3 снежня:
святога Францішка Ксавэрыя,
святара.

Нарадзіўся ў Іспаніі ў 1506 г., паплечынік св. Ігнацыя Лаёлы, езуіт, адзін з найбольш актыўных місіянераў у гісторыі Касцёла. Здабыў для Хрыста вельмі шмат вызнаўцаў у Індыі і Японіі. Папа прызначыў яго сваім легатам для краін Усходу. Памёр св. Францішак падчас місійнага падарожжа ў Кітай на востраве Санц’ян каля Кантона (сучасн. Гуанджоў) 2 снежня 1552 г.

4 снежня:
святой Барбары,
панны і мучаніцы.

Нязломная хрысціянка, якая пасля катаванняў 4 снежня 306 г. была забітая у Нікамідыі (Малая Азія) у часы імператара Максіміна. Ушаноўваецца як заступніца вязняў, шахцёраў і артылерыстаў, а таксама як апякунка добрай смерці.

7 снежня:
святога Амброзія,
біскупа і доктара Касцёла.

Нарадзіўся ў Трэвізіо каля 340 г. Скончыў універсітэт у Рыме і, з’яўляючыся ўпраўнікам паўночнай Італіі, каля 374 г. быў абраны арцыбіскупам Медыялана (сучасн. Мілан). 7 снежня гэтага ж года прыняў біскупскае пасвячэнне. Праявіў сябе як сапраўдны пастыр і настаўнік вернікаў, з’яўляецца аўтарам шматлікіх працаў па тэалогіі, арганізатарам літургічнага спеву і аўтарам гімна «Te Deum». Ён хрысціў св. Аўгустына. Нязломны абаронца Касцёла, сваімі творамі і дзейнасцю ён змагаўся з памылкамі арыянаў. Памёр у Вялікую суботу 4 красавіка 397 г.

13 снежня:
святой Люцыі,
панны і мучаніцы.

Была забітая ў Сіракузах падчас пераследу хрысціянаў у часы імператара Дыяклеціяна, калі, нягледзячы на жудасныя пыткі, не адраклася ад веры. Яе культ распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле, а яе імя ўзгадваецца ў Рымскім каноне і Эўхарыстычнай малітве. Святая Люцыя з’яўляецца заступніцай сляпых і хворых на вочы, а таксама хворых дзяцей.

14 снежня:
святога Яна ад Крыжа,
святара і доктара Касцёла.

Нарадзіўся каля 1542 г. у Іспаніі, уступіў ў ордэн кармелітаў, а ў 1568 г., пад уплывам св. Тэрэзы Авільскай, стаў першым манахам рэфармаванага закону «босых» кармелітаў. Вызначаўся вялікай святасцю жыцця і мудрасцю, пра што сведчаць яго лісты адносна духоўнага жыцця, у якіх апісваюцца найглыбейшыя перажыванні містычнага кантакту чалавечай душы з Богам. Памёр 24 лістапада 1591 г. у Убэда.

26 снежня:
святога Стэфана,
першамучаніка.

Дыякан, адзін з семярых памочнікаў апосталаў у ерузалемскім Касцёле. Першы, хто прыняў мучаніцкую смерць за Хрыста, якая апісана ў Дзеях Апосталаў (Дз 6, 1-8, 3). Існуе надзвычайнае падабенства смерці Езуса і Стэфана — ілжывыя сведкі, смерць па-за горадам, адданне Езуса Айцу, а Стэфана — Езусу, прабачэнне забойцам. Культ святога распачаўся з IV ст., а яго імя ўзгадваецца ў Рымскім каноне.

27 снежня:
святога Яна,
апостала і евангеліста.

Рыбак, быў любімым вучнем Езуса. Стаў сведкам перамянення Пана і Яго малітвы ў Садзе Аліўным. Падчас Апошняй Вячэры туліўся да грудзей Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку сваю Маці. Ён — адзіны з Апосталаў, хто памёр сваёй смерцю каля 100 г. З’яўляецца аўтарам Евангелля, трох Лістоў, а таксама Апакаліпсіса. Сваім Евангеллем святы Ян дапаўняе іншыя і найбольш глыбока перадае Божыя таямніцы. Ва Усходнім Касцёле св. Яну надалі тытул Тэолага. У хрысціянскай іканаграфіі сімвалам св. Яна з’яўляецца арол.

28 снежня:
святых Немаўлятаў,
мучанікаў.

Урачыстаць гэтая адзначаецца ў гонар нявінных дзяцей, забітых у Бэтлееме па загадзе Ірада, жыдоўскага цара. У Сярэднявеччы гэта было свята жакаў (школьнай моладзі). Здарэнне апісана ў Евангеллі (Мц 2, 13-18).