылася цёплымі словамі віншавання ад усіх парафій і каталіцкіх супольнасцяў Мінска.

Супрацоўнікі выдавецтва «Pro Christo» падаравалі Яго Эмінэнцыі фотаальбом «Fidei testis» — «Сведка веры», які яны выдалі разам з польскім выдавецтвам «Apostolicum» да 65-годдзя святарства кардынала і да яго 90-годдзя. Гэта першае прэзентацыйнае выданне на беларускай і польскай мовах, у якім апавядаецца пра жыццёвы і святарскі шлях арцыпастыра католікаў Беларусі.

Рэд.