Святой Зямлёю мы называем тое месца, дзе нарадзіўся, жыў і прапаведаваў сваю збаўчую навуку Езус Хрыстус. Сын Бога, які прыйшоў на зямлю і стаўся чалавекам, даў нам навуку мудрасці, паказаў тыя вартасці, якія ў стане задаволіць нашыя сэрцы. З першых сваіх крокаў навука Хрыста распаўсюджвалася на землях Галілеі, Самарыі, Юдэі.

У Бэтлееме, Назарэце, Ерузалеме нараджаліся першыя хрысціянскія суполкі. Тут прайшло зямное жыццё Хрыста, і Яго ўдзячныя паслядоўнікі прысвяцілі выдатныя хрысціянскія храмы свайму Настаўніку, каб Слова Божае гучала вечна. Амаль два тысячагоддзі сюды ідуць пілігрымы з усяго свету, каб пакланіцца святым мясцінам. Не шмат хто з нашых суайчыннікаў здзейсніў альбо збіраецца здзейсніць падарожжа па Святой Зямлі, і таму мы прапануем зрабіць гэта завочна, праз часопіс. Спачатку мы раскажам пра саму Святую Зямлю, а потым — пра яе храмы.

Святы евангеліст Лука расказвае, што непадалёку ад Бэтлеема, месца, дзе з’явіўся на свет Езус Хрыстус, было поле, дзе ўначы пастухі даглядалі статкі авечак. Менавіта да тых пастухоў ноччу з’явіўся ў ззянні Анёл Панскі, каб паведаміць незвычайную вестку. На месцы, якое згадваецца ў хрысціянскіх паданнях як пастуховае поле, археолагі знайшлі вялікае вадасховішча, пячору для абмывання ў габрэйскіх абрадах, а таксама агароджу для жывёлы. У вадасховішчы захаваліся манеты рымскай эпохі, ліхтар і кадзільніцы, што сведчыць пра месца збору пастухоў на шляху з Галілеі да мора праз Юдэю. Пабожныя пастухі ў чаканні прадказвалі народу прыход Прарока. Людзям, якія чакалі Яго, і была прынесена добрая вестка.

У апошнія дзесяцігоддзі археалагічныя пошукі на Святой Зямлі ідуць наступным чынам: за працоўную гіпотэзу бяруцца адмысловыя знакі ў Евангеллі ці хрысціянскія паданні, што стагоддзямі перадаваліся з вуснаў у вусны, і пра дапамозе археалагічнага абсталявання збіраецца поўная інфармацыя пра першыя хрысціянскія святыні і суполкі. Вынікі здзіўляюць даследчыкаў амаль ва ўсіх месцах пошуку, на якія ўказвала Евангелле або вусныя паданні: пастуховае поле – гэта толькі адзін з прыкладаў.

Непадалёку ад поля знаходзіцца базыліка Божага Нараджэння. Тут, пад мурамі храма, на прыгожым мармуровым пастаменце, устаноўлена срэбраная зорка з надпісам на лаціне, які сведчыць, што менавіта ў гэтым месцы Дзева Марыя нарадзіла Езуса Хрыста, а праз некалькі метраў наверсе знаходзяцца яслі, той жолаб, куды Яго паклалі пасля нараджэння. Ужо нічога не засталося ад той пячоры, усё апранута ў мармур, вісяць кадзільніцы, вакол – срэбраныя ўпрыгожванні ў візантыйскім стылі.

У ІV стагоддзі тут жыў святы Геранім, які пераклаў Біблію на лацінскую мову. Яшчэ тады ён наракаў, што не можа сузіраць сапраўднае месца нараджэння Хрыста. Ён пісаў: «Цяпер мы, людзі Захаду, нібыта ў гонар Хрыста выкінулі тыя простыя брудныя яслі ды паставілі срэбраныя. Але для мяне больш каштоўныя тыя, што былі выкінутыя. Золата і срэбра – гэта для язычнікаў, а хрысціянскай веры адпавядаюць простыя яслі!» Хутчэй за ўсё, гэтую думку падзяляюць і пілігрымы, якія ўсхвалявана разглядаюць мноства хрысціянскіх сімвалаў і арнаментаў, што прынеслі сюды розныя стагоддзі і розныя мастацкія стылі.

Старажытная базыліка Божага Нараджэння была пабудавана ў 323 годзе па загадзе імператара Канстанціна, які выконваў жаданне сваёй маці – святой Алены. Згадаем, што да будаўніцтва храма на гэтым месцы імператар Адрыян Адступнік узвёў язычніцкі храм Адоніса, каб хоць неяк замінаць распаўсюджванню культа хрысціянства на месцы нараджэння Езуса.

Знешні выгляд базылікі не вельмі змяніўся з ІV стагоддзя. Яна была рэканструктаваная імператарам Юстыніянам і ўпрыгожаная рыцарамі-крыжаносцамі, якія адваёўвалі хрысціянскія каштоўнасці ў сарацынаў. Да ХVІІІ ст. храм трымалі айцы францішкане, якія былі вымушаны зрабіць больш нізкімі дзверы ў базыліку, каб не даць турэцкім салдатам выкарыстоўваць святое месца як прыбіральню ці канюшню. Гэтыя дзверы былі выразаны з дрэва невядомым армянскім мастаком у 1227 годзе. Сёння базыліка Божага Нараджэння належыць Грэчаскай Праваслаўнай Царкве.

Звонку, на мурах гэтай старажытнай святыні, яшчэ ёсць вадасховішча для збору вады пасля дажджу, для літургічнага амывання. А цяпер мы ўвойдзем праз невялікія дзверы ў святыню...

Чатыры рады калонаў, што падзяляюць храм на пяць наваў, былі пастаўлены яшчэ ў ІV ст. ад Нараджэння Хрыста, у часы імператара Канстанціна. Усе яны зроблены з мясцовага каменя і некаторыя яшчэ захавалі арнаменты. Даўжыня базылікі складае амаль 54 метры, а яе шырыня – крыху больш за 20. Тры апсіды былі дабудаваны падчас рэканструкцыі імператарам Юстыніянам у 540 годзе, калі ён задумаў павялічыць бажніцу. Пасля 1852 года базыліка была падзелена паміж францішканамі, армянамі і праваслаўнымі грэкамі. Візантыйская частка, якую сёння выкарыстоўваюць праваслаўныя грэкі, упрыгожана бліскучымі мазаікамі на залатым фоне – выявамі старазапаветных прарокаў і продкаў Езуса (такіх мазаік захавалася сем, вакол кожнай – надпісы на лаціне).

З бакоў хораў пройдзем праз бронзавыя дзверы эпохі крыжовых паходаў і па вузкай лесвіцы трапім у пячору Нараджэння Езуса, дзе пасярод мармуровай падлогі блішчыць вялікая срэбраная зорка, а вакол яе – вялікія лацінскія літары, цвёрды і кароткі надпіс: Hic de Virgine Maria Jesus Christus natus est. – Тут нарадзіўся ад Дзевы Марыі Езус Хрыстус. Агнямі, срэбрам, самацветамі пераліваюцца над зоркаю нязгасныя лампады. Там, наверсе, – спякота, стракатасць і гоман усходняга кірмашу. Тут – прахалода, змрок і цішыня глыбокай пашаны...

Сама пячора невялікая: 12 метраў даўжыні, 3 метры шырыні і столькі ж вышыні. Для бедных сем’яў Бэтлеема было нармальна выкарыстоўваць скалістыя цяжкадаступныя месцы, як гэтая пячора. Падчас яе апошняй рэстаўрацыі была раскрыта яшчэ адна фрэска з выявай Божага Нараджэння, якая датуецца 1160 годам. Згадаем, што пячора шанавалася хрысціянамі яшчэ ў І стагоддзі, месца гэтае вызначыў святы Юстын у 160 годзе ад Нараджэння Хрыста і адзначыў яго як «добра ўсім вядомае». Парадаксальна, але як і ў Ерузалеме, дзе знаходзіцца Грабніца Хрыста, так і тут, у Бэтлееме, дакладная памяць пра месца, дзе з’явіўся на свет Хрыстус, захавалася пасля рабунку ў 135 годзе, калі па жаданні імператара Адрыяна на святых месцах будавалі язычніцкія храмы.

Для хрысціянаў, якіх падтрымліваў імператар Канстанцін, было даволі лёгка зноў адшукаць пад мурамі язычніцкіх капішчаў надпісы на скалістых паверхнях з мальбамі і малітвамі, рэлігійныя знакі і сімвалы.

Мы ўжо гаварылі, што ў ІV стагоддзі ў Бэтлеем прыехаў святы Геранім, які пасяліўся ў пячоры, каб перакласці Біблію на лацінскую мову. Кніга нараджалася ў цярплівай начной працы, у адзіноце. Святы Геранім капіраваў з габрэйскай мовы світкі Святога Пісьма, якія тайна выносіў з сінагогі невядомы рабін. Гэта была цяжкая, доўгая і пакорлівая праца. У выніку быў створаны тэкст, які і сёння з’яўляецца базай для літургіі заходняга хрысціянства. Але тут Евангелле чыталася і абвяшчалася на сотнях моваў, і ў пячоры Божага Нараджэння гучала па-арамейску, на мове, якой карыстаўся Езус. Цяжка не думаць пра словы, што чуліся два тысячагоддзі таму пад скляпеннямі пячоры...

Бэтлеем – гэта значыць «дом хлеба». Сёння тут жывуць 125 тысяч жыхароў, і гэта адна з тэрыторый, якая знаходзіцца пад кантролем палестынскай адміністрацыі, адно з самых важных месцаў у пілігрымках да Святой Зямлі: акрамя базылікі Божага Нараджэння, тут ёсць касцёл святой Кацярыны, у якім захоўваецца пячора святога Юзафа, тая самая, дзе яму з’явіўся Анёл Божы і загадаў тэрмінова збірацца ў дарогу, каб пазбегнуць пераследу цара Ірада. Захавалася і так званая Малочная пячора, у якой Багародзіца ўпершыню пакарміла Езуса.

У Бэтлееме адчуваеш, пачынаеш бачыць тое каштоўнае, першае, што захавалася ў яго святой гісторыі. У каралеўскія адзенні апранулі народжанае тут Дзіця, а каралям, якіх прывяла зорка, загадалі прынесці Таму, Хто ляжаў у яслях, свае вянцы і каштоўныя дары, а потым паданнямі, прыгажэйшых за якія няма ў свеце, расквецілі найвялікшую з зямных паэмаў – паэму Яго нараджэння.

Працяг у нумары №1-2(116-117) 2005 >>>

Сяргей Кірык