II НЯДЗЕЛЯ ПАСЛЯ НАРАДЖЭННЯ ПАНА — 02.01.2005 г.
Чытанні: Сір 24, 1-2.8-12; Пс 147; Эф 1, 3-6.15-18.
Евангелле (Ян 1, 1-18):

Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога спрадвеку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло. Было Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было, і свет не пазнаў Яго. Прыйшло да свайго, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто ні ад крыві, ні ад жадання цела, ні ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся. Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку за ласку. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён абвясціў.

Ялінка — заўсёдная спадарожніца калядных святаў — з’яўляецца сімвалам райскага дрэва жыцця, што расце пасярэдзіне раю (гл. Быц 2, 9), у які Хрыстус ізноў адчыніў нам дзверы; зелень дрэўца сімвалізуе надзею на Неба, свечы — святло Хрыста; ёлачныя ўпрыгожанні — дары і ласкі, што мы атрымліваем як дзеці Божыя. Бог учыніў нас сваімі дзецьмі, але мы ніколі не зможам да канца зразумець гэтага вялікага дару. Не можам зразумець, але затое можам гэтае богасыноўства прыняць. Падчас Божага Нараджэння мы глядзім на Дзіцятка Езуса ў ясельках і маем цудоўную магчымасць падзякаваць Яму за тое, што Ён прынёс нам гэты неацэнны дар Божага сыноўства і навучыў нас называць Бога Айцом.

Евангеліст Ян адкрывае нам таямніцу Уцелаўлення не проста праз храналагічнае апісанне падзеяў ці апавяданне пра іх. Урывак Евангелля, які чытаецца сёння, — гэта «Пралог», у якім святы Ян, выкарыстоўваючы ўжо існуючы ў той час хрысталагічны гімн, праводзіць разважанне над тым, як таямніца Уцелаўлення вынікае з усёй гісторыі збаўлення, паказанай у Бібліі.

Глебай, на якой узнік пралог, з’яўляецца біблійнае асяроддзе ў паяднанні з грэцкім філасофскім асяроддзем, дзе Слова-Logos лічылася творчай і ўпарадкавальнай падставай сусвету. Logos — гэта крыніца Божага аб’яўлення, і само стварэнне адбываецца з яго пасрэдніцтвам. Усё гэтае Ян прыпісвае Езусу. Ён аб’яўляе Бога Айца, а таксама стварэнне было здзейснена праз Яго. Хрыстус — творчае Божае Слова.

Далей святы Ян разважае пра дзеянне Бога ў гісторыі Ізраэля і Яго аб’яўленне сябе як Мудрасці. Гэта адна з постацяў Яго аб’яўлення, якую, акрамя іншых, ён нам паказвае. Слова, Закон, Мудрасць і Слова-Logos існуюць ад пачатку і з’яўляюцца ўдзельнікамі Божай справы стварэння. Разам з тым, Мудрасць «створана» і «выказана» Богам, а Слова-Logos само з’яўляецца Богам.

Пасля гэтага евангеліст паказвае праўду Ўцелаўлення Хрыста. «Пасяліцца сярод нас» азначае, што Бог прысутнічаў сярод свайго народа падчас яго вандравання праз пустыню.

Сапраўднае Уцелаўленне, а менавіта прыйсце да людзей Хрыста ў целе (цела азначае форму існавання чалавека з ягонай слабасцю і крохкасцю) святы Ян лучыць з пастаянным супраціўленнем свету ў адносінах да гэтай Таямніцы. Вобраз «цемры», сімвал непрымання, а таксама граху і смерці заўсёды прысутнічае ў гісторыі чалавецтва, паколькі Хрыста ўсё яшчэ не хочуць прыняць. Толькі калі хоць часцінка святла трапіць у сэрца чалавека, «святло» можа перамагчы «цемру».

Час радасці з нагоды Божага Нараджэння працягваецца. Няхай ён таксама стане часам, калі людзі будуць вучыцца выбіраць «Святло», якім з’яўляецца Хрыстус, і не прымаць «цемру», якой з’яўляецца грэх.

 
НЯДЗЕЛЯ ХРОСТУ ПАНА — 09.01.2005 г.
Чытанні: Iс 42, 1-4.6-7; Пс 29 (28); Дз 10, 34-38.
Евангелле (Mц 3, 13-17):

Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян жа устрымліваў Яго, кажучы: Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне? Сказаў яму Езус у адказ: Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва. Тады Ян саступіў Яму. Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.

У першым чытанні сённяшняй урачыстасці ідзе гаворка пра місію, якую Бог даручае Слузе ў адносінах да Яго народа. Кульмінацыяй гэтай місіі з’яўляецца прынясенне свайго бязвіннага жыцця ў ахвяру адкуплення ад грахоў. «Песні Слугі Пана» з кнігі прарока Ісаі евангелісты лічылі правобразам розных момантаў жыцця і пасланніцтва Езуса (апісанне мукі — вобраз церпячага Слугі, які ахвяруе сябе самога за збаўленне чалавецтва). Аднак толькі святы Мацвей найлепш спасціг значэнне згаданых тэкстаў і даў ім хрысталагічную інтэрпрэтацыю.

Пішучы Евангелле, першымі чытачамі якога павінны былі стаць выхадцы з жыдоўскага асяроддзя, святы Мацвей мэтанакіравана паказвае ў Езусе выкананне прароцтваў, якія знаходзяцца ў «Песнях», а ў пасланніцтве Езуса Хрыста бачыць поўнае здзяйсненне місіі, даручанай Слузе. Таксама і ў апісанні хросту Езуса святы Мацвей чэрпае натхненне з гэтых важных тэкстаў прарока Ісаі. Пра гэта сведчаць выразы «справядлівасць» (так належыць нам выканаць усё, што справядліва), «паслухмянасць Сына» («Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў»).

Справядлівасць — гэта Божая воля і Ягоны план збаўлення. Чалавек павінен усім сэрцам прыняць гэтую волю і гэты план, беручы прыклад са Слугі. Езус прыняў і найлепшым чынам рэалізаваў волю Бога і Яго план адносна чалавецтва. Паслухмянасць Слугі Сына павінна быць уласцівая кожнаму ахрышчанаму.

Хрост, удзелены святым Янам Хрысціцелем, быў абрадам ачышчэння, адкрытым для ўсіх без аніякага адрознення. Гэта не быў абрад, які можна было паўтараць, — яго можна было здзейсніць толькі аднойчы. Гэта было прызнанне сваёй грахоўнасці тым, хто прымаў хрост. Таму становіцца зразумелым непаразуменне і замяшанне Яна Хрысціцеля перад Езусам, які жадае прыняць хрост ачышчэння, хоць не мае ні грахоў, ні правінаў. Акунанне ў ваду азначала смерць і пахаванне ўсяго злога і грахоўнага. Выйсце з вады было знакам новага існавання, падтрыманага Божым словам і і ласкаю навяртання.

Праз прыняты намі калісьці хрост, які не можа быць паўтораны, мы ўвайшлі ў супольнасць Касцёла. Няхай усведамленне гэтага дапаможа нам захоўваць праведнасць і быць заўсёды паслухмянымі Найсвяцейшай Тройцы, у імя якой мы былі ахрышчаныя. Дык будзем жа ўдзячныя Хрысту за тых, хто прывёў нас да гэтага сакрамэнту і ўдзяліў нам яго.

 
ІІ ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ — 16.01.2005 г.
Чытанні: Iс 49, 3.5-6; Пс 40 (39); 1 Kар 1, 1-3.
Евангелле(Ян 1, 29-34):

На наступны дзень Ян убачыў Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грахі свету. Гэта той, пра якога я казаў: Пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю. І сведчыў Ян, кажучы: Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым. І я бачыў і засведчыў, што Ён — Сын Божы.

Калі ў папярэднюю нядзелю мы разважалі над апісаннем хросту Пана паводле святога Мацвея, то ў сённяшнім Евангеллі пра тую самую падзею апавядае нам святы Ян. Гэты евангеліст вуснамі Яна Хрысціцеля гаворыць пра Хрыста, Ягнё Божае і Слугу Ягвэ, што ён раней «не ведаў Яго». Аднак цяпер указвае на Яго, паказвае Яго іншым. Значыць, ён павінен быў перад гэтым прысвяціць шмат часу пазнанню Езуса, павінен быў супаставіць прадказанні Старога Запавету, што датычылі Настаўніка з Назарэту, павінен быў даведвацца, чаму Ён навучае, як жыве, якія знаменні чыніць, што кажуць пра Яго людзі. Прааналізаваўшы ўсё гэта, прыйшоў да высновы і мог з поўнай упэўненасцю крыкнуць: «Вось Ягнё Божае...».

Грахі, якія Хрыстус прыйшоў узяць на сябе, з’яўляюцца коранем зла ў нашым асабістым жыцці. Яны таксама знішчаюць нашае супольнае жыццё. Такую хворую супольнасць, якой пагражае знішчэнне, паказаў у сённяшнім другім чытанні святы Павел.

Кожны хрысціянін, кожны сведка Хрыста мае заданне Яго адкрываць — пазнаваць Яго і паказваць іншым. Аднак мы не маем права на такую памылку, якую зрабілі карынцяне. У пэўны момант ім пачало здавацца, што яны ўжо ўсё ведаюць, што могуць па-свойму ўладкоўваць сваё жыццё, і тады спатрэбілася ўмяшальніцтва святога Паўла. Апостал піша ліст карынцкаму Касцёлу, які сам заснаваў і які быў яму вельмі блізкім. Горад Карынт у тыя часы быў міжнародным мегаполісам з насельніцтвам больш за мільён чалавек, адным з найбольшых гандлёвых партоў. Ён быў прыстанішчам для людзей з самымі рознымі рэлігійнымі перакананнямі. Раскоша і галеча, гаспадары і нявольнікі, вялікія навукоўцы і просты люд былі ў ім сабраныя разам. У гэтым горадзе можна было знайсці літаральна ўсё.

Хрысціянская супольнасць адлюстроўвала агульнагарадскую сітуацыю: падзелы, сваркі, абвінавачанні, злоўжыванні ў галіне маральнасці, падазроныя сувязі, памылковыя вучэнні і разам з гэтым узнёслыя праявы Божай ласкі, містычныя ўзлёты і маральная багна. Адным словам, хрысціянства, поўнае энтузіязму, радасці і моцы, змешвалася з грахом, падзеннем і падзеламі. Ці не тое самае адбываецца і сёння? c У нашым жыцці таксама можа з’явіцца спакуса ўражання, што мы ведаем пра Езуса шмат і нават усё, што ўжо нішто не стане для нас нечаканасцю, што ў нас ёсць дакладна распрацаваны план дзеянняў і правільна вызначаная пэўная дарога. Аднак гэта шлях усляпую, які вельмі небяспечны. Падчас разважання трэба як найхутчэй прызнацца сабе ў тым, што мы да канца не ведаем Хрыста. Мы павінны будзем яшчэ шмат разоў нанава адкрываць Яго і сябе саміх.

Святы Павел быў вымушаны паўплываць на тых хрысціянаў, якія «былі асвечаныя ў Хрысце Езусе і пакліканыя да святасці разам з усімі», а цяпер жывуць не належным чынам. Нягледзячы на тое, што з тых часоў прайшло ўжо амаль дзве тысячы гадоў, у нашых супольнасцях таксама здараюцца падобныя рэчы. У Мінску, Баранавічах, Магілёве, Віцебску, Паставах, Браславе, Маладзечне ёсць моцныя хрысціяне, поўныя энтузіязму, радасці, але ёсць і прыгнечаныя; ёсць ветрагоны і працаўнікі, абвешаныя медалямі пераможцы і пераможаныя, верныя і спакушаныя, упэўненыя ў сабе і тыя, хто сумняваецца. Аднак усім святы Павел апостал накіроўвае сваё пажаданне: «Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста!»

 
ІІІ ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ — 23.01.2005 г.
Чытанні: Iс 8, 23b - 9,3; Пс 27 (26); 1 Kар 1, 10-13.17.
Евангелле(Mц 4, 12-23):

Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капэрнаўме прыморскім, у межах Забулонавых і Нэфталіевых. Так збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа: Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Ярданам, Галілея язычнікаў, народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі даліны смяротнага ценю заззяла святло. З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім. А калі пайшоў адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Якуба, сына Зэбэдэя, і Яна, брата ягонага, якія ў чаўне з бацькам іхнім Зэбэдэем правілі свае сеткі. І Ён паклікаў іх. Яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім. І хадзіў Езус па ўсёй Галілеі, навучаючы там у сінагогах і абвяшчаючы Евангелле аб Валадарстве, і лячыў Ён усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.

Кожны чалавек, кожны народ, кожная краіна ці супольнасць, калі ставяць перад сабою пэўную мэту, мусяць жыць і дзейнічаць паводле канкрэтнай праграмы, згодна з распрацаваным планам. Такая праграма аблягчае жыццё і дапамагае хутчэй дасягнуць вызначанай мэты, прыносячы чалавеку задавальненне і ведучы яго да шчасця.

У сённяшнім Евангеллі мы бачым Езуса Хрыста, які распачынае сваё публічнае навучанне і абвяшчае сваю жыццёвую праграму, план, маніфест. Ён адназначны і просты: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Хрыстус распачаў сваю дзейнасць у вызначаны час і ў вызначаным месцы, прапануючы канкрэтны жыццёвы план — праграму жыцця сапраўды Божага.

Пра тое, якое ўражанне павінна была выклікаць гэтая дзейнасць і гэтая праграма ў слухачоў, апавядае сённяшняе Евангелле. «Зямля Забулонава і Нефталіева...». У тых канкрэтных умовах распачынае сваю дзейнасць нейкі невядомы Настаўнік, які з надзвычайнай моцай духу, як той, хто мае ўладу, абвяшчае Добрую Навіну пра тое, што ўжо блізка Валадарства Бога. Гэта будзе валадарства справядлівасці, любові і праўды, валадарства жыцця і святасці. Гэтае валадарства ўжо пачалося, яно ўжо сярод нас (пар. Лк 17, 21).

У сваім навучанні Езус Хрыстус закранаў найглыбейшыя чалавечыя жаданні, найбольш запаветныя мары людзей, такія як прага справядлівасці, еднасці, свабоды. Таму асабліва красамоўным становіцца супрацьпастаўленне святла і цемры: «народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі даліны смяротнага ценю заззяла святло».

Езус абвяшчае свой план. Як жа людзі прынялі яго? Што зрабілі яны з гэтай Навінай за дзве тысячы гадоў, што прайшлі з той пары? За гэты час было шмат рэфарматараў, рэвалюцыянераў, правадыроў. Яны краналі чалавечыя сэрцы, абвяшчалі лозунгі аб справядлівасці і вызваленні, абяцалі светлую будучыню. Але ці хоць адзін з іх пачаў сваё кіраванне з закліку да пакаяння, як гэта зрабіў Хрыстус?

Ян Павел ІІ нагадвае хрысціянам: «Не трэба шукаць нейкай новай [праграмы]. Праграма ўжо існуе, яна такая самая, як і заўсёды, і знаходзіцца ў Евангеллі і ў жывой Традыцыі. Яна ў асноўным засяроджана вакол самога Хрыста, якога мы павінны пазнаваць, любіць і наследаваць, каб жыць у Ім трынітарным (з’яднаным з Тройцай — рэд.) жыццём і з Ім перамяняць гісторыю, пакуль яна не дасягне сваёй паўнаты ў нябесным Ерузалеме. Праграма гэтая не змяняецца, нягледзячы на час і культурную эвалюцыю, хоць улічвае эпоху і культуру, каб магчымы быў праўдзівы дыялог і сапраўднае паразуменне. Менавіта гэтая нязменная праграма і з’яўляецца нашай праграмай на трэцяе тысячагоддзе» [NMI 29].

Распачынаючы Тыдзень усеагульнай малітвы за адзінства хрысціянаў, варта ўзгадаць пра гэтыя словы. Да пераадолення падзелаў паміж хрысціянамі ёсць толькі адна дарога: усё больш пазнаваць, любіць і наследаваць Хрыста.

 
ІV ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ — 30.01.2005 г.
Чытанні: Саф 2, 3; 3, 12-13; Пс 146 (145);
1 Kor 1, 26-31.
Евангелле (Mц 5, 1-12a):

Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядліавсць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

Езус распачынае Нагорнае казанне благаслаўленнямі, якія з’яўляюцца сукупнасцю Яго патрабаванняў і вызначаюць характар хрысціянскага жыцця. Шмат разоў мы чулі гэтыя благаслаўленні і шмат хто з нас лічыць іх занадта патрабавальнымі, амаль немагчымымі для выканання. Але ж ці мог Хрыстус прапанаваць штосьці такое, чаго немагчыма было б трымацца ў жыцці?

Благаслаўленні Езуса — гэта не кодэкс забаронных прадпісанняў, а, наадварот, заклік да сапраўднай свабоды. Майсей, спусціўшыся з гары Сінай, абвясціў ізраэльскаму народу заканадаўства, якое давала жыццё. Хрыстус, узыходзячы на Гару Благаслаўленняў, абвясціў вучэнне, якое, як спачатку здаецца, усё пераварочвае з ног на галаву, але калі прыгледзецца больш уважліва, паказвае перспектыву свабоды Божых дзяцей.

Толькі той можа зразумець чалавечае цярпенне, хто сам гэта перажыў. Езус прыняў чалавечае цела і стаў адным з нас. Ён сам нёс крыж пакутаў і шмат разоў спазнаў прыніжэнне. Таму Ён можа сказаць: «Шчаслівыя ўбогія, шчаслівыя засмучаныя, шчаслівая лагодныя...». Гэтыя благаслаўленні — заданне для нас, каб праз нас надзея дасягнула тых, хто яе не мае. Аднак мы не зможам выканаць гэтага задання, калі спачатку самі не ачысцім сваіх сэрцаў і не ўсталюем у іх супакою, калі не будзем справядлівымі і міласэрнымі. Не зможам выканаць яго, калі не вызвалімся ад грэшных схільнасцяў і не напоўнімся любоўю, якой нас адарыў сам Бог. Не зможам змяніць гэты свет і нікога вакол нас, калі самі не зменімся.

Кажуць, што аднойчы нейкі чалавек прыйшоў дадому з працы і ўладкаваўся ў крэсле, каб пачытаць газету. Яго маленькі сын пачаў перашкаджаць яму сваімі пытаннямі. Бацька, каб яго пакінулі ў спакоі, узяў адну са старонак газеты, на якой была надрукавана карта свету, і, разарваўшы яе на некалькі кавалкаў, даў сыну са словамі: «Паспрабуй яе ізноў скласці як належыць». Праз некалькі хвілін хлопчык быў ужо гатовы. «Як табе ўдалося так хутка справіцца?» — здзівіўся бацька. «Вельмі проста. На адваротным баку быў малюнак чалавека. Я склаў яго, і ўвесь свет прыйшоў у парадак».

Каб свет быў у парадку, перш за ўсё чалавек — я сам — павінен быць у парадку. Вядома, гэта нялёгкі шлях, але мы на ім не самотныя. З намі Бог. Ён спадарожнічае нам на ўсіх сцежках нашага жыцця. Праз сваё Слова Ён паказвае нам накірунак, ставіць перад намі канкрэтныя патрабаванні. Выконваючы іх, мы можам быць упэўненыя ў здзяйсненні Божых абяцанняў, якія Ён даў нам у благаслаўленнях. Нас у гэтым запэўнівае сам Хрыстус, кажучы на заканчэнне: «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах».ы

Падрыхтаваў кс. д-р Петр Сялкоўскі