Вядома, што хрысціянін павінен прабачаць тым, хто яго пакрыўдзіў. А калі крыўдзіцель і не думае прасіць прабачэння, як быць тады? Мяне незаслужана пакрыўдзіла мая знаёмая. Мы пасля гэтага сталі чужымі людзьмі. Я ведаю, што павінна прабачыць ёй, але... яна не просіць прабачэння! Ды і ўвогуле, выглядае на тое, што ёй зусім яно і не патрэбна. А мне так неспакойна на душы...

Аліна Р., Віцебск

На пытанне адказвае ксёндз Вячаслаў Барок

Што вам трэба зрабіць у гэтым выпадку, спадарыня Аліна? Прабачыць. І прабачыць ад усяго сэрца, ні на хвіліну не задумваючыся над тым, што можна яшчэ трохі пачакаць. Калі ж прабачыць цяжка з прычыны моцнай крыўды, то мая парада такая: паспрабуйце ў дадатак зрабіць для сваёй крыўдзіцельніцы штосьці добрае, прыемнае. Магчыма, вы падумалі, што я жартую? Але ж не! Я кажу вам гэта цалкам сур’ёзна!

Прызнаюся, што я сам часта практыкую менавіта такі метад. Што мне гэта дае? Спакой. На душы ў мяне тады робіцца спакойна і светла, а я, у сваю чаргу, часам заўважаю, што мой крыўдзіцель наадварот – робіцца неспакойны. Ну, бо як жа: ён мне насаліў, а я раблю яму дабро альбо проста ўсміхаюся пры сустрэчы... Праўда, мне ў падобным выпадку даводзілася чуць і непрыемнае. Ну, напрыклад, што гэта ўва мне прамаўляе цынізм. Таму трэба, мабыць, і вам, спадарыня Аліна, быць гатоваю да таго, што калі вы прымеце маю параду і будзеце яе практыкаваць, то... вас могуць чакаць не толькі прыемныя хвіліны. Але ж згадзіцеся, што менавіта такое ўспрыманне крыўды і прабачэння найбольш адпавядае нормам хрысціянскай маралі.

Хрысціянства заўсёды абапіраецца на прабачэнне, бо хрысціянства – гэта рэлігія любові, а якая ж любоў без прабачэння? Мы, хрысціяне, молімся да Бога Айца так, як нас навучыў Езус Хрыстус:«...і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Таму, калі мы хочам, каб нам прабачалі, то і самі павінны навучыцца гэтаму ж. Няпростая навука, але неабходная.

І яшчэ трэба зразумець, што прабачэнне патрэбна найперш не крыўдзіцелям, але нам самім, бо гэта нашы сэрцы неспакойныя, калі мы не прабачаем.

Вы пішаце, спадарыня Аліна, што ваша знаёмая «незаслужана пакрыўдзіла» вас. Тут я мушу заўважыць, што людзі крыўдзяць адзін аднаго заўсёды незаслужана. Бо калі чалавек атрымлівае тое, што заслужыў, няхай сабе і вельмі балючае, то якая ж тут можа быць крыўда? Крыўда, яна таму і ёсць крыўда, і таму яна балючая, непрыемная, што мы праз яе бачым несправядлівасць да нас з боку іншых людзей.

Цікава, ці было крыўдна Хрысту, калі Яго ўкрыжоўвалі? Цяжка адказаць на гэтае пытанне, бо нідзе ў Евангеллі не сказана, што Хрыстус пакрыўдзіўся за штосьці. «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што чыняць»(Лк23,24) – так маліўся Езус за сваіх крыўдзіцеляў перад сваім сконам на крыжы. У гэтых словах мы чуем неспакой Езуса, ды не таму, што Яму даводзіцца несправядліва цярпець, а таму, што праз сваю ўласную несправядлівасць Ягоныя крыўдзіцелі аддаляюцца ад Бога Айца.

З усяго сказанага напрошваецца адна вельмі простая выснова: калі мы жадаем жыць па-хрысціянску, трэба навучыцца прабачаць. Заўсёды. І нават тады, калі нашы крыўдзіцелі не просяць у нас прабачэння.