ЭНЦЫКЛІКА
ECCLESIA DE EUCHARISTIA

СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ

ДА БІСКУПАЎ, ДА СВЯТАРОЎ І ДЫЯКАНАЎ, ДА ЗАКОННІКАЎ І ЗАКОННІЦ,
ДА СВЕЦКІХ КАТОЛІКАЎ, А ТАКСАМА ДА ЎСІХ ЛЮДЗЕЙ ДОБРАЙ ВОЛІ
ПРА ЭЎХАРЫСТЫЮ Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

Працяг. Пачатак у папярэднім нумары >>>

І раздзел

Таямніца веры

11. «Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы» (1 Кар 11, 23), устанавіў эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві. Словы апостала Паўла нагадваюць нам драматычныя абставіны, у якіх нарадзілася Эўхарыстыя. У ёй — незабыўны запавет мукі і смерці Пана. Эўхарыстыя — гэта не толькі прыбліжэнне тае падзеі, але яе сакрамэнтальнае здзяйсненне. Гэта ахвяра Крыжа, якая жыве на працягу стагоддзяў9. Гэтую праўду добра перадаюць словы, якімі ў лацінскім абрадзе вернікі адказваюць на прамоўленую святаром акламацыю: «Гэта вялікая таямніца веры». — «Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу!»

Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не ў якасці аднаго з многіх каштоўных дароў, але як найвялікшы дар, бо гэта дар самога сябе, дар уласнай асобы ў яе святой чалавечнасці, а таксама дар Яго справы збаўлення. Збаўленне гэтае не абмежавана мінулым, бо «тое, кім ёсць Хрыстус, тое, што Ён учыніў і што выцерпеў дзеля ўсіх людзей, удзельнічае ў Божай вечнасці, пераступае ўсе часы і пастаянна ў іх прысутнічае...»10

Калі Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, памятку смерці і змёртвыхпаўстання свайго Пана, то цэнтральная падзея збаўлення становіцца сапраўды прысутнаю і «здзяйсняецца справа нашага Адкуплення»11.

Гэтая Ахвяра мае да такой ступені вырашальнае значэнне для збаўлення роду людскога, што Езус склаў яе і вярнуўся да Айца толькі тады, калі пакінуў нам сродак, які дае магчымасць у ёй удзельнічаць так, як бы мы ў ёй прысутнічалі.

Такім чынам, кожны вернік можа ў ёй удзельнічаць і карыстацца яе невычэрпным плёнам. Гэта вера, якою на працягу стагоддзяў жылі цэлыя пакаленні хрысціянаў. Гэтую веру пастаянна пацвярджала Настаўніцтва Касцёла з радаснаю ўдзячнасцю за яе неацэнны дар12. Я хачу яшчэ раз прыгадаць гэтую праўду, дарагія браты і сёстры, адаруючы разам з вамі гэтую таямніцу: таямніцу вялікую, таямніцу міласэрнасці. Што ж больш вялікага Езус мог зрабіць для нас? Сапраўды, у Эўхарыстыі Ён аб’яўляе нам любоў, якая даходзіць «да канца» (пар. Ян 13, 1), любоў, якая не ведае меры.

12. Гэта вымярэнне паўсюднай любові, заключанай у сакрамэнце Эўхарыстыі, знаходзіць сваё ўгрунтаванне ў словах самога Збаўцы. Устанаўліваючы Эўхарыстыю, Ён не абмежаваўся толькі выказваннямі: «гэта Цела Маё», «гэта Кроў Мая», але дадаў: «якое за вас будзе выдана..., якая за вас будзе праліта» (Мц 26, 26.28; Лк 22, 19–20). Ён не толькі пацвердзіў, што тое, што ім даваў есці і піць, было Яго Целам і Яго Крывёю, але ясна падкрэсліў, што гэта мае ахвярную каштоўнасць, робячы прысутнаю сакрамэнтальным чынам сваю ахвяру, якая ў недалёкім часе павінна была здзейсніцца на крыжы для збаўлення ўсіх. «Святая Імша — гэта адначасова і непадзельна ахвярная памяць, у якой працягваецца ахвяра Крыжа, і святая гасціна камуніі ў Целе і Крыві Пана»13.

Касцёл пастаянна жыве адкупленчаю ахвяраю і набліжаецца да яе не толькі праз поўны веры ўспамін, але таксама праз актуальны ўдзел, бо гэтая ахвяра пастаянна здзяйсняецца, сакрамэнтальна прабываючы ў кожнай супольнасці, якая яе цэлебруе праз рукі кансэкраванага даўцы. Такім чынам Эўхарыстыя дае магчымасць сучасным людзям дасягнуць паяднання, якое Хрыстус атрымаў раз і назаўсёды для чалавецтва ўсіх часоў. Сапраўды: «Ахвяра Хрыста і эўхарыстычная ахвяра — гэта адна ахвяра»14.

Гэтаму выразна навучаў ужо св. Ян Хрызастом: «Мы пастаянна ахвяруем таго самага Баранка, не аднаго сёння, а заўтра — іншага, але заўсёды — таго самага. З гэтай прычыны і ахвяра заўсёды тая самая. (...) Таксама цяпер складаем гэтую ахвяру, якая ў той час была ахвяраваная і якая ніколі не скончыцца»15.

Святая Імша здзяйсняе ахвяру Крыжа, не павялічвае яе, нічога ёй не дадае і не памнажае яе16.

Тое, што паўтараецца, гэтая цэлебрацыя memoriale, «указанне памяці» (memorialis demonstratio)17, праз што адзіная і канчатковая адкупленчая ахвяра Хрыста заўсёды здзяйсняецца ў часе. Таму ахвярная прырода таямніцы Эўхарыстыі не можа ўспрымацца як штосьці асобнае, не звязанае з крыжам, альбо як тое, што толькі ўскосна адносіцца да ахвяры на Кальварыі.

13. Эўхарыстыя, дзякуючы сваёй цеснай сувязі з ахвяраю на Галгофе, з’яўляецца ахвяраю ў поўным сэнсе, а не толькі ў сэнсе агульным, як бы толькі гаворка ішла пра звыклы дар Хрыста ў якасці духоўнай спажывы для вернікаў, бо дар Яго любові і Яго паслухмянасці ажно да апошняга ўздыху (пар. Ян 10, 17–18) — гэта перадусім дар для Яго Айца. Зразумела — гэта дар таксама для нас, больш за тое, для ўсяго чалавецтва (пар. Мц 26, 28; Мк 14, 24; Лк 22, 20; Ян 10, 15), але галоўным чынам — гэта дар для Айца: гэта таямніца ахвяры, якую Айцец прыняў, адказваючы ўзаемнасцю на бязмежную адданасць свайго Сына, калі Той стаў паслухмяны ажно да смерці (пар. Флп 2, 8), сваёю Айцоўскаю адданасцю, а гэта быў дар новага несмяротнага Жыцця ў змёртвыхпаўстанні»18.

Перадаючы Касцёлу сваю ахвяру, Хрыстус прагнуў таксама прыняць як сваю духоўную ахвяру Касцёла, пакліканага, складаючы Хрыстову ахвяру, ахвяроўваць таксама самога сябе. Нам кажа пра гэта (маючы на ўвазе ўсіх вернікаў), ІІ Ватыканскі Сабор: «Праз удзел у эўхарыстычнай Ахвяры, у крыніцы і разам з тым вяршыні ўсяго хрысціянскага жыцця, яны складаюць Богу Боскую ахвярную Жэртву, а разам з ёю — саміх сябе»19.

14. Хрыстова Пасха заключае ў сабе, апроч мукі і смерці, таксама Яго змёртвыхпаўстанне. Пра гэта нагадвае акламацыя, якую прамаўляюць вернікі пасля перамянення: Вызнаем Тваё ўваскрасенне. Сапраўды, эўхарыстычная Ахвяра здзяйсняе не толькі таямніцу мукі і смерці Збаўцы, але таксама таямніцу Змёртвыхпаўстання, у якой ахвяра знаходзіць сваё спаўненне. Як жывы і ўваскрослы, Хрыстус можа ўчыніць сябе ў Эўхарыстыі «хлебам жыцця» (Ян 6, 35.48), «хлебам жывым» (Ян 6, 51). Святы Амброзій нагадваў пра гэта неафітам, стасуючы падзею змёртвыхпаўстання да іх жыцця: «Калі сёння Хрыстус — твой, то ўваскрасае для цябе кожны дзень»20. Святы Кірыл Александрыйскі падкрэсліваў, што ўдзел у святых Таямніцах — гэта «сапраўднае вызнанне і памяць пра смерць Пана і Яго вяртанне да жыцця для нас і для нашага спажытку»21.

15. Сакрамэнтальнае здзяйсненне ў Святой Імшы Хрыстовай ахвяры, увенчанай Яго змёртвыхпаўстаннем, устанаўлівае спецыфічную прысутнасць, пра якую, цытуючы словы Паўла VI, гаворыцца як пра сапраўдную не ў сэнсе выключнасці, як бы іншыя не былі сапраўднымі, але праз антанамазію, бо яна з’яўляецца субстанцыяльнаю, а яе сілаю Хрыстус, Бог-Чалавек увесь становіцца прысутны»22. Тут чарговы раз згадваецца заўсёды актуальнае вучэнне Трыдэнцкага Сабору: «Праз кансэкрацыю хлеба і віна здзяйсняецца перамена ўсяе субстанцыі хлеба ў субстанцыю Цела Хрыста, Пана нашага, і ўсяе субстанцыі віна ў субстанцыю Яго Крыві. Гэтую перамену святы і Каталіцкі Касцёл трапна і адпаведна назваў пераісточаннем»23. Сапраўды, Эўхарыстыя — гэта mysterium fidei, таямніца, якая пераўзыходзіць нашы думкі і можа быць прынята толькі ў веры, як часта пра гэты Боскі Сакрамэнт нагадваюць патрыстычныя катэхезы. Святы Кірыл Ерузалемскі кажа: «Не шукай у хлебе і віне простых і натуральных элементаў, бо Пан сам ясна сказаў, што яны з’яўляюцца Яго Целам і Крывёю: гэта пацвярджае вера, хоць пачуцці падказваюць табе штосьці іншае»24.

Adoro te devote, latens Deitas, — пастаянна спяваем мы ўслед за Анёльскім Доктарам. Перад гэтаю таямніцаю любові чалавечы розум адчувае ўсю сваю абмежаванасць. Зразумела, чаму на працягу стагоддзяў гэтая праўда натхняла тэалогію на мазольныя высілкі, каб яе зразумець.

Гэта высілкі, якія заслугоўваюць прызнання. Яны тым больш прыдатныя і глыбокія, чым больш здольныя спалучыць крытычную думку з «перажываннем веры» Касцёла, асабліва трактаванай як «надзейная харызма праўды» Настаўніцтва Касцёла, а таксама як «глыбокае разуменне духоўных рэалій», якія даступныя пераважна святым25. Трэба прыгадаць таксама наказ Паўла VI: «Кожнае тэалагічнае тлумачэнне, што нейкім чынам хацела б спасцігнуць гэтую таямніцу, каб быць у згодзе з каталіцкаю вераю, павінна прыняць да ведама, што пасля пераісточання, у аб’ектыўнай рэчаіснасці, незалежна ад нашага духу, хлеб і віно перасталі існаваць так, што з гэтага моманту сталіся пашанотнымі Целам і Крывёю Пана Езуса, якія мы сапраўды маем перад сабою пад сакрамэнтальнымі постацямі хлеба і віна»26.

16. Збаўчая дзейнасць ахвяры рэалізуецца ва ўсёй паўнаце тады, калі ў Камуніі мы прымаем Цела і Кроў Пана. Эўхарыстычная Ахвяра сама па сабе скіравана на ўнутранае паяднанне нас, веруючых, з Хрыстом праз Камунію: мы атрымліваем Таго, хто ахвяраваўся за нас, атрымліваем Яго Цела, якое Ён склаў за нас на Крыжы, і Яго Кроў, якую праліў «за многіх» (...), на адпушчэнне грахоў» (Мц 26, 28). Мы памятаем Яго словы: «Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і хто спажывае Мяне, жыць будзе Мною» (Ян 6, 57). Сам Езус запэўнівае, што гэтае паяднанне, звязанае дзякуючы Яму праз аналогію з паяднаннем, якое мае месца ў трынітарным жыцці, сапраўды рэалізуецца. Эўхарыстыя — гэта сапраўдная гасціна, на якой Хрыстус ахвяруе самога сябе як спажыву. Калі Хрыстус прадказвае гэта першы раз, Яго слухачы здзіўленыя і здэзарыентаваныя, і Настаўнік вымушаны падкрэсліць аб’ектыўную праўду наступнымі словамі: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Яго, то не будзеце мець у сабе жыцця» (Ян 6, 53). Тут не ідзе гаворка пра ежу ў метафізічным сэнсе: «Цела Маё ёсць сапраўднаю ежаю, і Кроў Мая ёсць сапраўдным напоем» (Ян 6, 55).

17. Калі ў Святой Камуніі мы прымаем Цела і Кроў Хрыста, Ён перадае нам таксама свой Святы Дух. Святы Эфрэм піша: «Назваў хлеб сваім жывым Целам, напоўніў яго самім сабою і сваім Духам. (...) А хто яго з вераю спажывае, спажывае і Агонь Духа. (...) Бярыце і ешце з гэтага ўсе, спажывайце з тым Духа Святога, бо сапраўды — гэта Маё Цела, і хто яго спажывае, будзе жыць вечна»27. Касцёл просіць гэтага Божага Дару, крыніцы кожнага іншага дару, у эўхарыстычнай эпіклезе. Чытаем, напрыклад, у Боскай літургіі св. Яна Хрызастома: «Цябе заклікаем, Цябе просім і молім: спашлі свайго Духа Святога на нас і на гэтыя дары [...], каб яны сталіся для тых, хто ў іх удзельнічаць будзе, ачышчэннем душы, адпушчэннем грахоў, камуніяй з Духам Святым»28. А ў Рымскім Імшале цэлебрант моліцца: «Учыні, каб мы, узмоцненыя Целам і Крывёю Твайго Сына і напоўненыя Духам Святым, сталіся адным целам і адною душою ў Хрысце»29. Такім чынам, праз дар свайго Цела і сваёй Крыві Хрыстус памнажае ў нас дар свайго Духа, які выліваецца ўжо ў святым Хросце і ўдзяляецца як «пячатка» ў сакрамэнце Бежмавання.

18. Акламацыя, якую вернікі прамаўляюць пасля кансэкрацыі, знарок заканчваецца словамі, якія ўказваюць на эсхаталагічнае вымярэнне эўхарыстычнай Ахвяры (пар. 1 Кар 11, 26): «чакаем Твайго прыйсця ў хвале». Эўхарыстыя скіроўвае да канчатковай мэты, яна — прадчуванне паўнаты радасці, абяцанай Хрыстом (пар. Ян 15, 11); у пэўным сэнсе Эўхарыстыя — гэта прадвесце Раю, бо ў ёй мы «атрымліваем задатак будучай хвалы»30. У Эўхарыстыі ўсё выяўляе поўнае надзеі чаканне «прыйсця нашага Збаўцы Езуса Хрыста»31. Хто жывіцца Хрыстом у Эўхарыстыі, таму не трэба вычэкваць адыходу ў іншы свет, каб атрымаць жыццё вечнае: ён валодае ім ужо на зямлі як прадчуваннем будучай паўнаты, якая абдыме чалавека да канца. У Эўхарыстыі мы атрымліваем таксама гарантыю змёртвыхпаўстання цел, якое наступіць напрыканцы свету: «Хто спажывае Цела Маё і п’е Кроў Маю, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 54). Гэта гарантыя будучага змёртвыхпаўстання вынікае з факту, што Цела Сына Божага, пакінутае як спажыва, ёсць хвалебным Целам Уваскрослага. У Эўхарыстыі, калі можна так сказаць, становіцца даступнаю «таямніца» змёртвыхпаўстання. Таму таксама слушна святы Ігнацы Антыёхскі вызначаў эўхарыстычны Хлеб як «лек несмяротнасці, супрацьяддзе на смерць»32.

19. Эсхаталагічны кірунак Эўхарыстыі выяўляе і ўзмацняе камунію з Касцёлам збаўленых у небе. Невыпадкова анафары ўсходняй літургіі і лацінскія эўхарыстычныя малітвы з пашанаю ўспамінаюць Марыю, заўсёды Дзеву, Маці нашага Пана і Бога Езуса Хрыста, Анёлаў, святых Апосталаў, Мучанікаў і ўсіх святых. Гэтае вымярэнне Эўхарыстыі заслугоўвае, каб яго падкрэсліць: калі мы цэлебруем ахвяру Ягняці, мы ўдзельнічаем у нябеснай літургіі і яднаемся з незлічоным натоўпам, які ўсклікае: «Збаўленне ў Богу нашым, што сядзіць на троне, і ў Ягняці» (Ап 7, 10). Сапраўды, Эўхарыстыя — гэта брама неба, якая адчыняецца на зямлі. Яна — прамень хвалы нябеснага Ерузалема, які пранікае цені нашай гісторыі і асвятляе шляхі нашага жыцця.

20. Значным вынікам гэтага ўпісанага ў Эўхарыстыю кірунку да эсхаталогіі з’яўляецца таксама той факт, што ў нашай гістарычнай вандроўцы яна дае імпульс і засявае жывое зерне надзеі ў нашыя штодзённыя заданні і абавязкі. Тое, што хрысціянская канцэпцыя вядзе нас да «новага неба» і «новай зямлі» (пар. Ап 21, 1), не аслабляе нашага пачуцця адказнасці за гэтую часовую зямлю33, хутчэй, абуджае яго. Я хачу з усёю сілаю нагадаць пра гэта на пачатку новага тысячагоддзя, каб хрысціяне больш, чым калі-небудзь, адчувалі сябе пакліканымі не занядбоўваць абавязкаў, якія належаць жыхарам гэтай зямлі. Іх заданне, кіруючыся святлом Евангелля, спрычыняцца да будовы свету, вартага чалавека і ва ўсім адпаведнага Божаму замыслу.

Існуе шмат праблемаў, якія зацямняюць далягляды нашага часу. Дастаткова прыгадаць пільную патрэбу працы на карысць міру, клопат пра ўзвядзенне ў міжнародных стасунках трывалых асноваў справядлівасці і салідарнасці, абарону людскога жыцця ад зачацця і ажно да яго натуральнага канца. А што можна сказаць пра тысячы супярэчнасцяў «зглабалізаванага» свету, у якім найслабейшым, найменшым і найбяднейшым можа здавацца, што ў іх ёсць няшмат прычынаў для надзеі? Менавіта ў такім свеце павінна заяснець хрысціянская надзея! Таксама дзеля гэтага Пан хацеў застацца з намі ў Эўхарыстыі, упісваючы ў сваю ахвярную і братнюю прысутнасць абяцанне чалавецтву, адноўленаму Яго любоўю. Значны той факт, што Евангелле паводле св. Яна ў тым месцы, дзе Сіноптыкі апісваюць устанаўленне Эўхарыстыі, прапаноўвае, указваючы адначасова на яго глыбокі характар, аповед пра «ўмыццё ног», у якім Хрыстус робіць сябе настаўнікам камуніі і службы (пар. Ян 13, 1–20). Таксама апостал Павел прызнае «нягодным» хрысціянскай супольнасці ўдзел у Вячэры Панскай, калі яна цэлебруецца ў сітуацыі падзелу і абыякавасці ў адносінах да ўбогіх (пар. 1 Кар 11, 17–22.27–34)34.

Абвяшчэнне смерці Пана «аж пакуль (Ён) прыйдзе» (1 Кар 11, 26) прадугледжвае, што ўсе, хто ўдзельнічае ў Эўхарыстыі, возьмуць на сябе клопат перамяніць жыццё, каб у пэўным сэнсе ўсё яно сталася «эўхарыстычным». Менавіта гэты плён паляпшэння быцця і ўдзел у перамене свету, згодна з Евангеллем, выяўляюць эсхаталагічны аспект эўхарыстычнай Ахвяры і ўсяго хрысціянскага жыцця: «Прыйдзі, Пане Езу!» (Ап 22, 20).

  1. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Канст. пра святую літургію Sacrosanctum Concilium, 47: Salvator noster sacrificium Eucharisticum Corporis et Sanguinis sui institut, quo Sacrificium Crucis in saecula, donec veniret, perpetueret.
  2. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1085.
  3. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 3.
  4. Пар. Павел VI, Урачыстае вызнанне веры (30 чэрвеня 1968), 24: AAS 60 (1968), 442; Ян Павел ІІ, Апост. ліст Dominicae Cenae (25 лютага 1980), 12: AAS 72 (1980), 142.
  5. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1382.
  6. Тамсама.
  7. In Epistolam ad Hebraeos homiliae, 17, 3: pg 63, 131.
  8. Пар. Трыдэнцкі Сабор, ХХІІ Сесія, Doctrina de ss. Missae sacrificio, раздз. 2: DS 1743: «Адна і тая ж Гостыя, адзін і той жа праз паслугу святароў Складальнік ахвяры, які тады ахвяраваў самога сябе на крыжы, толькі іншы спосаб ахвяравання».
  9. Пар. Пій ХІІ, Энц. Mediator Dei (20 лістапада 1947): AAS 39 (1947), 548.
  10. Ян Павел ІІ, Энцыкліка Redemptor hominis (15 сакавіка 1979), 20: AAS 71 (1979), 310.
  11. Дагм. канст. пра Касцёл Lumen gentium, 11.
  12. De sacramentis, V, 4, 26: CSEL 73, 70.
  13. In Ioannis Evangelium, XII, 20: pg 74, 726.
  14. Энцыкліка Mysterium fidei (3 верасня 1965): AAS 57 (1965), 764.
  15. XIII сeсіa, Decretum de ss. Eucharistia, раздз. 4: DS 1642.
  16. Містагагічныя катэхезы, IV, 6: A. Piйdangel (ed.), SCh 126, 138.
  17. ІІ Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. пра Божае Аб’яўленне Dei verbum, 8.
  18. Урачыстае вызнанне веры(30 чэрвеня 1968), 25: AAS 60 (1968), 442–443.
  19. Sermo IV in hebdomadam Sanctam: CSCO 413/Syr. 182, 55.
  20. La Divina Liturgia di Giovanni Crisostomo. Testo greco e italiano, Monastero Esarchico di grottaferrata 1960, 97–99.
  21. Missale Romanum, Editia typica tertia, Typis Vaticanis 2002, 587–588 (n. 113): [...] concede, ut qui Corpore et Sanguine Filii tui reficimur, Spiritu eius Sancto repleti, unum corpus et unus spiritus inveniamur in Christo.
  22. ІІ Ватыканскі Сабор, Канст. пра святую літургію Sacrosanctum Concilium, 47.
  23. Missale Romanum, Embolismus post Orationem dominicam: Editio typica tertia, Typis Vaticanis 2002, 598 (n. 125).
  24. Epistola ad Ephesios, 20, 2: J. A. Fischer (ed.), 160.
  25. Пар. ІІ Ватыканскі Сабор, Душп. канст. пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 39.
  26. «Хочаш ушаноўваць цела Хрыста? Не ігнаруй яго, калі яно голае, не складай яму пашаны тут, у святыні, сукном з шоўку, каб ігнараваць яго потым за дзвярыма, дзе голы церпіць холад. Той, хто сказаў: “Гэта ёсць Цела Маё” — той самы, хто сказаў: “Быў галодны, а вы не далі Мне есці” і “Усё, што ўчынілі аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, Мне ўчынілі” [...] Дзеля чаго эўхарыстычны стол застаўлены залатымі келіхамі, калі Ён памірае з голаду? Пачні карміць Яго галоднага, а пасля з таго, што застанецца, зможаш аздобіць таксама алтар»: Св. Ян Хрызастом Homiliae in Matthaeum 50, 3–4: pg 58, 508–509; Пар. Ян Павел ІІ Энц. Sollicitudo rei socialis (30 снежня 1987), 31: AAS (1988), 553–556.
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько

Працяг у нумары №1-2(116-117) 2005 >>>