21 лістапада ў Спліце (Харватыя) адбылася біскупская кансэкрацыя Марціна Відавіча, новапрызначанага Апостальскага нунцыя (дыпламатычнага прадстаўніка Ватыкана) у Беларусі. Монсіньёр Марцін Відавіч, узведзены ў сан арцыбіскупа, атрымаў пасвячэнне падчас Святой Імшы ў катэдры святога Пятра з рук кардынала Анджэло Садано, Дзяржаўнага сакратара, пры ўдзеле кардынала Вінко Пульжыча і арцыбіскупа Марына Барышыча.

Звяртаючыся да новага нунцыя, кардынал Садано так сказаў пра краіну яго будучай місіі: «Знойдзеш там Касцёл, які шмат выцерпеў за часы камуністычнага пераследу, але цяпер, дзякуй Богу, адраджаецца да новага жыцця пад кіраўніцтвам шаноўнага кардынала Казіміра Свёнтка, арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага і іншых годных пахвалы пастыраў (...) На гэтай зямлі на дзесяць мільёнаў жыхароў прыпадае звыш мільёна католікаў, якія ўтвараюць малады і шчыры Касцёл, адкрыты ў бок праваслаўных братоў і ўсіх людзей добрай волі».

Ад імя беларускіх католікаў арцыбіскупа прывітаў Яго Эксцэленцыя біскуп Антоні Дзям’янка. «Ваша Эксцэленцыя, – сказаў ён, – чакаем Вас як прадстаўніка Святога Айца, які ніколі нас не пакідаў і які ёсць нашай скалой, нашым святлом. Мы былі і заўжды будзем з Пятром!»

С. Стасевіч

Гл. таксама
«Апостальскі нунцый — біскуп і дыпламат» (№3/118 2005)