Што гэта значыць – сведчыць пра Хрыста ў наш час? У час, калі нібыта няма пераследу за веру, калі ў большасці людзей з’явілася рэальная магчымасць вызнаваць веру ў Хрыста? Больш за тое, з’явілася магчымасць паглыбляць яе праз удзел у самых розных рэкалекцыях, духоўных сустрэчах, праз чытанне духоўнай літаратуры, каталіцкай прэсы, прагляд рэлігійных фільмаў. Нам шмат што цяпер даступна. Але ці заўсёды мы ўмела, разумна карыстаемся гэтым? Ці не пачалі мы ўспрымаць усё гэта як само сабой зразумелае і ці ўмеем цаніць тое, што нам дадзена? Ці спяшаемся падзяліцца скарбам сваёй веры, свайго духоўнага вопыту з іншымі?

Пытанняў шмат. У імклівым колазвароце дзён, хуткім жыццёвым рытме мы не заўсёды знаходзім час задаць іх сабе, а тым больш шукаць на іх адказы. А такі час трэба знаходзіць. Хоць бы і дзеля таго, каб не закапаць атрыманы скарб, як той неразумны слуга з евангельскай прыпавесці. Каб не было ў нас адабрана і тое, што дадзена.

Дзеля таго, мабыць, патрэбныя нам гадзіны цішы, роздуму, развагаў. Менавіта дзеля таго і арганізуюцца час ад часу чуванні моладзі.

У Віцебскай дыяцэзіі вось ужо пэўны час практыкуюцца дэканальныя моладзевыя чуванні. Гэта дае магчымасць маладым людзям сустрэць у часе іх сваіх знаёмых, сяброў, абмеркаваць разам тое, што хвалюе.

У лістападзе мне давялося прысутнічаць на адным з такім чуванняў, якое праходзіла даволі нязвыкла. Дзеля таго, каб адказаць сабе на пытанне: «Што гэта значыць – быць сведкам Хрыста сёння?», маладыя хлопцы і дзяўчаты выбраліся за няблізкі свет – ажно ў Наваградак. Як жартавалі па дарозе, са сталіцы Полацкага княства – у сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Ну што ж, падарожжа – гэта заўсёды цікава. У ім прыняла ўдзел моладзь з Полацка і Расонаў, Наваполацка і Верхнядзвінска. Кіраваў гэтай паездкай ксёндз Вячаслаў Барок, а дапамагаў яму айцец капуцын Томаш Юньчык.

Дарога няблізкая – можна паспець не толькі памаліцца, паразмаўляць, але нават і кінафільм паглядзець. Відэастужка «Абрагам» была якраз дарэчы, бо яе героі з глыбокай даўніны нібы яшчэ раз папярэдзілі нас, як гэта істотна – быць заўсёды верным Богу.

...У Наваградак мы прыехалі пад надакучлівым дажджом ажно апоўначы і адчувалі сябе ніякавата перад сёстрамі назарэтанкамі, якія гасцінна адчынілі нам дзверы кляштару, накармілі вячэрай, а потым дазволілі яшчэ і ў касцёл схадзіць памаліцца.

Надоўга запомніцца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў гістарычным наваградскім касцёле Перамянення Панскага – знакамітай фары Вітаўта. У тым самым, у які ў далёкім 1799-м бацькі і хросныя прынеслі маленькага Адама, народжанага, дарэчы, у вігілію Божага Нараджэння, і ахрысцілі яго, не прадчуваючы, вядома, што трымаюць на руках генія. У гэты ж касцёл ягоная маці прыбегла праз некалькі гадоў ды ўпала ніцма перад абразом Маці Божай Наваградскай, аддаючы Ёй у апеку свайго сына, які страшна пакалечыўся. Хлопчык ацалеў. І ўжо дарослы, зведаўшы боль і горыч расстання з Радзімаю, Адам Міцкевіч у сваім геніяльным творы «Пан Тадэвуш» з глыбокай сыноўскай удзячнасцю скажа:

О Ты, Заступніца Прачыстая над намі,
Чый цудатворны лік у Чанстахове ў храме,
І ў Вострай Браме свеціцца пры набажэнстве,
І ў Навагрудку замкавым! Як мне ў маленстве
Жыццё вярнула Ты, з’явіўшы цуд нябесны[...]
Так і цяпер вярні Ты нас усіх з выгнання!

Сказаў так і тым самым даў сведчанне сваёй веры не толькі для сваіх сучаснікаў, але і для нашчадкаў.

Цудоўнае гэта адчуванне – быць у такім месцы, маліцца перад тым жа алтаром, перад якім маліўся і ён, а праз шмат гадоў тут кленчылі моцныя духам сёстры назарэтанкі. Моцныя таму, што не пашкадавалі сваіх жыццяў, аддаўшы іх у грозным 1943-м за іншых людзей. 11 смелых сясцёр адважна далі сведчанне Хрыстовай веры, і цяпер, вынесеныя Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ на алтар блаславёных, спачываюць у бакавой капліцы касцёла.

У хвіліны чування перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам так добра ўсведамляць гэтую повязь часоў. Дзяўчаты і хлопцы моляцца, ціха спяваюць, некаторыя ачышчаюць свае душы ў сакрамэнце споведзі...

А назаўтра ўранні пасля смачнага снядання, прыгатаванага сёстрамі назарэтанкамі, мы зноў ідзем у касцёл, молімся, удзельнічаем у Святой Імшы, слухаем аповед адной сястры пра гісторыю касцёла і пра трагічную прыгожую ахвяру, складзеную сёстрамі назарэтанкамі. Потым едзем на месца расстрэлу сясцёр: стаім у ціхім лесе каля мемарыяльнага крыжа, маўчым, молімся, запальваем знічы...

Вось і адказ на пытанне пра сведчанне веры Хрыстовай. Трэба проста заўсёды заставацца верным Богу. У самых розных жыццёвых сітуацыях. Простых і няпростых. Прыемных і не вельмі. Звыклых і выключных. Калі падаем руку сябру і калі сустракаемся з тым, хто зрабіў нам прыкрасць. Калі стаім перад выбарам: узяць у рукі і пачытаць духоўную кнігу, каталіцкі часопіс альбо яркую прадукцыю сумніўнага зместу. Калі нам хочацца размаўляць з Богам і калі штосьці нібы адцягвае нас ад тае размовы. Гэтых «калі» вельмі шмат. Важна заўсёды рабіць выбар на карысць нашай хрысціянскай веры. Пра ўсё гэта думалася халаднаватым лістападаўскім днём, блукаючы разам з моладдзю па старажытным Наваградку.

Быць у Наваградку і не наведаць музей Адама Міцкевіча, вядома ж, немагчыма. І мы ідзем туды, слухаем змястоўны аповед экскурсавода, разглядваем цікавыя экспанаты. Ружанец Марылі Верашчакі, падораны любаму Адаму, таксама выразна гаворыць нам пра сведчанне веры абоіх закаханых.

А потым – Наваградскі замак. Не паварочваецца язык казаць пра яго руіны, таму гаворым пра старажытны замак, слыннага князя Міндоўга і яго сыноў, пра смелых князёў Вялікага Княства Літоўскага і прыгожую, слаўную мінуўшчыну нашай зямлі. Як своеасаблівы нам падарунак – сустрэча з мясцовым рыцарскім клубам, удзельнікі якога прыйшлі адпрацоўваць тэхніку рыцарскага бою сюды, у замак. Андрэй Емельянчык, якому больш даспадобы называць сябе Войшалкам, у прыгожым княжацкім адзенні распавядаў нам і пра Міндоўга, і пра яго сына Войшалка, і пра тое, што вада з крыніцы пры замку найчысцейшая ва ўсёй ваколіцы.

Усё гэта хочацца запамятаць ды прыгадаць калісьці, ну хоць бы і тады, калі давядзецца рабіць чарговы выбар у нашым штодзённым жыцці. На карысць каго і чаго мы яго зробім – залежыць ад нас саміх.

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара