У суботу 27 лістапада ў базыліцы святога Пятра адбылася цырымонія перадачы Праваслаўнай Царкве рэліквіяў святых Яна Залатавуснага і Грыгорыя Назіянскага (Багаслова). Экуменічная цэлебрацыя распачалася працэсіяй з дзвюма алебастравымі урнамі, у якія былі ўкладзеныя крыштальныя рэліквіярыі з часткай святых рэліквіяў. Пасля чытанняў са Святога Пісання і твораў абодвух айцоў, прыклаўшыся да рэліквіяў, Папа перадаў іх Яго Святасці Барталамею, Сусветнаму Патрыярху.

Па просьбе Патрыярха Барталамея І Ян Павел ІІ вырашыў вярнуць частку рэліквіяў абодвух святых у Канстанцінопаль. Адкрыццё саркафагаў з бочных алтароў базылікі святога Пятра адбылося ў жніўні гэтага года.

У канцы экуменічнага набажэнства быў прачытаны ліст Святога Айца Яна Паўла II да Барталамея І, Сусветнага Патрыярха. «У перанясенні такіх святых рэліквіяў мы бачым шчаслівую нагоду да ачышчэння нашай зраненай памяці, узмацнення на нашым шляху да прымірэння, пацвярджэння таго, што вера гэтых нашых святых дактароў – гэта вера Касцёлаў Усходу і Захаду», – гаворыцца ў лісце.

У адказ Барталамей І выступіў з падзячнай прамовай на адрас Папы, параўноўваючы яго жэст з чынам Базыля Вялікага, які некалі вярнуў святыя астанкі Дзяніса, біскупа Медыяланскага, памерлага ў выгнанні, святому Амброзію, яго наступніку. «Сёння здзяйсняецца святы чын, які выпраўляе анамалію і царкоўную крыўду. Гэты брацкі жэст Касцёла старога Рыма пацвярджае, што ў Хрыстовай Царкве няма невырашальных праблемаў, калі любоў, справядлівасць і мір сустракаюцца ў святым служэнні прымірэння і паяднання», – адзначыў Патрыярх.

Перадача рэліквіяў вялікіх святых хрысціянскага Усходу Царкве-сястры, у якой яны былі светачамі і пастырамі духоўнага статку, з’яўляецца знакам жадання ісці разам у кірунку дасягнення будучай поўнай і бачнай еднасці, каб свет паверыў у Хрыста, нашага адзінага Збаўцу.

С. Стасевіч.
Фота А. Баварды

Святы Ян Хрызастом (Залатавусны), Патрыярх Канстанцінопальскі і доктар Касцёла, памёр у выгнанні 14 верасня 407 г. і быў пахаваны ў Команах Понцкіх (сёння – тэрыторыя Турцыі). Першае перанясенне рэліквіяў святога ў сталіцу імперыі адбылося ў 438 годзе. Пазней, верагодна, у часы крыжацкага валадарства ў Канстанцінопалі (1204–1258 гг.), рэліквіі былі перавезеныя ў Рым, у старажытную Ватыканскую базыліку.

Святы Грыгорый, Патрыярх Канстанцінопальскі, называны ўсходнімі хрысціянамі «Багасловам», памёр каля 390 г. і быў пахаваны на сваёй Радзіме, каля Назіянзу ў Кападокіі, дзе праводзіў у сузіранні апошнія гады свайго жыцця. Ягоныя рэліквіі з часам былі перанесеныя ў Канстанцінопаль. Згодна з паданнем, нейкія візантыйскія манахіні з манастыра святой Анастасіі ў Канстанцінопалі, уцякаючы ад пераследу ў часы іконаборства (717–775 гг.), знайшлі прытулак у Рыме і прывезлі з сабой рэліквіі святога Грыгорыя Назіянскага. Святое цела спачывала ў рымскім кляштары Святой Марыі на Кампа Марцыё да 1580 году, калі па жаданні Папы Рыгора ХІІІ адбылося ўрачыстае перанясенне рэліквіяў у новапабудаваную базыліку святога Пятра.