Людміла Ярмолава і Сяргей Сіпайла, сужэнская пара з Віцебска, жывуць у шлюбе амаль дзевятнаццаць гадоў. Гадуюць траіх дзяцей, бяруць самы актыўны ўдзел у рэлігійным жыцці роднай парафіі Святога Духа і ўсёй дыяцэзіі. Абодва – урачы, працуюць у абласной клінічнай бальніцы. Ён – анестэзіёлаг, яна – урач-ардынатар рэўматалагічнага аддзялення. Фармальнаю падставаю для інтэрв’ю з імі стала маё наведанне рабочага кабінета Людмілы, дзе міжволі кінуўся ў вочы алтарык з абразамі Езуса Міласэрнага і Маці Божай Казанскай, партрэтам Яна Паўла ІІ. Там жа, у бальніцы, і пачалася гутарка, якая прадоўжылася ў кватэры, а пазней – падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да 5-гадовага юбілею Віцебскай дыяцэзіі, калі Людміла Ярмолава і Сяргей Сіпайла разам з дзецьмі выступілі не толькі як удзельнікі свята, але і як арганізатары.

— Спадарыня Людміла, алтарык на працоўным месцы не выклікае негатыўных эмоцый з боку калег?

— Ужо не. Насцярожанасць была напачатку, а цяпер усё добра. У такой далікатнай справе, як сведчанне веры, важна, наколькі ты сам паслядоўны і прынцыповы ў сваіх перакананнях. Не скажу, што было лёгка , але, як бачыце, праблем няма. Больш за тое, калі прыходзіць ксёндз, каб тут, у ардынатарскай (іншага месца не знайшлося), удзяліць Камунію хворым католікам, якія трапляюць да нас на лячэнне з усёй вобласці, і гэта ўспрымаецца дактарамі аддзялення з разуменнем.

— Вы абое паходзіце з каталіцкіх сем’яў?

Сяргей:
— Толькі я і то — напалову. Усе мае сваякі па бацькоўскай лініі — католікі, па матчынай — праваслаўныя. Між іншым, апошнія і не вернікі нават, хутчэй, атэісты.

— І ці даўно вы ў каталіцтве?

Людміла:
— Сакрамэнт хросту мы атрымалі 20 верасня 1992 года. Гэтай найважнейшай у нашым жыцці падзеі папярэднічалі вельмі няпростыя пошукі. Пачалося ж усё пасля інстытута, калі раптам мы адчулі, што нібыта ўсё маем, але нечага быццам не хапае. Інтэнсіўныя заняткі медыцынаю, кар’ера, сям’я — усё гэта добра, а вось як і чым запоўніць вакуум духоўны, згадзіцеся, праблема не з простых. Наш сумесны шлях да Бога пачынаўся, як і ў многіх людзей, з выпадковых наведанняў святыняў, прычым часам далёка ад Віцебска — у Пскове, Ноўгарадзе, Маскве. Шукаючы сваё, мы чыталі шмат літаратуры па гісторыі рэлігіяў свету. Напэўна, пакутлівасць тых пошукаў была дадзеная нам дзеля выпрабавання волі... Станаўленне чалавека як хрысціяніна — гэта ў пэўным сэнсе ўзыходжанне, і адолець яго перашкоды дадзена, на жаль, не кожнаму. Нашы пошукі ўскладняліся тым, што большасць нашых сваякоў, як ужо сказаў Сяргей, — атэісты. У 1992 годзе мы прыйшлі ў віцебскі касцёл святой Барбары, які тады толькі-толькі рэстаўраваўся, і папрасілі пробашча Януша Скэнчака нас ахрысціць. «Добра», — сказаў ён і вынес з закрыстыі стос кніжак. І праз паўгода ахрысціў нас, а разам з намі і нашу трохгадовую дачку Ядзю.

— Вы як медыкі, безумоўна, ведаеце пра чалавека і яго псіхіку ды фізіялогію нашмат больш за іншых людзей. Ці можа такое веданне стаць прычынаю сумневу на шляху да сапраўднае веры?

Сяргей:
— Не часта, але даводзіцца чуць ад калег: урач, а спадзяешся на нейкую найвышэйшую сілу. Я працую ў няпростым аддзяленні і бачу шмат людзей на мяжы жыцця і смерці. Безумоўна, лекар павінен верыць у поспех справы, якую робіць, але колькі здараецца выпадкаў, калі няма больш на каго і на што спадзявацца, апроч Бога. І наадварот, колькі такіх сітуацый, здавалася б, зусім безвыходных, а чалавек ацаляецца! Я асабіста ў крытычныя хвіліны малюся за хворых. Так, сучасная навука шмат ведае пра чалавека, але ці можна сцвярджаць, што ведае ўсё?

Людміла:
— У вестыбюлі нашай бальніцы маецца праваслаўная капліца, дзе святар ладзіць для хворых Імшу. Усе ведаюць, што мы з ім сябруем, таму, калі трэба падтрымаць асабліва цяжкага хворага, некаторыя ўрачы просяць мяне прывесці святара ў палату. Асабіста мне вера шмат у чым дапамагае па-іншаму зірнуць на справу, якую раблю, і, даруйце за нясціпласць, стаць больш дужай, моцнай духам. На пачатку свайго працоўнага шляху, яшчэ да прыходу ў касцёл, я працавала ў кабінеце медыцынскай генетыкі, дзе сутыкалася з вельмі няпростымі праблемамі, звязанымі з абортам. Жанчына нарадзіла дзіця-калеку і, зацяжарыўшы другі раз, прыйшла па даведку, якая б дазволіла афіцыйна перарваць гэтую другую цяжарнасць. Або хтосьці нараджае, а потым адмаўляецца ад дзіцяці, у якога зусім нязначныя адхіленні ад нормы. Усё гэта было так цяжка бачыць, што я, не падрыхтаваная да такіх фактаў маральна, пайшла з генетыкі. А вось цяпер не пайшла б, змагалася б да апошняга, бо ведаю, што жыццё чалавеку і надзею на яго годны працяг дае Пан Бог, і толькі Ён можа вырашаць нешта за нас.

— Напэўна, і сённяшняя ваша праца не пазбаўленая перыпетыяў змагання за чалавека?

Людміла:
— Безумоўна. Вось прыклад. Зусім маладая дзяўчына ў вельмі цяжкім стане, цалкам пазбаўленая магчымасці рухацца, просіць аб эўтаназіі. Прыехала камісія, паглядзела — стан нібыта і не такі ўжо безнадзейны. Клічуць мяне: ідзі, маўляў, псіхолаг, угаворвай... Пайшлі ўдваіх з бацюшкам Георгіем. Бачым, каша ў галаве ў чалавека. Пачалі даводзіць, як трэба ставіцца да пакуты, да лёсу, да самога жыцця ўрэшце. Дапамагло. Сёння Аня жыве нармальным жыццём, займаецца кампутарам, разводзіць кветкі.

— Як вы наогул ставіцеся да эўтаназіі?

Сяргей:
— Як чалавек, як католік, як урач — я супраць, бо гэта забойства. Мне не зразумела, як некаторыя краіны з устойлівымі каталіцкімі традыцыямі яе дазваляюць.

— У вас трое дзяцей — нямала па сённяшнім часе. Як ідуць справы на выхаваўчай дзялянцы?

Людміла:
— Няпростае пытанне. Асабліва калі ўлічыць нашыя пастаянныя начныя дзяжурствы і хранічную стомленасць. Пагадзіцеся, нялёгка чуць ад уласнага дзіцяці: «Мама, ты любіш сваіх хворых больш, чым нас!» А хочацца ж даць малым максімум і цеплыні, і ўвагі... Стараемся выхоўваць асабістым прыкладам. Разам молімся па вечарах, чытаем ружанец, урыўкі са Святога Пісьма. Важным складнікам рэлігійнага выхавання ў нашай сям’і з’яўляюцца вандроўкі. Замаўляем аўто ў сяброў, бярэм намёты і выпраўляемся з дзецьмі куды-небудзь у аддаленую парафію, дзе ёсць касцёл. Жывем там колькі дзён, молімся разам з парафіянамі, аглядаем святыню. Пабывалі ў Пагошчы, Опсе, Відзах, Браславе, Мёрах. Такім чынам выхоўваем не толькі рэлігійнасць, але — праз візуальнае ўспрыманне яе матэрыяльнага выяўлення — павагу да сваіх каранёў, вытокаў, што таксама лічым вельмі важным. Пасля такіх вандровак абавязкова прапаноўваем дзецям выказаць свае ўражанні словам ці малюнкам. Усе трое — і старэйшая Ядзя, і меншыя Богусь і Барбара ( яны ў нас блізняты) — робяць гэта вельмі ахвотна. Сёлета Ядзя з бацькам хадзіла ў Будслаў, марым усе разам туды схадзіць

— Вы імкнецеся выхоўваць дзяцей на прынцыпах высокай духоўнасці, хрысціянскай маралі. Але сённяшні свет такі жорсткі, што часам здаецца, быццам яны, гэтыя прынцыпы, мала каму патрэбныя. Вы не баіцеся, што такое выхаванне зробіць вашых дзяцей няздольнымі супрацьстаяць усяму негатыўнаму, з чым ім, магчыма, давядзецца сутыкнуцца ў жыцці?

Сяргей:
— Свет — не тое месца, дзе заўсёды ўсім камфортна і добра. Дык чаму нам, хрысціянам, павінна быць у ім лягчэй, чым іншым? І хіба ўсведамленне таго, што ты не чыніш іншым людзям зла, — ужо не ёсць шчасце? Хіба злы, не абцяжараны духоўнасцю чалавек, — шчаслівы? За дзяцей заўжды боязна, але гэта, мне здаецца, не можа быць падставаю спавядаць нейкі іншы, чым наш з Людмілаю, падыход да выхавання.

— Вы сказалі — выхаванне праз асабісты прыклад. Можна крыху падрабязней пра гэта?

Людміла:
— У кожнай сям’і, напэўна, здараюцца нейкія непаразуменні. Наша маленькая супольнасць — не выключэнне. Часам мы, дарослыя, незаўважна крыўдзім адно аднаго, але стараемся як найхутчэй адпусціцца. Прытрымліваемся такой завядзёнкі: не класціся спаць з крыўдаю ці злосцю ў сэрцы. Дзеці бачаць гэткае імкненне дарослых да згоды і робяць адпаведныя высновы. Спадзяемся, у будучыні, калі яны займеюць уласныя сем’і, наш досвед ім прыдасца.

— Нягледзячы на вялікую занятасць, вы абое шмат робіце ў сведчанні веры...

Людміла:
— Гэта звыклая для нас справа. Мы жывем так, што вера і будзённае жыццё для нас — адзінае і непадзельнае цэлае. Калі можам штосьці зрабіць — робім. Тут, у бальніцы, у школе, дзе вучыцца Ядзя. Ужо колькі гадоў запар праводзім гарадскія святы-конкурсы дзіцячай творчасці «Езус заўсёды з намі», арганізоўваем выставы — свае і іншых мастакоў-католікаў.

— Вам пашчасціла прысутнічаць у Ватыкане падчас беатыфікацыі Маці Тэрэзы з Калькуты. Якія ўражанні прывезлі з той пілігрымкі?

Сяргей:
— Іх шмат, але галоўнае — адчуванне прыналежнасці да сусветнай каталіцкай супольнасці, да якой мы далучыліся ў выніку доўгіх пошукаў.

— Дзякую вам за шчырую гутарку!

Францішак Дубраўскі.
Фота з сямейнага альбома Сіпайлаў-Ярмолавых