23 і 24 кастрычніка па запрашэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка ў нашай краіне знаходзіўся з візітам кардынал Альфонсо Лопес Трухільё, Старшыня Папскай Рады па пытаннях сям’і.

У першы дзень свайго побыту высокі госць узначаліў цэлебрацыю Cв. Імшы ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якую канцэлебравалі таксама арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, часовы павераны па справах Ватыкана ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Хенрык Мечыслаў Ягадзіньскі, шматлікія святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. У гаміліі кардынал А. Трухільё падкрэсліў значнасць для ўсяго Касцёла і асабліва для вернікаў Беларусі прыкладу і сведчання жыцця кардынала Казіміра Свёнтка, які 21 кастрычніка адзначыў 90-гадовы юбілей.

Пасля Святой Імшы адбылася сустрэча з кардыналам Трухільё, падчас якой Старшыня Папскай Рады прачытаў рэферат «Сям’я: выклікі і надзеі». У ім госць з Ватыкана сказаў аб найбольшых пагрозах для сям’і як асноўнага сацыяльнага інстытута, а таксама аб тым, што неабходна зрабіць, каб забяспечыць нармальнае развіццё асобных народаў і ўсяго чалавецтва. Асаблівую ўвагу кардынал А. Трухільё звярнуў на неабходнасць прызнаць безумоўную вартасць чалавечага жыцця з моманту зачацця і заклікаў супрацьстаяць любым спекуляцыям па гэтай праблеме.

Рэферат выклікаў жывую цікавасць усіх прысутных, сярод якіх, акрамя духавенства, былі таксама прадстаўнікі ўладаў, сродкаў масавай інфармацыі і дыпламатычных колаў, у прыватнасці, Мальтыйскага Ордэна.

24 кастрычніка кардынал Трухільё наведаў Гродна, дзе быў прыняты ардынарыем дыяцэзіі біскупам Аляксандрам Кашкевічам, правёў шэраг сустрэч і таксама выступіў з рэфератам.