Дарагая рэдакцыя часопіса «Ave Maria»! Звяртаюся да вас з вялікім болем у сэрцы. Думаю, што мяне падтрымаюць многія вернікі. У нашых вёсках шмат тых, хто гоніць самагон і прадае яго. Сярод гэтых людзей нямала католікаў, якія ходзяць да касцёла і прымаюць Святую Камунію. Калі ім робіш заўвагу, гавораць, што без гэтага «заробку» не пражыць. Дык што ж гэта за вера такая?
Ваш часопіс карыстаецца поспехам у нас, таму прашу: падыміце гэтую праблему на сваіх старонках. Можа, хоць да некага дойдзе.

Тэрэса М.,
Стаўбцоўскі раён

Наш суразмоўца па гэтай праблеме — пробашч парафіі ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна ксёндз прэлат Юзаф Булька. Аўтарытэт гэтага 80-гадовага святара, які 65 гадоў з’яўляецца актыўным змагаром за цвярозы лад жыцця, — бясспрэчны. Пра яго ходзяць легенды. І той, хто хоць бы раз пабываў у Мосары, разумее, што гэта небеспадстаўна.

— Ксёндз Юзаф, што Вы скажаце наконт гэтага ліста да нас у рэдакцыю?

— Ён вельмі актуальны. На жаль, праблема п’янства існуе нават сярод вернікаў. І я хачу вельмі катэгарычна сказаць тым, хто гоніць самагонку і прадае яе, што яны служаць шатану. У Святым Пісанні ясна сказана, што нельга служыць двум гаспадарам, бо толькі аднаго будзеш шанаваць, а другога — не. Дык каго ж шануюць тыя, хто вырабляе і прадае напоі, што вядуць да згубы людскія душы, створаныя самім Богам, душы, за якія Езус Хрыстус памёр на крыжы?! Пытанне, вядома ж, рытарычнае.

Прымаючы Святую Камунію (Цела і Кроў Езуса Хрыста), гэтыя людзі здзекуюцца з нашага Збавіцеля. Такое прыманне Камуніі з’яўляецца святатацтвам. Святы апостал Павел у першым лісце да Карынцянаў кажа: «Хто будзе есці хлеб гэты ці піць чару Гасподню непрыстойна, вінны будзе Цела і Крыві Гасподняе» (11, 27).

— Людзі, якія апраўдваюць свой самагонны «бізнес» тым, што не маюць за што жыць, напэўна, хлусяць нават самім сабе?

— Безумоўна. Але падмануць можна чалавека, толькі не Бога. А Бог, як ведаем са Святога Пісання, не бывае ашуканым: «Бо што чалавек пасее, тое і пажне» (Гал 6, 7). У сваім жыцці я бачыў шмат прыкладаў таго. На чужым горы ніхто не разбагацеў і не стаў шчаслівы. А вось таго, хто з даверам, з усёй шчырасцю чыстага сэрца моліцца ў сваіх патрэбах, Пан Бог абавязкова выслухоўвае. Памятайма, у Бібліі Бог сказаў праз прарокаў, што веруючыя ў Яго ніколі не будуць галадаць і не будуць галоднымі іх нашчадкі.

— Ксёндз Юзаф, я чула, што калі Вы 14 гадоў таму прыехалі ў Мосар, тут амаль усе пілі. Цяпер п’юць нашмат менш. Гэта так?

— Тое, што было раней, страшна ўспомніць. Пахаванне, напрыклад, ператваралася ў папойку. Кожнае рэлігійнае свята не абыходзілася без алкаголю. Памятаю, першае пахаванне, калі толькі сюды прыехаў. Усе, хто капаў дол, былі п’яныя, усе мужчыны на пахаванні — п’яныя. Калі апускалі труну, яна паляцела і перакулілася. Я сам узяў лапату, і з маладзейшымі кабетамі мы закапалі магілу. З таго часу я пачаў у сваіх парафіях непрымірымую барацьбу з алкаголем.

Цяпер, калі памірае чалавек, пытаюся ў яго сваякоў: «Хаваць будзеце з Богам ці з алкаголем?» Я патрабую, каб на жалобным стале не было гэтай атруты. Спачатку народ бушаваў, скардзіліся: «Што людзі скажуць?! Не будзе каму магілы закапаць...» Я адказваў: «Глядзіце не на тое, што людзі скажуць, а на тое, што Бог скажа. А як не будзе каму закапаць магілу, прыйдзіце да мяне, я знайду вам тых, хто гэта зробіць. Спевакам строга наказаў, каб не ішлі туды, дзе ёсць алкаголь і, барані, Божа, самі яго не ўжывалі. Бо было ў нас і такое. П’яныя спяваюць пабожныя песні — ці ж не здзек гэта з таго ж нябожчыка і нават з самога Пана Бога?!

Цяпер у нас на пахаваннях няма алкаголю. Бывае, што дзеці з горада прыязджаюць хаваць бацькоў і тады стол з алкаголем робяць у іншым доме. Я даведаўся пра гэта і папрасіў не парушаць нашы традыцыі. Прыемна, што праваслаўны святар таксама працуе ў гэтым кірунку. На Радаўніцу звычайна на могілках цэлыя сталы застаўляюць пітвом, а ў нас ужо няма гэтага.

— У вырашэнні такой важнай праблемы, як бачна, шмат залежыць ад святара. Праца гэта вельмі цяжкая і клопатная, а таму, напэўна, без памочнікаў святару не абысціся?

— П’янства — цяжкі грэх, які апошнім часам становіцца нацыянальным бедствам. Святары, вядома ж, павінны змагацца з гэтай навалай. У Беларусі нават Біскупскай Радай прыняты зварот да святароў па гэтай праблеме. Думаю, што ксяндзы не маўчаць, праводзяць пэўную працу ў сваіх парафіях, але гэта дзейнасць не аднаго дня і нават года.

А памочнікі ў мяне ёсць. Гэта і дырэктар клуба, і старшыня калгаса з брыгадзірамі, а таксама старшыня выканкама Глыбоцкага раёна Міхаіл Кандэрскі. Дапамагаюць у гэтай справе нават дзеці: сарамацяць п’яніц.

— Я чула, што яны такіх вось выпівох страшаць Вамі, маўляў, раскажу ўсё ксяндзу Юзафу.

— Дзеці ёсць дзеці. Яны добра ведаюць мае адносіны да п’яніц. Я ў свой час пабываў у кожнай сям’і, дзе была праблема з алкаголем, размаўляў, дапамагаў некаторым пралячыцца. Нястомна гаварыў і гавару, каб не давалі дзецям дрэннага прыкладу. Існуе вельмі дурная традыцыя адзначаць дзень нараджэння, нават дзіцяці, з алкаголем. Дзецям на стале таксама ставяць чаркі, добра што яшчэ з напіткам. Вось малыя і капіруюць потым дарослых. А чаму ж бы не звазіць дзіця на яго дзень нараджэння, напрыклад, у тэатр альбо ў цырк, а можа, нават паехаць у якую прыгожую мясціну — у Беларусі іх хапае. Можна ж зрабіць так, каб гэты дзень дзіця запомніла на ўсё жыццё, а свята не выклікала асацыяцыі з алкаголем.

— Ксёндз Юзаф, раскажыце пра антыалкагольны музей, які Вы ствараеце пры касцёле. Ён ужо дзейнічае?

— Побач з касцёлам мы маем асобнае памяшканне, у якім ствараецца антыалкагольны музей. Там вісяць плакаты на гэтую тэму. Ёсць і цікавыя экспанаты, напрыклад, самагонны апарат. Я спадзяюся, што тыя, хто перастаў гнаць самагон, прынясуць да нас у музей свае апараты. Цяпер шукаем спонсараў, каб падаравалі нашаму музею тэлевізар і відэамагнітафон. Плануем паставіць лаўкі і зрабіць відэакуток, каб паказваць дзецям, моладзі і дарослым фільмы аб жудаснай сутнасці алкаголю.

— Любуючыся незвычайнай прыгажосцю, якую Вы стварылі ў Мосары, нельга не пагадзіцца са словамі вядомага класіка: «Прыгажосць выратуе свет». Упэўнена, што ўсё навакольнае хараство спрыяе ачышчэнню і аздараўленню душы.

— Безумоўна, прыгажосць вельмі дапамагае чалавеку, выхоўвае яго. Да таго ж, каб падтрымліваць яе, трэба працаваць. А праца — лепшы лек ад грахоўнай залежнасці. Лічу, што п’юць толькі лайдакі. У нас кожны парафіянін прымае ўдзел у стварэнні навакольнай прыгажосці. Уся зямля разбіта на ўчасткі, кожны мае свой і даглядае яго. Я ж бы адзін нічога не зрабіў.

— На бочным алтары касцёла каля абраза Маці Божай ляжыць сшытак, у якім шмат прозвішчаў людзей, што складаюць абяцанні Богу і Багародзіцы аб устрыманні ад алкаголю на нейкі час. Гэта Ваша ініцыятыва?

— Да нас прыязджалі місіянеры, якія працуюць у гэтым кірунку, і прапанавалі завесці такі вось сшытак. Спачатку людзі запісваліся, даючы абяцанні на вельмі кароткі тэрмін — тыдзень, два. Потым ужо на больш доўгі час. Ахвяравалі гэта ўстрыманне за тых сваіх блізкіх, хто злоўжывае алкаголем. Заўважалі, што ёсць зрухі, а значыць, Богу даспадобы гэта ахвяра. У сшытак таксама запісваюць і імёны тых, за каго просяць маліцца. У апошнюю суботу месяца ў нашым касцёле на кожнай Святой Імшы молімся за тых, хто залежыць ад алкаголю. Да таго ж, у нашым касцёле знаходзяцца рэліквіі святога Юстына, і тыя, хто з даверам просяць яго дапамогі, хутка яе атрымліваюць.

— Вядома, што на вёсках за аказаныя паслугі ці працу людзі разлічваюцца ў асноўным алкаголем. Што Вы ім скажаце?

— Гэта вельмі балючая праблема. Я гавару пра гэта часта і цяпер паўтаруся: не рабіце гэтага, не бярыце грэх на душу. Лепш разлічыцца грашыма ці прадуктамі. Уявіце: вы далі чалавеку алкаголь, ён напіўся і загінуў ці каго-небудзь загубіў. На вас будзе гэты цяжкі грэх. У Евангеллі ад Лукі чытаем: «І сказаў Езус вучням сваім: спакусы не могуць не прыйсці, але гора таму, праз каго яны прыходзяць...» (17, 7).

— Дзякую Вам, шаноўны ксёндз Юзаф, за такую патрэбную размову, а таксама за гэтую прыгажосць, створаную Вашымі рукамі, за прытулак, у якім адпачывае душа і радуецца сэрца, усхваляючы Бога за ўсе ягоныя ласкі.

Гутарыла Галіна Калевіч