Сям’я, для якой яна, Крыстына Вацлаваўна Каржанеўская, жыве і працуе, вялікая — ажно 13 чалавек. Праўда, яна зменлівая, рухомая, гэтая сям’я: час ад часу хтосьці яе пакідае, а хтосьці прыходзіць у яе. Дакладней, яго прывозяць, ці то забраўшы ад спітых бацькоў, ці то з нейкага дзіцячага дома. Заблытала я цябе, мой чытач, на самым пачатку: што гэта за сям’я такая? чаму яна такая зменлівая? пры чым тут дзіцячы дом? А пры тым, што гаворка ідзе пра так званыя дзіцячыя сем’і ў дзіцячым доме.

Ілюзія сям’і

Іх усяго чатыры ў друйскім дзіцячым доме. Дзеці ўмоўна падзелены на іх дзеля таго, каб прасцей было весці выхаваўчую працу. Ды і элементы сапраўднай сям’і ў іх усё ж захоўваюцца, гэта значыць, што калі ў дзетдом прывозяць дзяцей з адной сям’і, то іх не разлучаюць, а яны працягваюць жыць у новай сваёй сям’і, толькі ўжо без мамы і таты.

Мара Крыстыны Вацлаваўны

У яе яна была даўно — мара працаваць у дзіцячым доме. Не проста стаць педагогам, але менавіта быць выхавацелькай дзіцячага дома. Дзіўная, можна сказаць, мара, бо многія педагогі не асабліва спяшаюцца ісці на працу ў дзетдом. Для нерваў, кажуць, небяспечна. Для сэрца. Вядома, калі не ўмееш жыць так, што чужы боль так і застаецца для цябе чужым. Крыстына Вацлаваўна так не ўмее — усё прапускае праз сваё сэрца. І гэта азначае, што яно не можа не балець пры сутыкненні штодня з вялікай дзіцячай бядой — сіроцтвам. Часам кажуць, што ў дзетдамах жа цяпер і не зусім сіроты, бо маці і бацька ўсё ж недзе ёсць. Ну так, почасту яны сапраўды ёсць. Ды, на жаль, праўда і тое, што найчасцей ім няма аніякае справы да сваіх жа дзяцей.

Крыстына Вацлаваўна па спецыяльнасці бухгалтар, працаваць у дзіцячы дом прыйшла, можна сказаць, выпадкова, калі на ранейшым месцы працы трапіла пад скарачэнне. Калі ж ёй прапанавалі працу ў дзіцячым доме, прыняла гэта як падарунак лёсу, бо нарэшце здзейснілася яе даўняя мара.

Няўжо гэта можна прымаць за радасць?

Аказваецца, можна. І на працу Крыстына Вацлаваўна ідзе цяпер, як на свята. Праўда, ніколі невядома, ці не чакае цябе сёння які-небудзь непрыемны сюрпрыз ад тваіх жа выхаванцаў. Бо яны ж, дзеці з пакалечанымі лёсамі, з пастаяннай ранай на сэрцы, якую зведалі ад сваіх бацькоў, з зацяглаю крыўдай у вачах на ўвесь свет, часам могуць быць і жорсткімі, і несправядлівымі да тых, хто нясе ім дабро. Бывае, што і з дзіцячага дома могуць збегчы. Куды? Найчасцей — дахаты, у той самы дом, дзе яны раней жылі і які, як на добрае, павінен быць для іх, як спяваецца ў вядомай песні, «надзейным прычалам». А ён, той дом, почасту такі сцюдзёны ды смуродны! І не бег бы туды, не ўцякаў бы з цёплага і даволі прыветнага дзетдома, калі б не клікала, не крычэла ў душы штосьці такое, чаму і назвы часам не патрапіш знайсці...

Тое, праз што яны прайшлі

За свае восем, дзесяць, чатырнаццаць гадоў гэтыя дзеці зведалі столькі, што многім дарослым нават цяжка ўявіць. У тым ліку і Крыстыне Вацлаваўне. Яна, якая вырасла ў нармальнай каталіцкай дружнай сям’і, пра некаторыя жудасныя рэчы пачула ад сваіх малалетніх выхаванцаў упершыню. Пра тое, як, напрыклад, найзручней сцягнуць штосьці з вітрыны ў краме самаабслугоўвання, як можна жыць галодным некалькі сутак, як у наш час можна начаваць у... зямлянцы, пра тое, што п’юць зазвычай такія дзеці, што кураць, што нюхаюць у падвалах, на сметніках, схаваўшыся ад непажаданых для іх вачэй ды шукаючы дурманнай п’янкасці, як атручваюцца яны часам і як, здараецца, дактары не паспеюць кагосьці з іх выратаваць... Ім у іхнія 10–12 гадоў часта бывае так цяжка кінуць курыць!..

Ці можна пасля ўсяго пачутага падыходзіць да гэтых дзяцей са звычайнымі меркамі, патрабаваннямі? Ці можна спадзявацца, што яны, учыніўшы нейкую чарговую брыдоту, будуць чырванець ды перажываць праз гэта?

Крыстына Вацлаваўна, прыйшоўшы ў дзіцячы дом, пачула столькі лаянкі ды брыдкіх слоў, што і за ўсё сваё жыццё не чула. І дзеці нізавошта не маглі даць веры, што іхняя выхавацелька ніколі і ні на кога не лаялася, што ёй не хочацца вылаяцца на іх саміх за нейкую чарговую сварку, бойку ці штосьці падобнае.

Дарога ў касцёл

Некалькі выхаванцаў часта па ёй ходзяць, часам прыбягаюць на Імшу, а то і проста прабавіць час каля святыні. Праўда, не ўсе і не адразу разумеюць, што тут святое месца. Не ўсім лёгка ўсвядоміць, што ў касцёле нельга, напрыклад, бегаць ды гучна размаўляць, смяяцца альбо пагуляць у хованкі, што ніхто з тых, хто прыходзіць сюды размаўляць з Богам, ніколі не возьмуць з сабой аніякай рэчы.

Ды мінае час, і некаторыя з іх, прыбегшы ды заняўшы першыя лаўкі, так і праседзяць ціхенька ўсю Імшу, а часам і памоляцца — як умеюць.

Міністрант Юра

А вось Юра Кнырко ў касцёле ўжо даўно не выпадковы госць. Разам са сваёй сястрой Крыстынай ён часта бывае ў ім. І нават прыслужвае пры алтары — міністрант. Часам, як, напрыклад, мінулым летам, яны хадзілі ў касцёл разам з Крыстынай Вацлаваўнай, бо тады ён цэлы месяц жыў у яе дома. Выпала яму такое шчасце зусім не выпадкова.

Часам яны жывуць у сапраўдных сем’ях

Многія друйчане на выхадныя бяруць дзетдомаўцаў у свае сем’і.

Памятаю, я даведалася пра гэта выпадкова колькі гадоў таму на свяце ў удзелаўскім касцёле, сустрэўшы там верніцу друйскай парафіі Людмілу Рубанік са сваімі дзецьмі і з хлопчыкам з дзетдома. Я падзівілася, а спадарыня Людміла патлумачыла, што яна на месяц узяла пажыць у сваёй сям’і гэтага хлопчыка:

— Канікулы ж! Ды мы і пасябравалі так, што вось і сёння не захацелі разлучацца — разам прыехалі на свята.

— Падабаецца табе тут? — запытала я ў хлапчука.

— Канечне! — радасна бліснулі на мяне хітраватыя вачаняты.

Я прапанавала сфатаграфаваць іх усіх разам каля помніка святому Максіміліяну Кольбэ, і ўсе чацвёра з радасцю згадзіліся...

Шчасце правесці выхадныя дні, а як канікуламі, то і больш, у звычайных сем’ях выпадае, як правіла, тым, хто не ўчыніў за апошні час грубых парушэнняў дысцыпліны. Ну, вядома, калі самі людзі пажадаюць прыняць у свой дом гасцей з дзетдома. На шчасце, у Друі такіх людзей нямала. Дзетдомаўцы — частыя госці ў сем’ях Дарманковых, Рубанікаў, Ласкевічаў, Дзіненкаў, Чарнецкіх, Гайдзеляў і многіх іншых.

Шчасліўчыкі з дзіцячага дома, трапіўшы ў нармальную сямейную атмасферу, могуць там і ў лазні памыцца, і паесці разам чагосьці смачнага, а часам і папрацаваць, дапамагчы штосьці па гаспадарцы. Для друйчанаў гэта, вядома, дадатковы клопат. Але ж затое як прыгожа, як годна ён аплочваецца — жывым бляскам вачэй, радасным смехам і проста шчасцем дзяцей, якія ўжо забыліся, што гэта значыць — жыць у нармальнай сям’і. Многія з іх у гэткія дні ці не ўпершыню маюць магчымасць убачыць на свае вочы, як, аказваецца, можна жыць з дня на дзень — без п’янкі, лаянкі, бойкі, брудных знявагаў. Для іх гэта так шмат! І хто ведае, ці не будуць гэтыя дні для іх больш карысныя за нейкія выхаваўчыя мерапрыемствы ў дзіцячым доме.

Юра-пілігрым

Мінулым летам Юру Кнырко нават пашчасціла схадзіць пілігрымам у Будслаў. Крыстына Вацлаваўна доўга думала, сумнявалася, браць яго з сабою альбо не. Вырашыла ўзяць. І не памылілася. Юра годна прайшоў усю пілігрымку, ахвотна маліўся, спяваў і зусім не скардзіўся на стому.

А ў гэты самы час ягоная сястра Крыстына была на адпачынку ў... Італіі, дзе жыла ў італьянскай сям’і. Неўзабаве пасля пілігрымкі паехаў на адпачынак у Італію і Юра. Дзякуй Богу, што ёсць для некаторых з іх гэтая магчымасць пабыць у далёкай сонечнай Італіі, паглядзець, як там жывуць людзі. Гэта ж — як прышчэпку атрымаць ад зла, што навалілася на іхняе безабароннае дзяцінства ды ледзьве не раструшчыла неакрэплыя душы.

«Нельга нас любіць...»

Часам выхаванцы самі кажуць Крыстыне Вацлаваўне:

— Нельга нас любіць! Нельга з намі быць добрай!

А яна, іхняя дарослая выхавацелька, не можа зразумець, чаму. На мае словы пра тое, што, можа, выхаванцы адчуваюць, што проста не заслугоўваюць яе любові, Крыстына Вацлаваўна горача і пераканана сказала:

— Любяць жа не за штосьці, не за заслугі! А проста... любяць...

І прызналася, што ўлетку, калі ўсе дзеці раз’язджаюцца на адпачынак, няма дня, каб яна пра іх не думала.

— Пазваніць вось забываюцца... — ціха, з лагоднаю, але злёгку сумнаватаю ўсмешкаю сказала Крыстына Вацлаваўна. — Але ж гэта значыць і тое, што ім добра — ну і дзякуй Богу!

І я зразумела: яна ніколі не зможа выканаць іхняга абсурднага папярэджання:«Нас нельга любіць!»

Трэба за іх маліцца

— Моліцеся вы за іх? — запытала я ў Крыстыны Вацлаваўны.

— Ну, вядома, — хутка адказала яна, — і Імшу за іх замаўляла, і пост ахвяроўвала. А потым цалкам адмовілася ад ужывання спіртнога, просячы гэткім чынам у Пана Бога аберагчы іх ад гэтай бяды — яны ж і так ужо столькі нацярпеліся праз гарэлку!

Думка адмовіцца ад спіртнога ў інтэнцыі сваіх выхаванцаў прыйшла да Крыстыны Вацлаваўны зусім нечакана ў часе малітвы на ружанцы. Быццам голас які сказаў ёй у душы: «Ты павінна адмовіцца ад спіртнога за іх». Крыстына Вацлаваўна і не ўжывала яго асабліва, толькі крыху па святах ды ў гасцях. Праўда, шампанскага ў такіх выпадках магла выпіць з задавальненнем. Напэўна таму, у тую ж хвіліну яна адразу нібы перапытала ў кагосьці нябачнага: «І шампанскага нельга?» Унутраны голас пераканана адказаў: «І шампанскага таксама».

— Самае смешнае, — усміхаецца Крыстына Вацлаваўна, — што пасля гэтага рашэння спакусы выпіць пачалі надарацца часцей звычайнага. Ну што ж, п’ю тады напітак.

Слухаючы яе, я падумала, што трэба ўсім нам маліцца за гэтых дзяцей — неад’емную, рэальную і такую збалелую частку нашага грамадства. І таму, дарагі чытач, у мяне ёсць прапанова. Давай памолімся за гэтых дзяцей, за тых, хто іх цяпер выхоўвае, хто хоць бы зрэдку падтрымлівае іх сваёй апекай ды сагравае іхнія схаладнелыя душы, а таксама за іхніх бацькоў, што парассыпалі па свеце сваіх дзяцей ды й почасту проста забыліся на іхняе існаванне. Давай памолімся за ўсіх іх другую частку ружанца — Таямніцы святла. Няхай добры Пан Бог і Святая Марыя трымаюць іх у сваёй апецы і натхняюць на бескарыслівую хрысціянскую любоў да бліжняга. А ёй пад сілу вельмі шмат.

І. Студзеньская.
Фота аўтара, а таксама з хатняга альбома Крыстыны Каржанеўскай