У гэтым годзе Ян Павел ІІ у чарговы раз запрашае моладзь перажыць незвычайнае падарожжа і прыгоду веры. Святы Айцец жадае сустрэцца з маладымі людзьмі з усяго свету падчас XX Сусветных дзён моладзі (СДМ), якія на гэты раз адбудуцца ў Кёльне (Германія), у горадзе, дзе знаходзяцца рэліквіі Трох Мудрацоў з Усходу.

З гісторыі Сусветных дзён моладзі

Сусветныя дні моладзі з’яўляюцца ініцыятывай Святога Айца Яна Паўла ІІ, які яшчэ да свайго пантыфікату быў вядомы актыўным удзелам у душпастырстве студэнцкай моладзі, а таксама вялікай цікавасцю да справаў маладога пакалення.

Хутка пасля выбару Яна Паўла ІІ на Пятрову Сталіцу, падчас малітвы «Анёл Панскі», Святы Айцец звярнуўся непасрэдна да моладзі: «Вы — надзея свету, надзея Касцёла. Вы — мая надзея». Неўзабаве гэтыя словы сталі адным з дэвізаў пастырскага служэння Папы.

Гісторыя СДМ распачалася ў Юбілейным Годзе Адкуплення, які адзначаўся ва ўсім Касцёле з 25.03.1983 г. да 22.04.1984 г. У Пальмовую нядзелю у 1984 г. на пляцы св. Пятра ў Рыме сабралася незлічоная колькасць маладых людзей з розных краін свету. На заканчэнне гэтай сустрэчы Ян Павел ІІ даручыў ім Крыж Святога Года з просьбай несці яго праз увесь свет. Святы Айцец жадаў, каб гэты крыж стаў знакам любові Бога да моладзі ўсяго свету. З таго часу «Крыж маладых» з’яўляецца верным спадарожнікам усіх СДМ. Ён перадаецца «з рук у рукі» моладдзю той краіны, дзе праходзілі апошнія СДМ, у тую краіну, якая праз год будзе прымаць у сябе моладзь усяго свету.

Важнай падзеяй, якая дапамагала ў падрыхтоўцы Міжнароднага года моладзі ў Касцёле, быў Апостальскі ліст «Да моладзі ўсяго свету». Упершыню ў гісторыі Касцёла Святы Айцец скіраваў спецыяльны ліст да моладзі, які распачаў новую форму дыялогу з моладдзю ўсяго свету.

З таго часу Святы Айцец штогод піша Ліст да маладых людзей, дзеліцца з імі сваім клопатам пра іх, пра Касцёл і пра свет.

20 снежня 1984 г. Ян Павел ІІ прапанаваў кожны год праводзіць Міжнародны дзень моладзі. Першая такая сустрэча адбылася 31 сакавіка 1985 г. у Пальмовую нядзелю ў Рыме, на пляцы св. Пятра, дзе сабраліся каля 300 тыс. маладых людзей з 70-ці краінаў усіх кантынентаў. Такім чынам, першы раз у жыцці Касцёла моладзь магла выразна адчуць яго паўсюднасць і вечную маладосць.

Менавіта Пальмовую нядзелю Папа абвясціў Днём моладзі, і кожны год моладзь усяго свету збіраецца ў гэты дзень на малітву і разважанні, прычым адзін год СДМ адзначаецца ў межах дыяцэзіяльных супольнасцяў (на месцы, у кожнай краіне, у сваёй дыяцэзіі), а на наступны год як сусветная сустрэча і адбываецца звычайна ў жніўні.

Першая Міжнародная сустрэча моладзі ў 1985 г. праходзіла ў Рыме пад дэвізам «Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ў вас слова аб вашай надзеі» (1 П 3, 15). Праз два гады Крыж, атрыманы ад Яна Паўла ІІ на заканчэнне Юбілейнага Года Адкуплення, моладзь перадала ў сталіцу Аргентыны — Буэнас-Айрэс. Другія СДМ адзначаліся ў 1987 г. пад дэвізам «Мы пазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паверылі ў яе» (1 Ян 4, 16). Галоўнай тэмай IV СДМ, якія праходзілі ў Іспаніі ў 1989 г., быў фрагмент Евангелля паводле св. Яна: «Я і Дарога, і Праўда, і Жыццё» (Ян 14, 6). Развіццё грамадска-палітычных падзей у свеце дазволіла Святому Айцу прыбыць у 1991 г. разам з моладдзю ў Чэнстахову на Ясную гару, каб разам з Маці Божай святкаваць VI СДМ пад дэвізам «Вы прынялі Духа ўсынаўлення» (Рым 8, 15).

У Чэнстахову ўпершыню прыбыла тады моладзь з Усходу. Гэта была сапраўды першая сустрэча ўсяго маладога свету.

VIII CДМ адбыліся ў цэнтры Злучаных Штатаў — у Каларада. Іх вядучая думка канцэнтравалася вакол тэмы жыцця, а дэвізам былі словы з Евангелля св. Яна: «Я прыйшоў, каб [авечкі] мелі жыццё і мелі болей» (Ян 10, 10).

Праз два гады, у 1995 г., паломніцкі шлях Яна Паўла ІІ разам з моладдзю накіраваўся ў Манілу на Філіпіны. У гэтай сустрэчы прыняла ўдзел найбольшая да гэтага часу колькасць маладых людзей з усяго свету. Дэвізам былі словы «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас» (Ян 20, 21). У гэтым жа годзе Святы Айцец сустрэўся яшчэ з еўрапейскай моладдзю ў Ларэта, у той час, калі ў Маніле сабралася перадусім моладзь Касцёлаў Азіі і Далёкага Усходу. Непасрэднай падрыхтоўкай да Юбілею 2000 г. былі СДМ у Парыжы ў 1997 г. Дэвізам гэтай сустрэчы ў год, прысвечаны Асобе Езуса, былі словы «Настаўнік, дзе жывеш? Пайдзіце і ўбачыце» (Ян 1, 38-39). Каля мільёна моладзі з 157 краінаў свету ставілі тыя самыя пытанні, што і першыя Апосталы Хрысту, а Святы Айцец спадарожнічаў маладым у іх пошуках і звяртаў увагу перадусім на Езуса і Яго прысутнасць у Касцёле і святых сакрамэнтах.

У 2000 годзе вялікая колькасць моладзі адказала на запрашэнне ў Рым, каб з усім Касцёлам святкаваць Юбілей Нараджэння Езуса. Сустрэча адбылася пад дэвізам « І Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). У гэтай сустрэчы прынялі ўдзел таксама вялікія групы моладзі з Беларусі, Украіны і Расіі. Рым нанава адчуў маладосць Касцёла, а малітоўнае чуванне са Святым Айцом на Тор Вергата надоўга застанецца ў памяці ўсіх яго ўдзельнікаў. Падчас апошняй Міжнароднай сустрэчы маладых, якая адбылася ў Таронта (Канада, 2002 г.), вядучай думкай былі словы з Евангелля паводле св. Мацвея: «Вы соль зямлі... Вы святло свету» (Мц 5, 13-14). На заканчэнне Святы Айцец запрасіў моладзь на чарговую сустрэчу, якая адбудзецца ў 2005 г. у Кёльне (Германія). Адной з галоўных умоваў удзелу ў гэтай сустрэчы з’яўляецца духоўная падрыхтоўка маладых людзей. Праграма СДМ са Святым Айцом заўсёды ўключае ў сябе малітоўнае чуванне і Святую Імшу, іншыя ж дні прызначаны на супольныя сустрэчы, катэхезы, евангелізацыйныя канцэрты, якія з’яўляюцца своеасаблівай магчымасцю для перажыванні вопыту супольнасці, а таксама для духоўнага і апостальскага аднаўлення.

Мэта і значэнне Сусветных дзён моладзі

СДМ маюць вялікае значэнне ў выхаванні, фармаванні і фармацыі маладога пакалення. Яны дапамагаюць моладзі ў пошуках Хрыста, які — як навучае Святы Айцец ва ўсіх сваіх пасланнях на СДМ — з’яўляецца адзіным праўдзівым Настаўнікам сапраўдных каштоўнасцяў, якія надаюць сэнс жыццю. Адкрыццё Хрыста зноў і зноў, з кожным разам усё больш, Ян Павел ІІ называе найцудоўнейшай прыгодай жыцця. «Езус з’яўляецца для нас адзінай Дарогай, якая вядзе да Айца. Гэтай Дарогай павінен пайсці кожны, хто хоча дасягнуць збаўлення. Толькі Хрыстус, Яго Евангелле, Яго прыклад, Яго запаведзі з’яўляюцца дарогай, якая вядзе да поўнага і трывалага шчасця» (З паслання на IV СДМ).

Святы Айцец як добры пастыр і выхавацель з бацькоўскім клопатам прагне абудзіць у розумах моладзі жаданне зазірнуць глыбей у свае душы, каб адкрыць сэрцы на прысутнасць Бога. Ян Павел ІІ ускладае на маладых людзей вялікую надзею і ведае, што можа на іх разлічваць. Падчас Сусветных дзён моладзі Святы Айцец заклікае маладых да роздуму над сваім жыццём і верай. Неаднойчы Ян Павел ІІ заахвочваў сваіх маладых сяброў: «Вы павінны адважна сведчыць пра Хрыста! Не бойцеся прапанаваць Хрыста таму, хто яшчэ Яго не ведае. Быць вучнем Езуса — не прыватная справа. Такім чынам, недастаткова адкрыць Хрыста, але трэба сведчыць пра Яго, несці Яго іншым».

Сусветныя дні моладзі маюць сваёй мэтай таксама будаванне мастоў братэрства і еднасці паміж кантынентамі, народамі і культурамі. Яны дапамагаюць ствараць вялікае кола сяброўства, яднаюць колеры скуры і дзяржаўныя сцягі, разнастайныя культуры і вопыт у адзінае цэлае дзякуючы агульнай веры ў змёртвыхпаўсталага Хрыста. Такім чынам нараджаецца братэрства маладых усяго свету. Важнае значэнне гэтых сустрэч заключаецца і ў тым, што моладзь усяго свету можа адчуць паўсюднасць Касцёла, убачыць яго маладосць, якую яны самі ствараюць, пачуць сведчанні веры часта з краінаў, дзе яшчэ пануюць пераслед за веру і прыніжэнні, а таксама даведацца пра розныя спосабы абвяшчэння Евангелля альбо перажывання Эўхарыстыі, якая з’яўляецца цэнтрам жыцця кожнага хрысціяніна.

Кожная сустрэча маладых католікаў з маладымі хрысціянамі іншых веравызнанняў, вялікая колькасць якіх таксама прымае ўдзел у сустрэчах са Святым Айцом, вядзе да ўсё больш поўнага адкрыцця багаццяў евангельскага паслання жыцця і любові. Таму можна сказаць, што адной з найбольш важных праяваў Дзён моладзі з’яўляецца дух эклезіяльнай супольнасці, якая сабралася вакол Езуса Хрыста.

Супольнае вымярэнне Сусветных дзён моладзі было асабліва падкрэслена падчас VI СДМ на Яснай гары ў Польшчы, калі ўпершыню прыняць удзел у гэтых вялікіх падзеях магла моладзь з былога Савецкага Саюза. Такім чынам, гэта была сустрэча моладзі Усходу і Захаду, Поўначы і Поўдня, адным словам, гэта было свята моладзі ўсяго свету.

Будаванне салідарнасці паміж людзьмі і народамі, а таксама будаванне супакою Святы Айцец паказвае моладзі як галоўнае заданне ў перамяненні свету. Гэты заклік звернуты да ўсіх, без выключэння. Такім чынам, Дні моладзі маюць сваёй мэтай выхаванне маладога пакалення, на якое хутка ляжа адказнасць за лёсы Касцёла і свету. Моладзь павінна будаваць новы грамадскі лад, перамяняць еўрапейскі кантынент у супольны дом, а культу смерці, які запанаваў у свеце, супрацьпаставіць цывілізацыю любові.

СДМ з’яўляюцца дзейсным сродкам дыялогу Касцёла з моладдзю і моладзі з Касцёлам. Тое, што маладыя людзі ў такой вялікай колькасці і так ахвотна прыбываюць кожны год на гэтыя сустрэчы, Ян Павел ІІ успрымае як просьбу, скіраваную да яго і ўсіх святароў спадарожнічаць ім у пілігрымаванні веры, у вандроўцы, якая з’яўляецца адказам на Божую ласку, і якая дзейнічае ў іх сэрцах. На гэтую просьбу павінны адказаць усе душпастыры і катэхеты праз чынны ўдзел, дыялог і пошукі новых шляхоў, што вядуць да пазнання моладзі і яе патрэбаў.

Святы Айцец вельмі выразна акрэслівае для моладзі іх кірунак працы. Згадаем яго словы, скіраваныя да моладзі падчас VI СДМ у Чэнстахове: «Вы павінны быць патрабавальнымі ў адносінах да сябе, нават калі іншыя ад вас не патрабуюць». Нягледзячы на тое, што часта грамадска-палітычныя ўмовы з’яўляюцца неспрыяльнымі для плённага развіцця маладога пакалення, Ян Павел ІІ не вызваліў нікога ад адказнасці за асабістае развіццё.

Часта глыбокае перажыванне СДМ звязана з тым, што маладыя людзі адкрываюць у сабе святарскае ці манаскае пакліканне. Можна смела казаць пра вялікае значэнне гэтых сустрэч у сэнсе пакліканняў, бо «жніво багатае, ды работнікаў мала» (Мц 9, 37). Святы Айцец выказвае сваё спадзяванне на тое, што многія юнакі і дзяўчаты, натхнёныя шчырым апостальскім запалам, вырашаць прысвяціць сваё жыццё Хрысту і Касцёлу, каб пайсці туды, дзе не хапае «работнікаў у вінаградніку Пана» (З паслання на VII СДМ).

Сэнс і значэнне СДМ найлепш перадаюць словы Святога Айца, якія ён сказаў у Рыме 4 красавіка 1993 г.: «Ідучы за „пілігрымуючым“ Крыжам, сімвалам Сусветных дзён моладзі, мы адпраўляемся на пошукі Бога, каб знайсці Яго ў сэрцах сучаснага горада, каб распазнаць Яго ў такой колькасці маладых людзей, поўных надзеі, і каб адчуць подых Духа Святога сярод такіх разнастайных расаў і культур, супольна вызнаючы Хрыста як Таго, які з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём кожнай чалавечай істоты». У гэтай пілігрымцы веры з Хрыстом маладыя людзі ўсяго свету маюць агульнага правадыра ў асобе самаго Святога Айца.

Падрыхтоўка да СДМ

Для таго, каб Сусветныя дні моладзі не былі толькі знешняй і павярхоўнай урачыстасцю, ім папярэднічае пэўны перыяд падрыхтоўкі, да якога Святы Айцец заахвочвае моладзь, іх душпастыраў і катэхетаў. Гэтай падрыхтоўкай павінна быць разважанне над Божым Словам, а таксама над зместам Паслання Святога Айца да моладзі ўсяго свету. Гэтае пасланне заўсёды з’яўляецца за некалькі месяцаў да СДМ, паколькі яно павінна быць дапамогай для душпастыраў у сістэматычным паглыбленні хрысціянскай фармацыі маладога пакалення ў дыяцэзіях і парафіях.

Для СДМ, паводле задумы Яна Паўла ІІ, заўсёды ў якасці дэвіза абіраецца пэўная біблейская думка. Дэвізам бліжэйшай сустрэчы ў Кёльне стануць словы з Евангелля паводле св. Мацвея: «Мы прыйшлі пакланіцца Яму» (Мц 2, 2). Гэта словы вучоных мудрацоў ці, як іх назавуць у больш позняй традыцыі, Трох Каралёў, якія пасля нараджэння Хрыста прыбылі з Усходу ў Ерузалем, каб пакланіцца нованароджанаму Дзіцяці. Выбар гэтых словаў у якасці дэвіза СДМ у 2005 г. абумоўлены, па-першае, тым, што ў кёльнскай катэдры ўшаноўваюцца рэліквіі Мудрацоў. Па-другое, гэтыя словы акцэнтуюць тры аспекты:

• пілігрымаванне: слова «прыйшлі» ўказвае на падрыхтоўку моладзі да сустрэчы і ўрачыстае адзначэнне свята веры;

• малітва як форма сустрэчы з Хрыстом: пад малітвай мы заўсёды разумеем сустрэчу з Хрыстом. Малітоўны акцэнт XX Сусветных дзён моладзі мае спецыфічны адбітак. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра пошукі Езуса, жаданне знайсці Яго, наблізіцца да Яго і дазволіць Яму наблізіцца да кожнага чалавека, захапленне Ім і, урэшце, прыніжэнне перад Ім, якое выяўляецца ў паклоне веры. Такім чынам, малітва робіць чалавека Каралём;

• місія для моладзі: удзел у годнасці Езуса Хрыста, якая ззяе на малітве, нельга мець толькі для сябе. Святы Айцец заклікае маладых быць «апосталамі новай евангелізацыі, быць сведкамі Езуса Хрыста ў свеце». І гэта таксама мэта СДМ: каб маладыя людзі вярнуліся дадому перамененыя, узмоцненыя ў сваёй свядомасці і заахвочаныя да ўдзелу ў справе Езуса.

Умовы ўдзелу ў XX СДМ

Для таго, каб паехаць на СДМ, якія плануюцца на 11–21 жніўня 2005 г. у Кёльне, неабходна ўжо цяпер распачаць духоўную падрыхтоўку. Трэба ведаць, між іншым, наступнае:

1) узрост удзельнікаў — ад 16 да 30 гадоў;
2) выезд толькі ў групе, арганізаванай душпастырам ці парафіяльным рухам;
3) аб удзеле групы неабходна паведаміць да канца лістапада праз Інтэрнет-старонку www.sdm.org.pl;
4) удзельнікі абавязаны прымаць удзел ва усёй праграме СДМ, а таксама ў ранейшай падрыхтоўцы праз катэхезы ў парафіях;
5) з сабой неабходна ўзяць спальны мяшок і матрац;
6) аплата за падарожжа вызначаецца душпастырам парафіі.

Мяркуецца, што ў Кёльн прыбудуць каля 400 тыс. маладых людзей з усяго свету, а ў галоўных урачыстасцях прымуць удзел больш за 800 тыс. чалавек. Колькі маладых людзей з нашай краіны адкажуць у гэтым годзе на запрашэнне Святога Айца? Ці ёсць у нас гэтая туга Трох Каралёў, якая кажа нам ісці, каб пакланіцца Пану? Ці пазнаёміліся мы ўжо з Пасланнем Святога Айца на XX СДМ? Часу ў нас няшмат. Трэба распачаць ужо сёння, з сябе, са сваёй парафіяльнай супольнасці. І не трэба баяцца быць яснаю зоркаю, якая можа прывесці іншых да Езуса.

Сястра Марыя Ніколя Гжэгожэк
служабнічка НПМ, г. Віцебск

У межах працы з моладдзю сёстры служабнічкі праводзяць рэкалекцыі і дні духоўных сустрэч для дзяўчат. Звяртацца па адрасе:

С. М. Ніколя,
вул. Чкалава 52-1-21,
210041, Віцебск