Першы дзень – 16 снежня
О Дзіцятка Езус, вось я стаю каля Цябе, звяртаюся да Цябе, прысутнага ва ўсім. Вельмі чакаю Тваёй дапамогі. Глянь на мяне з любоўю і прыйдзі, няхай мяне захавае Твая Усемагутнасць.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Другі дзень – 17 снежня
О Езу, водбліск Айца, Тваё Аблічча выпраменьвае вечнае святло. Ушаноўваю Цябе і прызнаю, што Ты – Сын Бога жывога. Ахвярую Табе, Пане, усё маё жыццё. Ты для мяне ўсё, таму прашу, не дазволь мне ніколі аддаліцца ад Цябе.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Трэці дзень – 18 снежня
О Божае Дзіцятка Езус, Ты чыніш так, што я веру Табе бязмежна, углядаючыся ў Тваё Аблічча, якое ззяе ўсмешкаю чуласці. На Тваю любоў я ўскладаю ўсю сваю надзею. О Езу, глянь на мяне і на маіх блізкіх і адары нас сваёю ласкаю, а мы будзем на вякі праслаўляць Тваю бясконцую міласэрнасць.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Чацвёрты дзень – 19 снежня
О Езу, Тваю галаву ўпрыгожвае карона, і я прызнаю ў Табе майго Боскага Валадара. Не хачу больш прабываць у граху, паддавацца сваім дрэнным звычкам. Пануй у маім сэрцы, Езу, і валодай ім вечна.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Пяты дзень – 20 снежня
Углядаюся ў Цябе, о мой найдаражэйшы Збаўца, ахінуты пурпурнаю шатаю. Гэта – Твая Найсвяцейшая кроў. Тая самая, якую Ты праліў за мяне. Учыні, о Дзіцятка Езус, каб я заўсёды быў прасякнуты Тваёю Ахвяраю і не адмаўляўся ад цярпення з Табою і для Цябе.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Шосты дзень – 21 снежня
О Дзіцятка Езус, маё сэрца напаўняе спакой і радасць, калі я бачу Тваю ручку, якая падтрымлівае ўвесь свет. Клапоцячыся пра ўсе стварэнні, Ты і мяне таксама падтрымліваеш у кожную хвіліну жыцця. Бароніш мяне, як сваё ўласнае дабро. Дбай пра мяне, Езу, і прыйдзі мне на дапамогу ва ўсіх цяжкасцях.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Сёмы дзень – 22 снежня
У Тваім Сэрцы, о Дзіцятка Езус, ззяе Крыж – знак майго збаўлення. О Боскі Збаўца, я таксама нясу крыж, які мяне прыгнятае. Езу, Ты лепш ведаеш мае слабасці, таму прашу, дапамажы мне годна несці сваё ярмо. Езу, прашу Цябе, дапамажы мне.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Восьмы дзень – 23 снежня
О Езу, калі я бачу Тваё малое сэрца на крыжы, у душы маёй узнікае вобраз Тваёй бязмежнай чуласці да нас. Ты – сапраўдны Сябра, бо велікадушна ідзеш на смерць за тых, каго любіш. Дапамажы мне па-новаму прыняць і зразумець праўду аб Тваёй любові і навучы мяне годна адказваць на Твой дар.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...

Дзевяты дзень – 24 снежня
О мой Маленькі Валадар, колькі ж благаславення сышло з Тваёй рукі на ўсіх, хто Цябе ўшаноўвае, і колькі ж ласкаў атрымалі тыя, хто з даверам аб іх прасіў.
Просім Цябе, Пане, благаслаўляй нас у штодзённым жыцці, падтрымлівай у нашай працы і дазволь нам праслаўляць Тваё святое імя навекі.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...