ІІ Нядзеля Адвэнту — 05.12.2004 г.
Чытанні: Іс 11, 1-10; Пс 72 (71); Рым 15, 4-9.
Евангелле (Мц 3, 1-12):

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму. Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да яго і хрысціліся ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць у думках сваіх: Наш айцец — Абрагам. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь.

Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным.

Адвэнт — час радаснага чакання. У гэты перыяд літургічнага года мы часта сустракаем такія словы на дошках касцёльных аб’яваў, у загалоўках каталіцкіх часопісаў, у сшытках па катэхезе, а таксама чуем ў казаннях. Гэты час адвэнтавага чакання ляціць вельмі хутка: раратнія Святыя Імшы, рэкалекцыі, чэргі да канфесіяналаў...

Наконт радасці. Сенека Малодшы, вядомы рытар, пісьменнік, паэт і філосаф, які жыў у часы Хрыста, некалі сказаў такія словы: «Не думайце, што радасць — гэта толькі смех. Радасць — гэта вельмі сур’ёзна». Сенека меў рацыю: нельга блытаць радасць з пустой забавай ці весялосцю.

Па-першае, забава — гэта справа часовай прыемнасці, а радасць напаўняе сабою мінулае і будучыню; па-другое, забаву можна купіць, а сапраўдная радасць — гэта ў пэўнай ступені заўсёды дар; па-трэцяе, у забаве мы «праводзім час», радасць жа запаўняе час сабою; нарэшце, забава прапануе перавесці ўвагу, а радасць дае для гэтага нагоду.

Такім чынам, каб вучыцца радаснаму чаканню прыйсця Пана, давайце ўзглянем на сённяшнюю Літургію Слова, якая запрашае нас да навяртання. Што такое навяртанне? Чаму яно так важна ў жыцці чалавека?

Навяртанне — гэта зварот да першаснага Дабра, да якога пакліканы кожны з нас: да стварэння, адкуплення, любові, радасці. Навяртанне — гэта адкрыццё ў сабе натуральнай «музыкі сэрца», якое з’яднана з Богам. Навяртанне — гэта цвёрдае рашэнне вярнуцца на дарогу, супольную для ўсіх нас, хрысціянаў, нягледзячы на прафесію, месца працы ці вучобы, жылля: на дарогу чалавечага паклікання да неба.

«Існуе толькі адно пакліканне, — напісаў Томас Мертан, — ці навучаеш, ці жывеш у кляштары, ці даглядаеш хворых; ці з’яўляешся манахам, ці не; ці жывеш у самоце, ці ў сям’і; нягледзячы на тое, кім з’яўляешся і чым з’яўляешся, ты заўсёды пакліканы да вышыняў дасканаласці...».

Таму сёння ў адказ на заклік Яна Хрысціцеля «падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму», падумай пра шлях, на якім ты стаіш і па якім крочыш. Ці вядзе ён да цемры і гушчару джунгляў, ці да светлых Божых краявідаў у табе. І гаворка тут ідзе не толькі пра радасць супакаення сумлення нейкім «адвэнтавым учынкам», але хутчэй пра адказ на пытанне: для каго я хачу жыць? Для каго павінна гучаць музыка майго жыцця?

ІІІ Нядзеля Адвэнту — 12.12.2004 г.
Чытанні: Іс 35, 1-6а.10; Пс 146 (145); Як 5, 7-10.
Евангелле (Мц 11, 2-11):

Калі Ян пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх спытаць у Яго: Ты Той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?

І сказаў ім Езус у адказ: Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне.

Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: На што глядзець выйшлі вы ў пустыню? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што ж вы хадзілі глядзець? На прарока? Так, кажу вам, і нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю Анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля; але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго.

Кожны чалавек кагосьці чакае. Прыход чаканага чалавека, сустрэча з ім напаўняюць нас жыццёвым энтузіязмам, дадаюць сіл і энергіі. Калі ўжо ніхто не прыходзіць, калі ўжо нікога не чакаем, слабне дынамізм жыцця. Гэта можна заўважыць у людзях, якія не маюць блізкіх, знаёмых, каго ніхто не наведвае, пра каго ніхто не памятае.

Ізраэль столькі вякоў чакаў прыйсця Месіі, які будзе магутны ў слове і ў справах. Прыкладам такога ізраільцяніна з’яўляецца Ян Хрысціцель. Ён чуе пра вялікія справы Езуса, высылае да Яго сваіх вучняў і задае пытанне: «Ты Той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?». Як жа моцна Ізраэль прагнуў прышэсця чаканага Месіі, калі Ян так адкрыта пытаецца! А Езус дае адказ сваімі ўчынкамі, поўнымі жыцця і радасці: «Сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна». На канкрэтнае пытанне Ян Хрысціцель атрымлівае канкрэтны адказ.

Калі Ян Хрысціцель пытаецца, ці з’яўляецца Езус Месіяй, які павінен прыйсці, ён кажа пра чаканне Ізраэля. Тое, што пазней адбудзецца з Езусам Хрыстом, якога адкінуў Яго ўласны народ, мае свай пачатак у гэтым чаканні і неразуменні асобы, якая прыходзіць. Гэта было чаканне, поўнае тугі па Богу, Яго бачнай прысутнасці і збаўленным дзеянням. Ян Хрысціцель быў дзіцем свайго часу і свайго народа. Таму ў пытанні Яна Хрысціцеля можна таксама ўбачыць сумненне і расчараванне. Гэта павінен быў быць валадар магутны ў палітычных справах, вызваліцель народа ад рымскай акупацыі. Такія сумненні і расчараванне асобай Езуса Хрыста з’яўляюцца таксама сёння і ў нас.

Айцец Патрык у малітве часта пытаўся: «Які самы кароткі шлях, Божа, каб Цябе сустрэць, убачыць?». Яму здавалася, што адказу не атрымае. Да пары, да часу. На трамвайным прыпынку ён аднойчы пачуў: «Калі ласка, дапамажы мне перасунуць каляску». Гэта сказаў мужчына без ног, які сядзеў у гэтай калясцы.

Кожны з нас павінен зразумець: Бог не прапануе гатовых патэнтаваных рэцэптаў ад нашых праблемаў. Распазнавальным знакам Хрыста ў нас з’яўляецца тое, як мы прымем Яго пасланне любові і вызвалення, і тое, ці ператворым яго ў дзеянне. Калі сёння мы з крыўдай запытаем: «Дзе Езус са сваёй моцай, міласэрнасцю, справядлівасцю, спакоем?», то такая скарга, па сутнасці, можа быць скіравана да нас, хрысціянаў — што мы робім з Евангеллем Хрыста, дзеля якога Ён жыў і памёр? Езус стане нашым Месіяй, калі мы дазволім Яму паказваць нам шлях штодзённага жыцця. Ён з’яўляецца тым, які заклікае любіць сваіх бліжніх, а не змагацца з канкурэнтамі. Ён — той, які сказаў: «Хто верыць у Мяне, будзе жыць вечна!». А не — «пасля смерці ўсё скончыцца».

Езус любіў жыццё: Ён глядзеў, як Яго Маці стараецца па гаспадарцы, дапамагаў Ёй; каштаваў старое віно, любіў сяброўскую супольнасць; сур’ёзна ставіўся да малых справаў і людзей, якіх іншыя недаацэньвалі. Езус хутка прыйдзе. Якога Езуса я хачу прыняць, Якога Езуса я чакаю?

IV Нядзеля Адвэнту — 19.12.2004 г.
Чытанні: Іс 7, 10-14; Пс 24 (23); Рым 1, 1-7.
Евангелле (Мц 1, 18-24):

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы праведным і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Але, калі ён надумаў гэта, вось Анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў Ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае: з намі Бог.

Устаўшы ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму Анёл Пана, і прыняў жонку сваю.

Людзей заўсёды інтрыгавала невядомае, таямнічае, загадкавае, экзатычнае. Многія больш ахвотна вераць гараскопам, варажбіткам і прадказанням, чым Евангеллю, а знахару — больш, чым доктару. Часам гэта можна зразумець: невядомае дае надзею на большае.

Прыйсце Месіі, Сына Божага, на свет з’яўляецца найбольш таямнічай праўдай нашай веры: ад звеставання і нараджэння да смерці і змёртвыхпаўстання. У сённяшнім Евангеллі таксама ёсць шмат таямнічага для чалавека.

У часы Езуса ў Ізраэлі ад заручынаў да шлюбу павінен быў прайсці цэлы год. З моманту заручынаў мужчына і жанчына жылі асобна, кожны ў сваім доме, аднак іх прававы статус цалкам змяняўся. Хоць яны яшчэ не жылі сямейным жыццём, згодна з правам яны лічыліся сямейнай парай. Разарваць заручыны можна было толькі праз развод; калі хтосьці з нарачоных паміраў, другі станавіўся ўдаўцом ці ўдавою; нявернасць жа лічылася чужалоствам. Пасля гадавога перыяду заручынаў жанчына пераходзіла ў дом мужа, і распачыналася сямейнае жыццё. Прымаючы пад увагу такі прававы статус нарачоных, Марыя і Юзаф называюцца мужам і жонкаю ў перыяд пасля заручынаў, але да пераходу ў дом жаніха.

Таму Юзаф так устрывожаны. Юзаф стаіць на парозе Таямніцы. Юзаф не пазнае яе. Гэтая Таямніца захоплівае святога Юзафа «ва ўласнасць». Яна ім распараджаецца. «Таямніца» — гэта грэцкае «mysterion», якое паходзіць ад дзеяслова «myein», што азначае «закрыць вусны». Таямніца закрывае вусны. Маўчанне святога Юзафа з’яўляецца прыкладам гэтага — на старонках Евангелля ён не сказаў ніводнага слова.

Юзаф — гэта чалавек, які стаіць на парозе Таямніцы. І мы стаім ужо так блізка, мы таксама на парозе гэтай Таямніцы. Мы не разгадаем Яе, бо перад намі было ўжо так шмат людзей, якія жадалі яе пазнаць. Але мы можам далучыцца да тых, хто дазволіў, каб гэтая Таямніца іх агарнула, авалодала імі.

Першым словам гэтай Таямніцы з’яўляецца «Эммануэль» — Бог з намі. Гэта азначае, што ў Таямніцы Бог з намі вельмі блізка, на адлегласці працягнутай рукі, а дакладней — працягнутага і адкрытага сэрца. Што для мяне азначае «Эммануэль»? Езус для мяне — магутны зарад надзеі, радасці, супакою, сяброўства. Прыгожыя словы сказаў Поль Кладэль: «Гісторыя — як Імша, у ходзе якой Бог адварочваецца ад часу і кажа: „Dominus vobiscum“ (Пан з вамі)». Гісторыя — гэта ход падзей, у якім Бог звяртаецца да чалавека з такім пасланнем: «Я з табою. Эммануэль з табою».

Часткай гэтай Таямніцы з’яўляецца таксама заклік: «Не бойся». Таямніца закрывае чалавеку вусны, яна можа нават напалохаць чалавека. І тады чуецца ціхі Божы шэпт: «Не бойся». Святы Юзаф, маўклівы сведка, пачуў гэты шэпт.

Мы набліжаемся да канчатковага пункту адвэнтавай дарогі. Становімся на парозе Таямніцы, якая нас перавышае і адначасова захоплівае ва ўласнасць. Ці дазволім мы Ёй намі авалодаць, ці запросім Яе да свайго жыцця?

Урачыстасць Нараджэння Пана — 25.12.2004 г.
Пастэрка
Чытанні: Іс 9, 1-6; Пс 96 (95); Ціт 2, 11-14.
Евангелле (Лк 2, 1-14):

Сталася ў тыя дні: выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.

Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім Анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх; і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім Анёл: Не бойцеся! Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, які ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях.

І раптам з’явілася з Анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі.

Каб паглядзець на гэтыя падзеі з іншага боку, мы можам паразважаць пра тое, што б мы святкавалі, калі б Езус не нарадзіўся?

Такім чынам, няма нічога дзіўнага, што з усіх падзеяў і вераванняў, якія Касцёл захоўвае ў вялікай пашане, нараджэнне Езуса найбольш натуральным чынам заклікае нас да святкавання.

Пане Езу Хрыстэ, калі Ты ўвайшоў у нашае чалавецтва, то не прыняў натуры поўнасцю сфармаванай і завершанай, хоць мог гэта зрабіць у сваёй вялікай моцы. Замест гэтага Ты, далікатны і добры, прыйшоў, каб узрастаць у ласцы ў Бога і людзей (пар. Лк 2, 52).

Ты ў поўнай меры паважаў нашую натуру, калі прыйшоў ізноў як уваскрослы Пан і не навязваў чалавецтву сваёй перамогі, бо шанаваў нашую патрэбу ўзрастаць у часе, каб дасягнуць паўнаты.

Аднак у гэтай далікатнай пачцівасці, Езу з Назарэта, Ты благаславіў нашую чалавечнасць як ніхто іншы, бо Ты здзейсніў справу, якой ніхто не быў здольны здзейсніць, справу, якую цяпер мы распазнаем як вечнае благаслаўленне для кожнай асобы і для чалавецтва, як цяпло сонца на ўрадлівай глебе.

Прыйдзі хутчэй, прамяністы Заранак Бога, асвяці ўсе закуткі нашых думак, сагрэй усе памкненні нашага сэрца, каб мара Айца ў Духу, жывое валадарства справядлівасці, спакою і любові магло ахапіць таксама і нас. Амэн.

Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа — 26.12.2004 г.
Чытанні: Сір 3, 2-6.12-14; Пс 128 (127); Клс 3, 12-21.
Евангелле (Мц 2, 13-15. 19-23):

Калі магі адышлі, вось, Анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і пайшоў у Егіпет, і быў там да смерці Ірада. Так збылося сказанае Панам праз прарока: З Егіпта паклікаў Я Сына Майго.

А калі Ірад памёр, вось Анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце і сказаў: Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля. Але пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест бацькі свайго Ірада пабаяўся ісці туды. І, атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю.

Прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назарэем.

Мы прыходзім на свет у сям’і. Мы прызначаны да жыцця ў сям’і натуральнай, а таксама ў звышнатуральнай сям’і Касцёла як супольнасці збаўлення. Аднак ці можа сям’я, якая сёння распадаецца ў выніку зменаў у грамадстве, называцца асноўнай яго ячэйкай? У Святым Пісанні чытаем пра розныя прыклады сямейнага жыцця, выразна бачым, што Бог жадае аб’явіць сваю таямніцу і свае адносіны з людзьмі пры дапамозе сямейных адносін.

Святы Лука, выдатны мастак, намаляваў прамяністы абраз Маці Езуса, Мацвей жа з моцаю «высек» постаць айца сямейства, цесляра Юзафа. Ягоны Юзаф годны захаплення з-за яго адвагі і цвёрдасці ў прыняцці рашэнняў. Чалавек, поўны веры і сумленнасці, перакананы ў сваёй выключнай ролі адносна «Дзіцяці і Яго Маці», Юзаф не распачынае ніякіх дзеянняў без таго, каб перад гэтым не ўслухацца ў голас Бога. А паколькі Божая воля стала для яго відавочнай, ён загадвае ўласным пратэстам сцішыцца, без вагання прымае на сябе адказнасць, не баіцца рызыкаваць і, аднак, умее разлічыць магчымасці і пазбегнуць неразважлівых крокаў: уцёкі ў Егіпет у той момант, калі Ірад хоча забіць Дзіця, вяртанне пасля смерці тырана, пасяленне ў Назарэце. Моцны і праведны чалавек, спагадлівы муж, адважны бацька, які палае верай і радасцю, гатовы на ўсё дзеля «Дзіцяці і Яго Маці» — гэтых двух цудоўных дароў ад Бога. Такі ён, святы Юзаф. Якой жа заслонай ахутвае евангеліст жыццё сям’і з Назарэта, калі ў адным сказе заключае падзеі 30-ці гадоў: «Юзэф пайшоў у Галілейскую зямлю і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назарэем». Горад. Сёння ён налічвае трыццаць тысяч жыхароў, але ў часы Езуса яго цяжка было назваць нават вёскай. Гэта было толькі малое паселішча — 20 дамоў, пабудаваных над скалістымі пячорамі, і каля 150 жыхароў. У іх былі аліўкавыя дрэвы, вінаграднікі і невялікае поле. Крыніца была месцам сустрэчы жанчын, мужчыны ў шабат збіраліся ў сінагозе. Марыя кожны дзень хадзіла да крыніцы, Юзаф кожны тыдзень наведваў сінагогу. Дзіця суправаджала бацьку. Такім было ва ўсёй праўдзе «жыццё пакорнае ў аднастайнай і простай працы».

Святое Пісанне хатнія абавязкі залічвае да рэлігійных. Пашана і павага ў адносінах да бацькоў выяўляе адначасова адносіны чалавека да Бога. Як жа неабходныя сёння аўтарытэт бацькі, узаемная павага, звычайная і добразычлівая цярпімасць. Толькі Бог з’яўляецца Даўцам усіх дароў: спакою, дабра, добразычлівасці, згоды, сяброўства і любові ў нашых сем’ях.

Падрыхтаваў кс. д-р Пётр Сялкоўскі