Сінод пра Эўхарыстыю

16 лістапада Ян Павел ІІ сустрэўся з членамі Рады генеральнага сакратарыята Сіноду. Святы Айцец нагадаў, што бліжэйшы, адзіннаццаты звычайны сход Сіноду будзе прысвечаны Эўхарыстыі, якая з’яўляецца крыніцай і вяршыняй жыцця і місіі Касцёла. Папа падкрэсліў, што падрыхтоўка да гэтай падзеі супадае з годам Эўхарыстыі. Святы Айцец пажадаў, «каб Касцёл, адноўлены ў адкрыцці нанава дару і таямніцы Эўхарыстыі, мог распаўсюдзіць гэтае багацце жыцця на блізкіх і далёкіх у справе новай евангелізацыі, якая не церпіць адкладу».

Радавацца таму, што магчыма

«Замест таго, каб скардзіцца на тое, што пакуль немагчыма, мы павінны быць удзячныя і радавацца таму, што ўжо існуе і з’яўляецца магчымым», — сказаў Ян Павел ІІ у казанні падчас урачыстых нешпараў з нагоды 40-й гадавіны абвяшчэння саборнага дэкрэта аб экуменізме «Unitatis redintegratio».

У набажэнстве прынялі ўдзел члены міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася ў мясцовасці Рокка дзі Папа каля Рыма. У сустрэчы, арганізаванай Папскай радай падтрымкі еднасці хрысціянаў, удзельнічалі каля 300 чалавек — прадстаўнікі больш за 100 нацянальных канферэнцый біскупаў з усіх кантынентаў, а таксама прадстаўнікі іншых Касцёлаў і хрысціянскіх веравызнанняў.

Падчас нешпараў Ян Павел ІІ падкрэсліў, што рэалізацыя дэкрэта аб экуменізме з’яўляецца адным з прыярытэтаў яго пантыфікату і нагадаў, што пошукі адзінства — гэта перадусім «прыпаданне да малітвы Езуса».

«ІІ Ватыканскі Сабор (...), які Дух Святы накіроўваў і асвячаў, паказаў у новым святле сапраўдны і глыбокі сэнс еднасці і каталіцкасці Касцёла», — сказаў Святы Айцец.

Кніга Папы ў «Знаку»

Новая кніга Яна Паўла ІІ «Памяць і ідэнтычнасць» з’явіцца ў польскім выдавецтве «Знак», — паінфармаваў Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва (КАІ) старшыня Грамадскага выдавецкага інстытута «Знак» Генрык Вазьнякоўскі. Міжнародная прэм’ера гэтай кнігі адбудзецца вясной 2005 г.

Экуменічная ініцыятыва

У Расіі, пры падтрымцы Маскоўскага Патрыярхату і Ватыкана, будзе створаны гістарычна-дакументальны фільм пра першыя стагоддзі хрысціянства. Кіраўнік касцёльна-навуковага асяродку «Праваслаўная энцыклапедыя» Сяргей Кравец паведаміў, што здымкі серыяла ў пяці частках (папярэдняя назва — «Пілігрымка ў Вечны горад») распачнуцца ў канцы лістапада г. г.

Сяргей Кравец узначальвае групу сцэнарыстаў і гісторыкаў, а асяродак, якім ён кіруе, з’яўляецца галоўным прадзюсерам фільма пры супрацоўніцтве з ІІ каналам расійскага тэлебачання і федэральнага агенцтва па справах культуры і кінематографа. Сяргей Кравец паведаміў, што здымкі фільма будуць праходзіць у Рыме і Ерузалеме. Аператары стужкі будуць мець доступ ва ўсе катакомбы і найбольш старажытныя хрысціянскія помнікі з першых стагоддзяў існавання Касцёла.

Адна з серый фільма апавядае пра гісторыю жыцця апосталаў Пятра і Паўла, а таксама мучанікаў за веру і святых рымлянак.